Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Ты што нас гладзіш, лях?! Дай мне толькі дабрацца да цябе!
Занадта нецярплівым ва ўсіх сваіх справах і парываннях быў малодшы княжыч, і гэта не раз, як кажуць смерды, бокам яму вылазіла. «Часта будзе ў цябе, сын мой, чуб надзёрты», — гаварыў Някрасу князь-бацька, але і любіў за такую гарачку.
Сонца ў гэты самы міг прашыла промнямі лахманок хмаркі, што вісеў над Новагародкам. Мяккім жаўтавата-шэрым святлом заліўся пясок рысталішча, і Далібору падалося, быццам не на пяску б'юцца яны, а таўкуцца па самыя костачкі ног у густым мёдзе. Расказваў нядаўна бацька, як знайшлі ў пушчы смерда, што палез выдзіраць дупло і па самы пояс уваліўся
Улучыўшы момант, з усяго маху ўдарыў Далібор Костку па драцяной шапцы і, здаецца, прыглушыў ляха. Потым ударыў яшчэ, яшчэ, з большай сілаю, з гарачай злосцю, якая нечакана ўспыхнула ў душы.
— Так яму! — заенчыў Някрас і сваім мячом дастаў настаўніка. Лях не на жарт раззлаваўся.
— Абоіх вас за пояс запхну, — прыжмурыўшы калючыя вочы, сурова сказаў ён Някрасу, але ў гэты час князь Ізяслаў махнуў рукой у скураной пальчатцы. Паядынак скончыўся. Усе зашумелі, пачалі віншаваць княжычаў.
— Ёмка я ляха мячом хапіў,— хваліўся Някрас. Далібор жа падышоў да Косткі, моўчкі глядзеў, як завіхаюцца каля яго зялейнікі.
— Ты хват, княжыч, — усміхаючыся, сказаў Далібору Костка. — А твой брат, прабач мне грэшнаму, ні пес, ні выдра 6 .
Гаворачы гэта, ён прыцішыў голас, каб не пачуў ніхто, акрамя Далібора.
Чаляднікі змылі з княжычаў і Косткі бруд і пот, насуха выцерлі іх калянымі ручнікамі. Потым прынеслі з пограба бярозавіку з мёдам у гліняных размалёваных брацінах. Добра пілося, добра адчуваўся порсткі дрогкі бег крыві па ўсім целе.
6
«Ні пес, ні выдра» — выраз у польскай мове, які адпавядае нашаму «ні рыба, ні мяса».
— Княжычаў Глеба і Нікадзіма князь Ізяслаў да сябе кліча, — абвясціў, нізка пакланіўшыся, надворны хлапчук-халоп.
Яны шпарка пайшлі да бацькі, бо не любіў новагародскі князь ні запрашаць, ні загадваць двойчы. Стомленыя, з яшчэ макраватымі валасамі, спыніліся яны на парозе княжай святліцы. Ізяслаў сядзеў, як грузная птушка на гняздзе, на дубовай лаве. На ім была толькі белая нацельная кашуля. Срэбны крыжык свяціўся ў паўзмроку на пукатых грудзях. Увайшоўшы з двара, дзе ззяла сонца, княжычы нейкі час не маглі разабрацца, лагодны ці злосны твар у бацькі. Цёмнымі плямамі бачыліся ягоныя вочы.
— Секліся з ляхам нядрэнна, — пахваліў сыноў Ізяслаў.— Не шкадуйце сіл, вучыцеся ў ляха, бо мячом князь моцны. Гніце свой малады хрыбетнік сёння, каб заўтра ўсе перад вамі гнуліся. Будзе ў вас усё: і срэбра, і дружына, і жонка, аддадзеная богам у вашы рукі, але будзе гэта ўсё, калі не хірлякамі станеце, а храбрымі воямі.
Ізяслаў узняўся з лавы, упрытык падышоў да сыноў. Яны ўбачылі, які ў яго стомлены, быццам падталы твар. А кроплю часу назад, на двары паміж баярамі і купцамі, бацька быў такі вясёлы, рухавы, глядзеўся такім зухам, аж вачэй нельга было адвесці. Значыць, расслабіўся перад сынамі, распусціў вузел на душы, каб трошкі вальней дыхнуць. Далібору зрабілася шкада бацьку, але гэту сваю шкадобу ён не выдаў ніводным рухам, ніводным словам. Князёў не шкадуюць. Гэта тое самае, што шкадаваць неба альбо
Ізяслаў тройчы пляснуў у ладкі, і ў святліцу адразу ж увайшоў перапалоханы рудабароды чаляднік.
— Прынясі мапу 7 ,— загадаў князь.
Чаляднік пакланіўся і як вокам міргнуць разам са сваім напарнікам прынёс у святліцу вялікую мапу, намаляваную яркімі фарбамі на шчыльнютка збітых белых дубовых дошках. Мапу паклалі на стол. Рэкі на ёй былі адзначаны бліскучым срэбным дротам, азёры і Варажскае мора выкладзены сінім шклом. Далібор з Някрасам уперылі прагныя позіркі на мапу, як галодныя на ежу. Рэдка, дужа рэдка паказваў каму-небудзь князь Ізяслаў Новагародскі сваю прыгажуню, змайстраваную купцамі і зал атарамі з вакольнага горада.
7
Мапа — геаграфічная карта.
— Вось наш Новагародак! — захоплена ўсклікнуў Далібор. — А вось Нёман!
— Каб бог пажадаў зрабіць вас птушкамі, сыны мае, — паважна, усміхаючыся ў вусы, сказаў Ізяслаў,— і каб вы маглі ўзляцець над цвердзю зямною, з-пад воблакаў, зверху, вы б убачылі такое. Вось наша Новагародская зямля. Бачыце? Як круглы войскі шчыт, абпалены ў сечах, ляжыць яна між суседніх земляў і народаў. Вось Нальшанская зямля. Вось Дзятлава. А вось край жамойтаў — Каршува, Княтува…
Доўгім смуглым пальцам, на якім ззяў залаты пярсцёнак з густа-зялёным каменьчыкам-гарошынкай, ён паказаў сынам землі жамойтаў.
— А вось тут літва Міндоўгава сядзіць. Як клін, уразаецца яна між намі і Менскім княствам. Даўным-даўно, калі нашы прыснапамятныя прадзеды, крывічы з дрыгавічамі, прыйшлі сюды, каб закласці Новагародак, яны сустрэліся з літвою, пасуседзіліся з ёй, рассяліліся тут. Потым частка іх пайшла далей, на Рубон, які цяпер завецца Дзвіною, абцякаючы з усіх бакоў Літву. Так вясновая вада абцякае камень, абцякае востраў. Я сам не бачыў, але ваявода Хвал расказваў мне, што, калі ён з нашым пасольствам ездзіў да ўладзіміра-суздальскіх князёў, сустрэўся ім народ голядзь, што такім самым востравам ці клінам сядзіць на рацэ Паротве, якая ўпадае ў Маскву-раку. Голядзь і літва з аднаго кораня выраслі.
Князь Ізяслаў уважліва паглядзеў на сыноў. Яны слухалі не дыхаючы.
— А на захад сонца ад Новагародка ляжаць нашы гарады: Услонім, Ваўкавыйск, Здзітаў… Далей за імі ў пушчах жывуць яцвягі, за яцвягамі — прусы, шматлікі і ваяўнічы народ. Прускія землі, Памязанія, Вармія, Самбія раскінуліся да Варажскага мора і да Віслы. Шмат у іх сваіх багоў. А адным з самых магутных багоў яны лічаць лес. Яны кажуць: «Лес — гэта калыска народа».
— Добра кажуць, — не стрымаўся Далібор.
— Добра, — згадзіўся Ізяслаў.— А вось тут, на адным з рукавоў Віслы, які завецца Нагат, стаіць Марыенбург, горад святой дзевы Марыі, сталіца тэўтонскіх рыцараў.
Далібор з Някрасам нізка нахіліліся над мапаю, каб лепш разгледзець тую дзяржаву і той горад, пра якія апошнім часам столькі розных чутак даходзіла. Яны ўбачылі чырвоны кружок, што прыляпіўся да срэбнага дроціка ракі.
— Рыцары-тэўтоны нядаўна аб'ядналіся з мечаносцамі, якія сядзяць у Рызе і на землях эстаў і ліваў,— гаварыў Ізяслаў.— Пра мечаносцаў вы, вядома ж, чулі, і чулі не раз. У сечы з імі, як бясстрашны леў, загінуў князь полацкага роду Вячка.
— Хто не ведае Вячку! — адначасна ўсклікнулі княжычы.