Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Да Міндоўга пасылаю цябе, сын. Памятай: на вялікую справу ідзеш. Разам з ваяводам Хвалам выведай, вынюхай, чым жыве Літва. Пільны вокам і цвёрды сэрцам будзь. Потым усё мне раскажаш. Веру табе так, быццам пасяліўся ў тваёй душы і яе дыханне чую.
Далібор, уражаны такімі словамі, прыкусіў губу, нізка пакланіўся бацьку.
II
— Чаму мяне разам з табой не захацеў бацька паслаць? — усхвалявана запытаў у брата Някрас, як толькі яны засталіся адны.
— Не ведаю, — са спачуваннем гледзячы на яго, адказаў Далібор. Яны залезлі на самы верх вежы, што ўзвышалася над дзядзінцам. Вежу яшчэ не дабудавалі. Велізарныя камяні, звезеныя з глухіх мясцін,
Браты на нейкі міг адчулі сябе птушкамі, што ўзляцелі над родным горадам. Далёка бачылася з вышыні. Новагародскі дзядзінец мясціўся на высокім узгорку, але людзі зрабілі яго яшчэ вышэйшым, нанасілі зямлі і камянёў. На суседнім ніжэйшым узгорку зіхцеў рознакаляровымі вокнамі багатых сядзіб, грукаў малаткамі кавалёў вакольны горад. Як два гнязды адной магутнай птушкі былі яны, вакольны горад і дзядзінец Новагародка. З поўначы і захаду вакол дзядзінца быў пракапаны роў. Дзягцярна-чорная вада Ў ім блішчала пад сонцам. Побач з ровам грозна ўзвышаўся земляны вал, асядланы дубовай сцяной. Падножжа вала было выкладзена камянямі. У вакольным горадзе на храме Барыса і Глеба свяціўся вялізны срэбны крыж, асяняючы хрысціянскія могілкі. На могілках аддавалі зямлі толькі новахрышчаных дзяцей. Іхнія дзяды-прадзеды ляжаць у паганскіх курганах, якія даўно зараслі лесам і якіх так шмат каля Новагародка.
— Калі б я пачынаў будаваць наш горад, я абавязкова паставіў бы яго на Нёмане. Чаму новагараджане вырашылі сяліцца ўдалечыні ад ракі? — у глыбокім одуме прамовіў Далібор. — Тавары з Варажскага мора і з Русі да нас трэба цягнуць на калёсах і санях па сухапутку. Які гэта горкі пот, я сам зведаў, калі ішоў з бацькавым абозам з Менска.
Някрас, пазіраючы ўдалячынь, прыкрываючы далонню вочы ад сонца, няўпэўнена сказаў:
— Можа, яны баяліся ракі.
— Баяліся ракі? — здзівіўся Далібор. — Хіба можна баяцца ракі, вады, баяцца Нёмана? Хоць рака — дарога, а на дарозе сустракаюцца не толькі сябры. Пойдзем, Някрас, на вал. Там я ўчора шмат спелых суніц бачыў.
Браты хуценька спусціліся з вежы, подбегам прыпусцілі да вала. Далібор, як заўсёды, бег наперадзе. Някрас — следам за ім. Па вяровачнай лесвіцы, якую скінуў зверху вой-ахоўнік, яны ўзабраліся на вал, на дубовую сцяну, потым, абдзіраючы жываты, саслізгнулі са сцяны на знешні бок вала. Там укленчылі ў траву, кідалі ў рот буйныя падпечаныя сонцам ягады. У самай сіле быў звонкі летні дзень. Распрамянёнае сонца плыло над Новагародкам, над дзядзінцам і вакольным горадам, над пушчамі і лугамі, над курганамі, у якіх вечным сном спяць прадзеды. Вой на сцяне заплюшчваў вочы і ўсё роўна бачыў сонца — нязгасны залаты круг. Пчолы вылётвалі з глыбіні лясоў, пілі, аж захлынаючыся, гарачую духмянасць кветак, цяжка вярталіся дадому, да бортных дрэў, з дуплаў якіх, напоўненых па самы край, выліваўся, цёк шырокімі бліскучымі ручаямі іскрыста-жоўты мёд. Мурашкі і мухі прагна лезлі з усіх бакоў і тапіліся ў мёдзе.
— Ягада забівае кветку, — сказаў раптам Далібор, уважліва пазіраючы на прыгожы, абліты сонцам, сунічны кусток, дзе побач красаваліся чырвоныя ягады і пяшчотна-белыя, падобныя на зорачкі кветкі. Някрас, нічога яшчэ не разумеючы з братавых слоў, сеў на кукішкі поруч з ім, плячо ў плячо.
— Бачыш? Ягада забівае кветку, — зноў паўтарыў Далібор, не адрываючы позірку ад сунічнага кустка. І як бы нейкая заслона адкрылася братам, як бы ўпаў змрок з вачэй і яны на кароткае імгненне глянулі ў самы корань усяго існага. Нараджэнне ягады было смерцю кветкі. І гэтак — усюды, гэтак — заўсёды. Радасць і боль жыцця былі зліты ў адно цэлае.
— Княжычы, што вы там знайшлі? — гукнуў са сцяны
Пот цёк па ягоных маладых шчоках. Далібор з Някрасам, быццам пабуджаныя гэтым голасам, зірнулі адзін на аднаго, засмяяліся. Потым прутка ўскочылі на ногі, каб бегчы ў церам да настаўніка-ляха, і тут заўважылі на лугавіне, што была побач з валам, вешчуна Валасача. Ен сядзеў на траве, падставіўшы змарнелы твар сонцу, і шчасліва ўсміхаўся. Ды зусім не вешчуну здзівіліся яны. Побач з ім сядзела маладзенькая прыгожая дзяўчына ў скураным вяночку са шклянымі падвескамі і карміла Валасача суніцамі, дастаючы іх з невялікага лубянога кубарыка. Дзяўчына, пэўна, даўно ўжо бачыла княжычаў, бачыла, як шукалі яны ягады, але вось яны зірнулі на яе, і яна сарамліва апусціла вочы з доўгімі светлаватымі вейкамі.
— Арол і арліца, — гучна сказаў Валасач княжычам, маючы на ўвазе сябе і дзяўчыну.
— Я яе ведаю, — шапнуў Далібор Някрасу. — Гэта дачка залатара Івана з вакольнага горада. Я толькі не ведаю, як яе завуць.
Яны смела, як і належыць княжычам, падышлі да вешчуна і незнаёмай дзяўчыны, спыніліся супраць іх.
— Як цябе завуць? — спытаў у дзяўчыны Далібор.
Яна спалохана ўзнялася з травы, хуценька абцягнула, прыгладзіла адной рукою прыпол вышытай чырвонымі і чорнымі ніткамі белай ільняной кашулі, а ў другой руцэ моцна трымала кубарык, на самым сподзе якога яшчэ віднеліся ягады. У яе былі надзіва чыстыя праменна-блакітныя вочы, роўны маленькі носік і пухлыя пунсовыя губы. І не ад суніц была свежая пунсовасць, а прыродная, дадзеная ад самага з'яўлення на белы свет. Калі яна ўзнімалася з травы, Далібору кінуліся ў вочы далонькі яе загарэлых рук, схаваных У доўгія рукавы. На запясцях рукавы былі сцягнуты Ў зборкі, якія прытрымліваліся абручамі-бранзалетамі. У выразе кашулі княжыч убачыў пяшчотны пачатак Цвёрдых смуглаватых грудзей.
— Я Лукера з вакольнага горада, — сказала дзяўчына.
— Ты дачка залатара?
— Усё княжыч Далібор ведае, — усміхнулася Лукера і ўжо смялей зірнула на яго.
Далібора ўразіла іскрыстасць яе вачэй. «Як вада ў Нёмане», — падумаў княжыч.
— Навошта з вешчуном водзішся? — строга спытаў ён у Лукеры.
— Папрасіў я, каб яна мяне пазёмкамі накарміла, — адказаў за дзяўчыну Валасач. — Дачка майго сынаўца 4 .
— Залатар Іван твой сынавец? — здзівіўся Далібор.
4
Сынавец — пляменнік.
— А чый жа? Мой. Я, княжыч, з вялікага і багатага роду. У Наваградку адвеку мой род адным з першых быў. А стары я, як вунь той дуб, што ў полі стаіць. Але жыву. Перунова страла яшчэ не паслана па маю душу. Зараз Іван прыгоніць з вакольнага горада коніка і паеду я на Цёмную гару. Ідзі, Лукера, — мяккім голасам сказаў ён дзяўчыне. — А праз сядміцу прыходзь а сяброўкамі сваімі да мяне на гару.
Лукера пакланілася Валасачу, пакланілася княжычам, паставіла каля Валасача кубарык з ягадамі і шпарка пайшла ў вакольны горад.
— Прыгожая яна, — задуменна прамовіў Далібор, праводзячы Лукеру позіркам.
— Прыгожая, — згадзіўся Валасач. — А ведаеш, калі чалавек прыгожы бывае? Калі душа ў яго спакойная, калі болькі на душы не сядзяць. Шмат пабачыў я людзей. Я малым хлапчанём бегаў тут яшчэ тады, калі пушча засявала поле вакол Наваградка дзікім насеннем. Колькі князёў бачыў я! Я быў у самога Крыва-Крывейты, пакуль не выгналі яго крыжакі з-пад святога дуба. Я сядзеў на Цёмнай гары, паліў агонь Перуну, і мне ўсе так верылі, што жанчыны з'ядалі адбіткі маіх слядоў на снезе. Вялікая зборня людзей жыве на зямлі, і мала між імі прыгожых таму, што неспакойныя душы маюць, таму што смерці баяцца. Не гневайся дужатка на мяне, княжыч Далібор, але я скажу, што і ты непрыгожы.