Жалезныя жалуды
Шрифт:
Бог-грамавік, сціскаючы ў руцэ вогненную нябесную стралу, пранізліва глядзеў на ўсіх, хто ўязджаў і ўваходзіў у ягоны і Міндоўгаў горад. З двух бакоў брамы гарэлі нязгасныя вогнішчы, удзень і ўночы рабілася тут чорным прыскам дубовае стволле. Над вогнішчамі былі змайстраваны паветкі, каб ні дождж, ні вецер не затапталі святое ачышчальнае полымя. Вайдэлоты і вайдэлоткі ў белых адзежах лілі ў касцёр смалу-жывіцу, кідалі ламачча. Зніч, вечны агонь, не мог патухнуць, знікнуць, як не патухае сонца, як не патухаюць сёстры ягоныя, нябесныя знічкі, над Новагародкам і Літвой. Згарыць адна, але глядзі — ляціць услед за ёй другая, распырскваючы залатое
Непадалёку ад брамы стаяла дубовая бакшта 14 вышынёю ў пяць коп'яў. На яе ў адказны і ўрачысты час уздымаўся галоўны святар (а святаром у Варуце быў кунігас Міндоўг), каб аб'явіць волю багоў народу. Акрамя Пяркунаса, бога войнаў, гаспадара маланак і верхніх вод, тут шанавалі Калвеліса і Мянуліса, а таксама бога буры і ветру Вейяса. Пакланяўся мясцовы люд і Лаўме. Гэта багіня яркай незвычайнай прыгажосці жыла на воблаках і пасля дажджу распускала свой пояс — нябесную каляровую вясёлку.
14
Бакшта — вежа.
Побач з бакштаю рос дуб, адзінае дрэва, якому дазволілі ўвайсці ў горад. У лютую навальніцу Пяркунас кінуў з неба стралу і апаліў дубу галаву. Дуб, узгорак, маланка, агонь, меч, конь — вось што спрадвеку было тут святым.
Толькі дзве душы ў паганскай Варуце таемна маліліся Хрысту: Міндоўгава жонка кунігайкшціене Ганна-Паята, дачка цверскага князя, і яе сын Войшалк. Была ў іх свая каморка, дзе вісела ікона і гарэлі васковыя свечкі і пра якую ведаў толькі Міндоўг. Даведаецца пра гэта і Далібор, але пазней.
Новагараджане злезлі з коней, прайшлі каля свяшчэнных вогнішчаў. Далібор чуў, як адзін з вайдэлотаў казаў, пазіраючы на полымя: «Хвала табе, Агонь, Сын неба, Бацька зямлі, разбуральнік цвёрдага, знішчальнік халоднага».
Варута стаяла на высокім рачным мысе, ад поля адгароджвалася валам, зробленым з дубовых і сасновых клетак-гародняў, якія былі з верхам набіты глінай і каменнем. Ля падножжа вала змяіўся глыбозны роў, напоўнены зеленаватай цёплай вадой. Там крумкалі жабы.
Вуліца, што вяла да двух'яруснага княжага церама, была высцелена шырокімі драўлянымі плахамі. Паабапал яе шчыльна мясціліся дамы баяр і старшых дружыннікаў, майстэрні рамеснікаў. Халупкі чэлядзі ляпіліся да княжага церама, як лепяцца малюскі-прысмочкі да карабельнага днішча. Тут жа была вялікая стайня для войскіх коней.
Далібор разам з ваяводам Хвалам і Косткам ішоў да Міндоўга. Неўзабаве ён павінен быў убачыць грознага кунігаса, глянуўшы ў вочы якому, многія, калі верыць чуткам, трацяць прытомнасць.
На вялікі здзіў, Міндоўг сустрэў новагараджан не ў сваім шыкоўным прасторным цераме, а ў звычайным нумасе, у якім спрадвеку жылі і жывуць тыя з яго аднародцаў, што ходзяць за сахой. Сціплы нумас, драўляны, з чатырохсхільнай саламянай страхой, стаяў, прытуліўшыся да сцяны багата аздобленага церама. Новагараджане пераглянуліся. Костка хмыкнуў У вус, шапнуў:
— Мядзведзь, як яго ні ваб, усё роўна прэцца ў сваю бярлогу.
«Незнаёмаму чалавеку глядзяць спачатку на вочы, потым на рот», — успомніў Далібор, калі апынуўся перад Міндоўгам. Вочы ў кунігаса былі рэдкага чорна-зялёнага колеру, крышку прыжмураныя і такія вострыя, такія пякучыя
«Няўжо гэты чалавек мой бацька? — з хваляваннем, з нейкай пакутаю думаў Далібор, абмацваючы насцярожаным позіркам не дужа буйную паставу кунігаса. — Няўжо часцінка яго крыві цячэ ўва мне? Ен згінае людзей не цяжкай рукой, а пякучым вокам. Гэта пра яго казаў Гінтас: «Бліжэй да князя — бліжэй да смерці».
Міндоўг між тым, раззлаваўшыся, адпіхнуў ад сябе калыску, яна паплыла, паляцела, і з яе ляцеў плач малога Руклюса. Карміцелькі адразу ж, як спушчаныя са шворкі, рынуліся да калыскі.
Выйшлі з нумаса на двор, і там, стоячы на ганку церама, варуцкі кунігас прыняў дарункі Новагародскай зямлі. Было відно, што яны яму спадабаліся. Ен заўсміхаўся, чорна-зялёныя вочы пасвятлелі.
— Я таксама шчодра адару вас, новагараджане, — прамовіў Міндоўг і запытаў у Далібора:
— Як жыве мой брат князь Новагародка Ізяслаў?
— Князь Ізяслаў шле табе вітанне, харобры кунігас, — хвалюючыся, адказаў Далібор. — Ен загадаў перадаць табе, што Новагародак і Літва — два жолуды з аднаго святога дуба, што супроць злыбяды, супроць варожай сілы мы павінны стаяць разам.
Княжыч з вялікай прыкрасцю адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў, абсекся і на апошніх словах як бы вільнуў убок. Так ранняй вясною па адталым снезе плывуць у бок з наезджанай каляі цяжка гружаныя сані. «Няпраўда, што ён мой бацька, — раптам падумаў Далібор. — Гэта ўсё наплёў, выдумаў вяшчун. Вярнуся ў Новагародак і адкручу яму, як дурному пеўню, голаву. Я зусім не падобны на Міндоўга, ні кропелькі. Калі б ён быў маім бацькам, ён бы ведаў гэта, ён бы неяк глянуў на мяне, сказаў нешта асаблівае…»
— Добрыя словы перадаў ты мне, княжыч, — павольна вымавіў Міндоўг. — Ад Нёмана да Рубона грыміць слава Новагародка, усе баяцца мяча князя Ізяслава. Хадзіў я з тваім бацькам на Мазоўшу, ведаю сілу новагародскіх дружын. У маёй Літве сёння кроў цячэ, як балотная вада. Я, кунігас, у лесе, як мыш у скрыні, хаваюся ад сваіх ворагаў.
Ен скрыгнуў зубамі.
— Мой брат, гнайнавокі Даўспрунк, са сваімі неданоскамі-сынамі, Таўцівілам і Эдзівідам, хоча мяне, як лася, загнаць у лоўчую яму, хоча, каб я хрыпеў, віўся на вострых коллях, што праб'юць мне грудзіну. Разам з бязвухім Выкантам, а вуха Выканту конь зжаваў, калі ён, п'яны, як падла, валяўся на снезе, хоча Даўспрунк узяць Літву, усю Літву.