Замежная фантастыка
Шрифт:
Нішто не магло ёй дапамагчы. Нішто, апрача натуральнага і прытым непапраўнага правалу эксперыменту.
І ў тыя імгненні, калі адлічваліся апошнія секунды, ёй заставалася толькі чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялізным экране, уважліва ўзірацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнікаў, калі то адзін, то другі з іх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у іх позірках выраз неспакою і няўпэўненасці, як доказу ўзнікнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленні эксперыменту, яна ні на секунду не адводзіла вачэй ад экрана…
Але яе надзеі не спраўдзіліся.
У нядаўна пабудаваным новым памяшканні Стасіса стаяў барадаты сутулы селянін няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзенні і драўляных сандалях; ён з тупым жахам азіраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.
І ў той момант, калі ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, міс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мітусні. Яе штурхалі, шпурлялі, ледзь не тапталі нагамі, а яна стаяла сярод натоўпу, які віраваў, трыумфаваў, і ўсё больш сціскалася пад цяжарам страчаных надзей.
І калі скрыпучы голас у дынаміку назваў яе імя, гэта дайшло да яе свядомасці толькі пасля трохразовага паўтору.
— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, вас выклікаюць у Першую Секцыю Стасіса. Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз…
— Прапусціце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамік, ні на секунду не спыняючыся, усё паўтараў і паўтараў адну і тую ж фразу.
Сабраўшы ўсю сваю сілу, яна адчайна прабівалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся ні перад чым, пусціўшы ў ход нават кулакі, раздаючы направа і налева кухталі, яна ўвесь час вязла ў людскім віры, але ўсё ж такі рухалася да выхаду.
Мэндзі Тэрыс рыдала.
— Я проста не магу сабе ўявіць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькі на адну хвілінку, каб зірнуць на той маленькі экран, які яны паставілі ў калідоры. І раптам, перш чым я паспела штосьці зрабіць… Вы самі сказалі мне, што яны нічога не наробяць, вы самі параілі мне пакінуць іх адных! — выкрыкнула раптам Мэндзі, пераходзячы ў наступленне.
— Дзе Цімі? — гледзячы на яе няўцямнымі вачыма, спыталася міс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.
Адна сястра працірала ў Джэры руку дэзінфіцыйнымі сродкамі, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.
— Ён укусіў мяне, міс Фэлоўз! — душачыся ад злосці, крыкнуў Джэры. — Ён укусіў мяне!
Але міс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагі.
— Што вы зрабілі з Цімі? — крыкнула яна.
— Я зачыніла яго ў ваннай, — адказала Мэдзі. — Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару і замкнула яе там.
Міс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домік. Яна замарудзілася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчыніць дзверы і знайсці ў кутку свайго выродлівага хлапчука.
— Не біце мяне, міс Фэлоўз, — прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелі, вусны дрыжалі. — Я не хацеў гэтага.
— О Цімі! Чаму ты думаеш,
— Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне біць, біць, біць…
— Ніхто цябе не будзе біць. Вельмі нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?
— Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я — жывёліна.
З вачэй у Цімі паліліся слёзы.
— Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмі смешны, што я жахліва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, і я ўкусіў яго.
Цяпер яны плакалі абое.
— Але ж ты ведаеш, Цімі, што гэта няпраўда, — усхліпваючы, сказала міс Фэлоўз, — і ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны і сама харошы хлопчык на свеце. І ніхто, ніхто ніколі цябе ў мяне не адбярэ.
Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабіць. Але дзейнічаць трэба было хутка, Хоскінс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын…
Гэта павінна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калі амаль усе служачыя Стасіса будуць альбо спаць, альбо весяліцца ў сувязі з паспяховым ажыццяўленнем «Праекта Сярэднявечча».
Яна вернецца ў Стасіс у нязвычны час, але ж гэта здаралася і раней. Ахоўнік добра ведае яе, і яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкіх тлумачэнняў. Ён і ўвагі не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькі прарэпетыравала гэтую такую простую фразу «Гульні хлопчыкам», а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.
І ён паверыў.
Калі яна зноў паявілася ў памяшканні доміка, Цімі яшчэ не спаў, і яна, як магла, старалася паводзіць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з ім пра яго сны і выслухала яго роспыты пра Джэры.
І потым яе ўбачаць нямногія, і нікому не будзе ніякай іцкавасці да таго клунка, які яна будзе несці. І Цімі будзе паводзіць сябе вельмі спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi [5] . Задуманае здзейсніцца, і які толк спрабаваць выправіць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. Ім абаім будзе падаравана жыццё.
5
Споўненым фактам.
Яна адчыніла чамадан і выцягнула з яго паліто, шарсцяную шапку з навушнікамі і яшчэ сёе-тое.
— Міс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? — устрывожыўшыся, спытаўся Цімі.
— Я хачу вывесці цябе адсюль, Цімі. Мы адправімся ў краіну тваіх сноў, — адказала яна.
— Маіх сноў? — яго твар засвяціўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.
— Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павінен баяцца, калі ты са мной. Праўда, Цімі?
— Праўда, міс Фэлоўз, — ён прытуліўся да яе галоўкай, і, абняўшы яго, яна адчула пад рукою біццё яго маленькага сэрца.