Замежная фантастыка
Шрифт:
— Гэта наш дыназаўр, — сказаў Хоскінс. — Ён тут ужо некалькі месяцаў, і я не ведаю, калі мы зможам расстацца з ім.
— Дыназаўр?
— А вы чакалі ўбачыць гіганта?
Яна ўсміхнулася, і на яе шчоках паявіліся ямачкі.
— Мне здаецца, што некаторыя менавіта так іх сабе і ўяўляюць. Я ведаю, што існавалі дыназаўры і невялікіх памераў.
— Паверце, што мы імкнуліся дастаць менавіта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, відаць, яму далі перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабіць сякія-такія адкрыцці. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёліна. Ён валодае здольнасцю,
— А навошта патрэбна менавіта самка?
У вачах у яго мільганула яўная насмешка.
— У такім выпадку ў нас з'явілася б даволі рэальная мажлівасць атрымаць аплодненыя яйкі, а значыць, і дзяцей дыназаўра.
— Ах, так.
Ён павёў яе да аддзялення трылабітаў.
— Перад вамі прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўніверсітэта, — сказаў Хоскінс. — Ён спецыяліст па ядзернай хіміі. Калі мяне не падводзіць памяць, ён займаецца выяўленнем ізатопнага саставу кіслароднай вады.
— З якою мэтаю?
— Гэта дагістарычная вада. Ва ўсякім выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсі, паўмільярдам гадоў. Ізатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акіяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабіты не цікавяць, іх анатаміраваннем займаюцца другія вучоныя. Ім пашанцавала: ім патрэбны толькі скальпелі і мікраскопы, тым часам як Дуйэну даводзіцца дзеля кожнага доследу ўстанаўліваць складаны мас-спектрограф.
— Але чаму? Хіба ён не можа?..
— Не, не можа. Яму нічога нельга выносіць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль існуе хоць нейкая мажлівасць пазбегнуць гэтага.
Тут былі таксама сабраны ўзоры першабытнай расліннасці і абломкі скал — гэта і былі расліны і мінералы, пра якія раней Хоскінс успамінаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнік. Усё гэта нагадвала музей, які ажыў і стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасці.
— Усё гэта пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам, доктар Хоскінс?
— Ды не, міс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялікі штат супрацоўнікаў. Мяне цікавіць толькі тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхніка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў і таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калі б нам удалося пранікнуць у гістарычную эпоху…
Яго перабіў нейкі шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьці высокі злосны голас. Хоскінс нахмурыўся, на хаду папрасіў прабачэння і паспешліва пайшоў туды.
Шпарка, як толькі магла, міс Фэлоўз амаль бягом кінулася за ім.
— Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмі важную частку маіх доследаў? — крыкліва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.
Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былі вышыты літары «СІ» («Стасіс Інкарпарэйтэд»), сказаў Хоскінсу:
— Прафесар Адэмеўскі з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькі два тыдні.
— Я тады яшчэ не ведаў, колькі часу зоймуць мае доследы, я не прарок! — узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскі.
— Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволі абмежаванай прастораю, — сказаў Хоскінс. — Таму мы
— Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.
— Вы ведаеце, што гэта немажліва.
— Вам шкада аддаць мне кавалак халкапірыту, гэты няшчасны пяцікілаграмовы абломак? Але чаму?
— Нам не па кішэні звязаная з гэтым уцечка інфармацыі, — злосна закрычаў Хоскінс. — І вы гэта вельмі добра ведаеце.
— Справа ў тым, доктар Хоскінс, — перапыніў яго служачы, — што насуперак правілам прафесар спрабаваў вынесці мінерал і ледзь быў не прарваў Стасіс.
На імгненне ўсе змоўклі. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскінс холадна спытаўся:
— Гэта праўда, прафесар?
Адэмеўскі няёмка кашлянуў.
— Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду…
Хоскінс працягнуў руку і рвануў за шнур, які свабодна вісеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькі што гаварылі.
У міс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нічым не прыкметны кавалак каменя, за які ішла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сціснула — у яе на вачах камень імгненна знік. Камера апусцела.
— Мне вельмі шкада, прафесар, — сказаў Хоскінс, — але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасісе анулюецца назаўжды.
— Ды пачакайце.
— Паўтараю, мне вельмі шкада. Вы парушылі адно з нашых сама важных правіл.
— Я падам скаргу ў Міжнародную Асацыяцыю…
— Скардзіцеся каму хочаце. Вы толькі пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, ніхто не прымусіць мяне адступіць.
Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, які ўсё яшчэ пратэставаў, і, яшчэ белы ад гневу, сказаў міс Фэлоўз:
— Вы не адмовіцеся паснедаць са мной?
Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адміністрацыі. Ён павітаўся са знаёмымі за столікамі і спакойна адрэкамендаваў ім міс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. «Што яны падумаюць?» — думка гэтая не давала ёй спакою, і яна з усяе сілы старалася прыняць па магчымасці дзелавы выгляд.
— Доктар Хоскінс, у вас часта здараюцца такія вось непрыемнасці? — спыталася яна, узяўшы відэлец. — Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.
— Не, — з намаганнем адказаў Хоскінс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзіцца спрачацца з ахвотнікамі вынесці са Стасіса той ці іншы экспанат, але да сённяшняга дня ніхто яшчэ не спрабаваў зрабіць гэтага.
— Мне помніцца, як вы аднойчы казалі, што з гэтым звязаны вялікі расход энергіі.
— Слушна. Мы, вядома, пастараліся ўлічыць такую мажлівасць, бо такія выпадкі яшчэ будуць паўтарацца, і ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергіі, разлічаны на пакрыццё ўцечкі пры непрадугледжаным вынасе са Стасіса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусім не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страціць гадавы запас энергіі. Шкода ад страты такой колькасці энергіі прымусіла б нас на доўгія гады адкласці далейшае ажыццяўленне планаў пранікнення ў глыбіні часу… Апрача таго, вы можаце сабе ўявіць, што здарылася б, калі б прафесар быў у камеры ў той момант, калі збіраўся прарваць Стасіс?