Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Шрифт:
– Мальвiна, - адказаў П'еро, - я даўно ўжо нiчога не ем, я складаю вершы...
Бурацiна затросся ад смеху.
Мальвiна здзiвiлася i зноў шырока расплюшчыла вочы:
– У такiм разе - пачытайце вашы вершыкi.
Прыгожанькай рукой яна падперла шчаку i ўзняла прыгожанькiя вочы да воблака, падобнага на кашэчую галаву.
П'еро пачаў чытаць вершыкi з такiм завываннем, нiбы ён сядзеў на дне глыбокай студнi:
Прапала Мальвiна, нявеста мая...
Праз гэта спакою не ведаю я.
Рыдаю, не знаю - куды
З жыццём, можа, лялечным лепш развiтацца?
Не паспеў П'еро прачытаць, не паспела Мальвiна пахвалiць вершыкi, якiя ёй вельмi спадабалiся, як на пясчанай дарожцы з'явiлася жаба.
Страшэнна вылупiўшы вочы, яна прагаварыла:
– Сёння ноччу чарапаха Тарцiла, якая на старасцi год зусiм страцiла розум, расказала Карабасу Барабасу ўсё пра залаты ключык...
Мальвiна спалохана крыкнула, хоць нiчога не зразумела. П'еро, няўважлiвы, як усе паэты, зрабiў некалькi недарэчных воклiчаў, якiя мы тут не прыводзiм. Затое Бурацiна адразу ўсхапiўся i пачаў пхаць у кiшэнi пячэнне, цукар i цукеркi.
– Уцякайма як мага хутчэй. Калi палiцэйскiя сабакi прывядуць сюды Карабаса Барабаса - мы загiнулi.
Мальвiна збялела, як крыло белага матылька. П'еро, думаючы, што яна памiрае, перакулiў на яе кафейнiк, i прыгожанькую сукенку Мальвiны залiла какава.
З моцным брэхам падскочыў да iх Артамон, - гэта ж яму прыходзiлася мыць Мальвiнiны сукенкi, - схапiў П'еро за каўнер i пачаў трэсцi, пакуль П'еро не прагаварыў, заiкаючыся:
– Хопiць, калi ласка...
Жаба паглядзела на гэтую мiтусню i зноў сказала:
– Карабас Барабас з палiцэйскiмi сабакамi будзе тут праз чвэртку гадзiны...
Мальвiна пабегла пераадзявацца. П'еро ў роспачы ламаў рукi i спрабаваў нават падаць дагары тварам на пясчаную дарожку. Артамон цягнуў клункi з хатнiмi рэчамi. Дзверы грукалi. Вераб'i страшэнна расцiўкалiся на кусце. Ластаўкi праносiлiся над самай зямлёй. Сава для павелiчэння панiкi дзiка зарагатала на вышках.
Адзiн Бурацiна не разгубiўся. Ён узвалiў на Артамона два клункi з самымi неабходнымi рэчамi. На клункi пасадзiў Мальвiну, адзетую ў прыгожанькую дарожную сукенку. П'еро ён загадаў трымацца за сабачы хвост. Сам стаў наперадзе:
– Нiякай панiкi! Уцякайма!
Калi яны, - гэта значыць Бурацiна, што смела крочыў наперадзе сабакi, Мальвiна, якая падскаквала на клунках, i ззаду П'еро, нашпiгаваны замест здаровага сэнсу недарэчнымi вершамi, - калi яны выйшлi з густой травы на гладкае поле, - з лесу высунулася ўскудлачаная барада Карабаса Барабаса. Ён далонню прыкрыў вочы ад сонца i аглядаў наваколле.
Страшэнны бой на ўзлессi
Сiньёр Карабас Барабас трымаў на прывязi двух палiцэйскiх сабак. Убачыўшы на роўным полi ўцекачоў, ён разявiў зубасты рот.
– Ага!
– закрычаў ён i спусцiў сабак.
Раз'юшаныя сабакi спачатку пачалi драць заднiмi лапамi зямлю. Яны нават не гыркалi, яны нават глядзелi ў другi бок, а не
Потым сабакi павольна пайшлi да таго месца, дзе ў жаху спынiлiся Бурацiна, Артамон, П'еро i Мальвiна.
Здавалася, усё загiнула. Карабас Барабас касалапа iшоў следам за палiцэйскiмi сабакамi. Барада яго штохвiлiны вылазiла з кiшэнi курткi i блыталася пад нагамi.
Артамон падкурчыў хвост i злосна гыркаў. Мальвiна трэсла рукамi:
– Баюся, баюся!
П'еро апусцiў рукавы i глядзеў на Мальвiну, упэўнены, што ўсё скончана.
Першы апамятаўся Бурацiна.
– П'еро, - закрычаў ён, - бяры за руку дзяўчынку, бяжыце да возера, дзе лебедзi!.. Артамон, скiдай клункi, здымай гадзiннiк, - будзеш бiцца!..
Мальвiна, ледзь толькi пачула гэтае смелае распараджэнне, саскочыла з Артамона i, падабраўшы сукенку, пабегла да возера. П'еро - за ёю.
Артамон скiнуў клункi, зняў з лапы гадзiннiк i бант з кончыка хваста. Ашчэрыў белыя зубы i скочыў улева, скочыў управа, размiнаючы мускулы, i таксама пачаў з адцяжкай драць заднiмi нагамi зямлю.
Бурацiна ўзлез па смалiстым ствале на верхавiну iтальянскай сасны, што адзiнока стаяла ў полi, i адтуль закрычаў, завыў, запiшчаў на ўсё горла:
– Звяры, птушкi, насякомыя! Нашых б'юць! Ратуйце нi ў чым не вiнаватых драўляных чалавечкаў!..
Палiцэйскiя бульдогi нiбы толькi цяпер убачылi Артамона i разам кiнулiся на яго. Спрытны пудзель выкруцiўся i зубамi хапiў аднаго сабаку за агрызак хваста, другога за сцягно.
Бульдогi нязграбна павярнулiся i зноў кiнулiся на пудзеля. Ён высока падскочыў, прапусцiўшы iх пад сабой, i зноў паспеў абадраць аднаму бок, другому - спiну.
Трэцi раз кiнулiся на яго бульдогi. Тады Артамон, апусцiўшы хвост да травы, памчаўся кругамi па полi, то падпускаючы блiзка палiцэйскiх сабак, то кiдаючыся ўбок перад самым iх носам...
Кiрпатыя бульдогi цяпер па-сапраўднаму раззлавалiся, засаплi, беглi за Артамонам не спяшаючыся, упарта, гатовыя лепш здохнуць, але дабрацца да горла мiтуслiвага пудзеля.
Тым часам Карабас Барабас падышоў да iтальянскай сасны, ухапiўся за ствол i пачаў трэсцi:
– Злазь, злазь!
Бурацiна рукамi, нагамi, зубамi ўчапiўся за галiну. Карабас Барабас затрос дрэва так, што загайдалiся ўсе шышкi на галiнах.
На iтальянскай сасне шышкi - калючыя i цяжкiя, велiчынёй з невялiкую дыню. Стукнуць такой шышкай па галаве - дык ой-ёй!
Бурацiна ледзь трымаўся на галiне, якая гайдалася. Ён бачыў, што Артамон ужо высунуў язык чырвонай анучай i бегае ўсё павальней.
– Аддавай ключык!
– загарланiў Карабас Барабас, разявiўшы ляпу.
Бурацiна папоўз па галiне, дабраўся да здаравеннай шышкi i пачаў перакусваць сцябло, на якiм яна вiсела. Карабас Барабас страсянуў мацней, i цяжкая шышка паляцела ўнiз, - бах!
– проста яму ў зубастую пашчу.