Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Вячку ўсе ведаюць, — згадзіўся Ізяслаў.— Такія людзі жывуць вечна, як багі. Вучыцеся ў яго, дзеці мае, вернасці і мужнасці. Будзеце такія, як ён, ніколі вораг не ўзыдзе на новагародскі дзядзінец, на нашы курганы, у якіх ляжаць косці прадзедаў. Але я вам яшчэ колькі слоў скажу пра рыцараў. У бітве каля Шаўляя амаль дашчэнту высеклі мечаносцаў войскі мясцовых тубыльцаў. Ад страху закалола рыцарам у пяты, і пабеглі яны прасіць рымскага папу, каб выратаваў іх, далучыўшы да Тэўтонскага ордэна. Папа выратаваў мечаносцаў, загадаў ім усюды і заўсёды насіць белыя плашчы з чорным крыжам. Ідуць гэтыя крыжаносцы вайною вялікай на прусаў, бо прусы, як і родзічы іхнія жамойты і літоўцы, паганцы. А зараз гляньце сюды. На поўдзень ад прусаў жывуць мазуры з ляхамі, пладавіты моцны народ. Вераць яны Хрысту, плацяць дзесяціну і святапетрык, срэбра з кожнай душы на ўтрыманне лампады, якая дзённа і ношчна гарыць у царкве святога Пятра ў Рыме. За Берасцейскай зямлёю месціцца дзяржава валынян і галічан, адзінаверцаў нашых. А яшчэ далей —
8
Сінь — кітайцы.
Ен змоўк, пацёр лоб смуглымі пальцамі, рашуча хітануў галавой.
— У кожнага чалавека свой крыж. Мой крыж — Новагародак, зямля Новагародская. Славы і сілы хачу Новагародку. Хай чэрві завядуцца ў вачах у таго, хто хоча ўбачыць пагібель і няславу Новагародка, хто дзясніцу ўздыме на нашу дзедзіну. Даверымся ж ва ўсім богу, бо гасподзь наш вышэй галоў нашых і Зямля на водах і на нябёсах пакладзена яго промыслам.
Князь перахрысціўся. Разам з ім перахрысціліся сыны. З шыракагорлай рамейскай амфары, што стаяла ў куце святліцы, князь дастаў пажоўклы, скручаны ў трубку, пергамен, разгарнуў яго, знайшоўшы патрэбнае месца, сказаў Някрасу:
— Гэта пісанне мудраца Яфрэма Сірына. Чытай адсюль.
Някрас, злёгку пачырванеўшы, пачаў чытаць:
— Мінае дзень, следам за ім ідзе другі, і калі не гадаеш — смерць ужо стаіць над галавою тваёй. Дзе мудрацы, якія напісалі кнігі і пісаннямі сваімі напоўнілі свет? Дзе тыя, каторыя дзівілі свет сваім словам і тварамі, чаравалі сваімі думамі? Дзе тыя, каторыя пышыліся дарагімі шатамі, спачывалі на пурпуровых ложах? Дзе рукі, якія аздабляліся перламі? Дзе тыя, перад загадамі якіх трухлелі і якія панявольвалі зямлю страхам сваёй улады? Скажы зямлі, і яна пакажа табе, дзе яны: спытай магіл, і яны табе пакажуць, куды яны паложаны. Во ўсе яны разам ляжаць у зямлі, усе абярнуліся ў прысак, і не разрозніш, дзе астанкі багатага і дзе парахно ўбогага. Бачыў я, як прагная магіла пажырае і заўсёды не сыта: чым больш нябожчыкаў у яе ўходзіць, тым шырэй разяўляецца яе пашча. Незлічоныя тысячы ляжаць там і багатых, і бедных, незлічоныя соймы бачыў я ляжачых там. Ціха ляжаць яны ў дамоўках.
— Годзе, — сказаў Ізяслаў, і Някрас адразу ж замоўк. Далібор як скамянеў ад пачутага. Жахотнасць і холад былі на сэрцы. Колькі пакаленняў пайшло ў змрок, а ён, Далібор, які яшчэ ні добрай сечы не бачыў, ні жанчыны не аблагодзіў, хоча нечага дамагчыся, хоча нешта зразумець у зямным малачасным жыцці. Навошта бацька загадаў Някрасу чытаць гэтага Сірына? З непаразуменнем глядзеў княжыч на князя і бачыў суровы твар, строгія прыжмураныя вочы, якія, як яму зараз падумалася, амаль ніколі не ўсміхаюцца. Цёмныя няўсмешлівыя бацькавы вочы помняцца з самага зялёнага малалецтва. Нейкае бясконцае чаканне і нейкі одум у іх.
— Вось што такое жыццё, сыны, — прамовіў Ізяслаў.— А ты, Далібор, пачынай збірацца ў дарогу. Праз тры дні да Міндоўга едзеш.
Ноччу над Новагародкам пачало цяжка грымець у небе, а потым абложны лівень рынуўся на зямлю. Далібора пабудзіла маланка. Жоўтым трывожным святлом пырснула ў вузкае акно апачывальні. Далібор усхапіўся, працёр кулакамі вочы. Падалося, што нехта запаліў свечку ля самага твару. Глуха шумела за акном, за сцяной. Шыпела, захліпвалася, булькатала, аж екатала вада. Княжыч узняўся з ваўчыных шкур, на якіх любіў спаць, хоць маці строга забараняла, падышоў да акна, прыпаў ілбом да халоднага шкла. Дажджавыя бізуны шлёгалі па шкле. Чорная цемра, напоўненая жоўтым святлом маланкі, зеўрала за акном. Удары грому былі такія моцныя, такія ляскотныя, раскацістыя, аж звінела ўвушшу. Калі шырока ўсхоплівалася маланка, княжыч на кароткае імгненне паспяваў убачыць то аблітыя вадой, усклычаныя ветрам галіны бярозы, то крыты дорам дах малой грыдніцы, у якой жылі надворныя халопы, то бліскучыя камяні недабудаванай вежы. Усё гэта ярка, дужа выразна выступала з цемры, потым зноў знікала, быццам змывалася, сціралася чорнай рукой навальнічнай ночы. З вялікай аблёгкаю думаў Далібор аб тым, што княжы церам і ўсе пабудовы дзядзінца не можа ўзяць нябесны лятучы агонь, бо на вільчыках і на сценах, на дзвярах і на вокнах ахоўваюць людзей і іхняе багіно ад злыбяды грамнічныя знакі, кругі, перакрыжаваныя стрэламі. Як бы ні гневаліся Ілля-прарок і Пярун, але, убачыўшы гэтыя святыя знакі, адвядуць удар ад Новагародка, і агністы серп маланкі ўвап'ецца ў зямную цвердзь недзе ў пушчах і балотах. Княжыч хацеў быў ужо зноў І класціся спаць, як раптам у вока яму кінулася такое, ад чаго перахапіла дыханне. Узмахнула крыллямі маланка, асвяцілася чорнае як бы металёвае неба, і на двары дзядзінца Далібор, ледзь не крыкнуўшы ад здзіўлення, убачыў свайго бацьку, князя Ізяслава. Пад дзікаю навальніцаю бацька стаяў без шапкі, у незашпіленым карзне і трымаў за аброць каня, з якога злазіў нейкі незнаёмец у доўгім плашчы з капюшонам. Бацька нават падставіў плячо, і незнаёмец,
III
Раніцаю Далібор, успомніўшы запрашэнне вешчуна Валасача, вырашыў з'ездзіць да яго на Цёмную гару. Але перад гэтым агледзеў увесь двор, схадзіў на стайню, пакруціўся каля бацькавай святліцы, ды нідзе не было следу ні начнога незнаёмца, ні ягонага каня. Можна было падумаць, што Далібору прысніўся навальнічны, заліты маланкаю і дажджом, двор і бацька з таямнічым незнаёмцам. Княжыч пачаў асцярожна выпытваць у брата — можа, той, што ведае. Але Някрас шчыра здзівіўся: «Хіба ноччу навальніца была?»
Ускочыўшы на каня, Далібор у суправаджэнні надворнага халопа Найдзёна, які на коніку-карузліку пачціва трымаўся ззаду, выехаў праз браму з дзядзінца. Пасля начнога дажджу лясы і палі сохлі пад сонцам. Густой парай была заслана зямля. Дажджавыя чарвякі-рабакі выпаўзлі з норак на белы свет. У суседніх з Новагародкам весях Гарадзілаўцы, Чарэшлі, Рудзе, Суляцічах, радуючыся добраму сонцу, спорна працавалі смерды. Над Рудай тапырыліся ў неба слупы бруднажоўтага дыму. У ямах і ў гліняных домніцах там выплаўлялі руду. Чуўся ляскат малаткоў. Бэкалі авечкі. Брахалі сабакі. У драўляныя вёдры лілося духмянае цёплае малако. Жанчыны, павязаўшы галовы белымі хусткамі, неслі вёдры з малаком на каромыслах дадому. Разамлелыя ад спёкі каровы, зайшоўшы па вымя ў сакаўную траву, глядзелі ім услед. Сустрэўся хударлявы светлавалосы смерд з абвараным на сонцы белым тварам. Убачыўшы княжыча на кані, хуценька схаваўся за куст. Даўно абжытая чалавекам, багатая зямля была наўкол.
Уехалі ў лес, і згубілася ў зялёных вяршынях сонца. Дрэвы стаялі яшчэ мокрыя. Добра тут хвастаў начны дождж, шмат назбіваў лісця. Нават былі абламаны некаторыя танчэйшыя галіны. У ручаях, што шыліся праз траву і мох, плылі мёртвыя лясныя мышы.
Спусціліся на конях у сырую лагчыну. Лес тут перарваўся вялікім прагалам-палянаю. Леваруч ад сцежкі ўбачылі агромністы таўсматы дуб. Начны ветравал вывернуў яго з зямлі, паклаў набок. Шырокія лісты падсвечвала сонца. Дужа шмат жалудоў было на дубе, шмат іх было рассыпана ў траве. На бугорыстай, пасечанай сякерамі гадоў, кары пырхалі бліскучыя стракозы. Даўжэзныя карані, што яшчэ зусім нядаўна жылі пад зямлёю, бездапаможна тапырыліся ў неба, высушваліся сонцам і ветрам і ўвідавочкі бялелі.
— Як жа ты так? — спытаў у дуба халоп Найдзён, калі пад'ехалі да абрушанага дрэва. — Хіба можна было Ў гэтым месцы сяліцца? Тут жа балота, зямля мяккая. На сушняку трэба было караніцца, дубе. Слабая тут зямля, не ўтрымала цябе. Твае браты вунь дзе жывуць.
Ен паказаў на заліты сонцам узгорак, дзе стаяла светлая дуброва.
Далібор злез з каня, пагладзіў рукою дубовую кару. Упершыню ў сваім жыцці бачыў ён пераможаны дуб. Часта сустракаліся яму разбітыя, абсмаленыя маланкай, з разарванай карой-грудзінай, з чорнымі ямінамі дуплаў. Як шкілеты стаялі яны. Але стаялі! Гэты ж дуб ляжаў, як мёртвы чалавек. Страшна было бачыць ягонае бяссілле. «Слабая тут зямля, не ўтрымала цябе», — успомніліся княжычу словы халопа. Значыць, на моцнай зямлі трэба сяліцца. Толькі дзе яна, моцная зямля? Зноў прыгадаўся Далібору начны навальнічны двор дзядзінца, бацька, што, хаваючыся ад усіх, сустракаў незнаёмца. Ці на моцнай зямлі жывеш, бацька?
Нарэшце дабраліся да Цёмнай гары. На лясным лужку кінулі коней, спутаўшы іх, а самі па вузкай сцежцы пайшлі на сіні слуп дыму, які нерухома стаяў над шчэццю дрэў. Тут, як адразу прыкмеціў Далібор, было вельмі шмат яшчарак. Яны няспынна мільгалі ў траве, грэліся на камянях і каменьчыках. Іхнія маленькія бліскучыя вочкі-кропелькі як бы танцавалі нейкі танец.
На сухім схіле, трывала ўчапіўшыся каранямі ў зямлю, рос каржакаваты кучомісты дуб, абвешаны ручнікамі. Выявы сонца і маланак, невядомых звяроў і птушак былі вышыты на ручніках. У дубовую кару былі ўбіты дзіковыя і ваўчыныя іклы. Падножжа дуба апаясваў драўляны памост сажняў на дваццаць удоўж і ўшыркі, засыпаны лісцем. Якраз усярэдзіне памост праломваўся велізарным сіне-зялёным валуном. Побач з валуном з невялікіх камянёў быў выкладзены круглы, як чаша, падмурак для агню, на якім гарэў касцёр. Вяшчун Валасач сядзеў пад паветкай, што ляпілася да дубовага камля. Дробныя лясныя птушачкі мітусіліся каля яго. Вяшчун быў ва ўсім белым, з заплюшчанымі вачыма. Пачуўшы крокі, варухнуў вейкамі. Павольна, неахвотна адкрыліся вузкія, нібы прарэзаныя асакой, палоскі вачэй.