Чтение онлайн

на главную

Жанры

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Княгіня запрасіла Далібора сесці, і ён сеў на нізкі мяккі пуф. Яна пільна і строга пазірала на свайго маладога госця. Стомлены твар з яркімі сінімі вачыма, здавалася, свяціўся ў паўзмроку. Роспач і пакута ўсіх жанчын — маршчыны — тоненькімі вострымі праменьчыкамі збягаліся ля вачэй. Як ні разгладжваюць іх чалядніцы нажамі са слановай касці, нічога не дапамагае. Час бярэ сваё.

Ганна-Паята, бянтэжачы Далібора, неадрыўна глядзела на яго. З таго часу, як яна стала жонкай кунігаса Міндоўга, яна жыла нібы на востраве. Ні разу не пусціў яе кунігас з'ездзіць у Цвер, наведаць бацькоў і сябровак. Яна была ў суровай лясной сталіцы, дзе нязгасна гараць агні Пяркунаса, дзе шэпчуць незразумелыя словы доўгавалосыя вайдэлоты, дзе адно толькі на вуснах ва ўсіх: вайна, вайна… Хрысціянка, абкружаная шумлівым паганскім морам, яна спачывала душой толькі ў сваёй малітоўні. Адразу пасля вяселля свякроў, маўклівая маці Міндоўга, дала нявестцы зблытаны клубок ваўняных нітак, каб тая да сняданку іх разблытала і пераматала. Ганна-Паята справілася тады з нялёгкай работаю, але адчувала і сёння, што ўсё ў яе жыцці заблытана, склычана, што да самага скону трэба несці свой цяжкі крыж. Яна шчыра малілася за Міндоўга і ягоных паплечнікаў. Яны былі паганцамі, дзецьмі на гэтай грэшнай зямлі. Іх, вядома ж, калі толькі не павернуць свае душы да Хрыста, чакаюць скудзельніцы 19 , поўныя агню. Адзінай уцехаю заставаўся старэйшы сын, любімы Войшалк, ці Васіль, як звычайна называла яна яго. Сын меў два імені, але адну душу, і маці дужа хацела, каб гэта душа была хрысціянскай. Цяжка было залучыць Войшалка ў малітоўню — то паход, то Таўцівіл з Эдзівідам б'юць таранам у варуцкую браму, то бацька, кунігас Міндоўг, не адпускае ад сябе. Але калі ён прыходзіў, высокі, цёмнавалосы, танклявы, Ганна-Паята ўся ўспыхвала ад радасці, і бледныя шчокі залівала пяшчотная чырвань. Нездарма кажуць: «Мужчына чырванее, як рак, жанчына чарванее, як мак». Яна садзіла сына побач з сабой, брала яго рукі ў свае і пачынала расказваць пра Цвер, пра вясновую Волгу, пра прыгожыя цэрквы над рачной стромай. Яна расказвала яму пра Афон, які завецца Святой Гарою, дзе збудавана ажно дваццаць праваслаўных манастыроў. Гэта сапраўдная дзяржава манахаў. Калісьці туды і нагой не магла ступіць ніводная асобіна жаночага полу. Толькі пчолам дазвалялася лётаць, бо яны, пчолы, збіраюць божы тавар, нектар і воск. Дзякуй візантыйскаму імператару Аляксею Комніну. Ен дазволіў жанчынам наведваць Афон. «Я пайшла б туды, паляцела, папаўзла», — страсна шаптала княгіня і выпрабавальна глядзела на Войшалка. Сын маўчаў. Светлыя вочы цямнелі, востры агеньчык пачынаў трапятаць у іхняй глыбіні. «Ідзі. Хай табе добрыя сны сняцца», — адпускала Ганна-Паята Войшалка. Наступным жа разам, як бы між іншым, пачынала кпіць з літоўскіх багоў, якіх незлічонае мноства. Смяялася над вярхоўным богам Дзіверыксам, над богам-кавалём Кальвялісам, які скаваў сонца, над ахоўнікам лесу і палявання Мядзейнасам і над заечым богам… «Падумаць толькі — у Літве нават зайцы маюць свайго бога, — як бы здзіўлена казала яна і строга дадавала: — Хрыстос — уладыка ўсяго жывога».

19

Скудзельніцы — агульныя магілы.

Вось перад якой жанчынаю сядзеў новагародскі княжыч Далібор і не ведаў, аб чым весці гаворку. Ен не быў гаваруном, тым больш між чужых людзей. Выручыла княгіня.

— У вас у Новагародку, я чула, ёсць вельмі багаты святы храм, — прамовіла яна і перакінула позірк на Войшалка.

— Храм пакутнікаў Барыса і Глеба, — хуценька адказаў Далібор.

— Мяне жыццё карчом зрабіла, — сумна ўздыхнула Ганна-Паята. — Сяджу на адным месцы. А так бы хацелася з'ездзіць у Новагародак на маленне.

Далібор не паспеў адказаць. З панадворку пачуліся крыкі, рогат, дзікае конскае ржанне.

— Што там такое, Васіль? — занепакоілася княгіня. Войшалк выйшаў з малітоўні, і колькі часу Далібор з Ганнай-Паятай сядзелі моўчкі. Уляцела нейкая мошка, кінулася на полымя свечкі і згарэла з лёгкім трэскам і смуродам. Літоўскі княжыч вярнуўся з пахмурнелым тварам. Маці запытальна паглядзела на яго.

— Дружыннікі звязалі трох коней хвастамі і скаляць зубы, — растлумачыў Войшалк і дадаў: — Я загадаў развязаць.

— А дзе кунігас? — зморшчылася Ганна-Паята.

— Ен там таксама быў, смяяўся, — з неахвотаю адказаў Войшалк.

У гэты час пачуліся гучныя ўпэўненыя крокі, і ў малітоўню ўвайшоў Міндоўг. Усе ўсталі. Кунігас пацалаваў жонку ў шчаку, паляпаў сына па плячы, хітравата падміргнуў Далібору. Відно па-ўсяму, у яго быў добры настрой.

— Сонца на вуліцы, а вы каля свечак грэецеся, — весела прамовіў кунігас. — Усё Хрысту кланяецеся. Ці не стане спіна качаргою?

Заўважыўшы абураны позірк Ганны-Паяты, ён замахаў рукамі — маўчу-маўчу. Потым сеў на пуф, усміхаючыся, пачаў гаварыць:

— А мне сёння ўва сне відзежа была. Бацьку свайго нябожчыка кунігаса Рынгольта бачыў.

Пры гэтых ягоных словах усе затаілі дыханне.

— Падалося, быццам на тым свеце да бацькі я прыйшоў. Павячэралі мы, Літву нашу ўспомнілі, і пачаў я вечнае ложа рыхтаваць, мяккай зямлёю бацьку засыпаў. Назаўтра пытаюся: «Як ты спаў?» — «Ох, цяжка, — застагнаў бацька. — Чэрві і гады елі мяне». Тады я для яго скрыню драўляную, дамавіну, змайстраваў. Назаўтра бацька зноў плача, жаліцца: «Не магу тут ляжаць. Камары і пчолы кусаюць». І рашыў я па звычаю дзядоў нашых краду вогненную сатварыць 20 і паклаў кунігаса на агонь. Раніцаю пытаюся: «Як табе спалася?» Вочы ў бацькі заблішчалі, абняў ён мяне, моцна пацалаваў і звонкім голасам кажа: «Дзякуй табе, сыне. Соладка я спаў. Як дзіця ў калысцы».

20

Краду вогненную сатварыць — раскласці, запаліць ахвярнае вогнішча.

Міндоўг скончыў, уважліва паглядзеў на княгіню.

Вядома ж, у першую чаргу ёй, хрысціянцы, прызначаўся гэты расказ. Яна сядзела з нерухомым тварам, ціхая і бледная. Раптам яна ўсхліпнула.

— Перастань, — лагодным голасам сказаў Міндоўг. — Вытры слёзы.

Ганна-Паята паслухмяна выканала мужаву просьбу-загад.

— Жанчына выцірае слязу пальчыкам, мужчына — кулаком, — усміхнуўся кунігас і рашуча дадаў: — І ўсё-такі на агонь абменьваецца ўсё, і агонь — на ўсё, як на золата — тавары і на тавары — золата. Так вучыў рамейскі мудрэц Геракліт. Так вучыў вярхоўны жрэц, Вайдзевутас. Вось чаму мы ў Літве пакланяемся агню і не закопваем сваіх нябожчыкаў у зямлю.

Ен павярнуўся да Далібора.

— Засумаваў у нас новагародскі княжыч?

І, не даўшы Далібору адказаць, паклаў яму руку на. плячо.

— Заўтра на ловы паедзем, на вялікае паляванне. Ведаю, што вы, новагараджане, любіце гэту справу. Мы любім таксама. Ці не праўда, Войшалк?

— Праўда, праўда, — згодна заківаў галавою ўзрадаваны сын.

— Сабаліныя і гарнастаевы футры, па сорак і па сто штук у кіпе, мы возім у Полацк і Менск і да вас у Новагародак. А ведаеш, якія ў нас мядзведзі водзяцца? Муравейнікі, аўсянікі і сцярвятнікі. А ваўкі? Конюхі — вялікія, з шэрай поўсцю, і свінятнікі — меншыя, цёмна-жоўтыя.

Міндоўг, як, бадай, кожны літоўскі кунігас, ведаў толк у паляванні, змалку любіў яго. Мужчыны ўсхвалявана пачалі абмяркоўваць заўтрашнія ловы. І толькі Ганна-Паята, самотная душа, сядзела на сваёй канапе, рабіла выгляд, што ўважліва слухае іх, а думкі былі далёка-далёка адсюль, у нейкім захмар'і. Нездарма кажуць, што моль адзенне есць, а смутак — чалавека. Бачыўся варуцкай княгіні заліты гарачымі промнямі Афон, блакітнае ціхае мора, белыя сцены манастыроў, на якіх раскашуецца, лезе ўверх ап'янелая ад сонца вінаградная лаза. Там, у той сонечнай цішыні, жывуць, гутараць з богам смуглыя велікавокія людзі, што харчуюцца мёдам дзікіх пчол і акрыдамі, маладой смажанай саранчой. Як хацелася ёй туды з гэтай лясной глушэчы, ад крыві і страху, ад бясконцых незразумелых войнаў. Там ёсць месцы, дзе нават забаронена араць зямлю, бо зямля — жывая і саха земляроба можа прычыніць ёй боль.

На ловы Далібор узяў свой любімы лук. Літоўцы не надта ведалі гэту зброю, і Войшалк з вялікай цікавасцю круціў яго ў руках, цмокаў языком. Лук біў звера і чалавека за сто сажняў і складаўся з некалькіх частак. Галоўнаю была кібіць — дрэўка лука, кожная палавіна якога называлася плячом альбо рогам. Касцяныя накладкі называліся мадзянамі, а ніжні бок рога — падзорам. На канцах рагоў мацаваліся косці, да якіх прывязвалася цеціва. Рабілі яе з ласіных або валовых сухажылляў. Звычайна лук быў з расслабленай цецівою, і толькі перад самым паляваннем або перад самай бітвай яе нацягвалі. На левае прадплечча Далібор надзеў металічны бранзалет-наручку, каб ахоўваць руку ад удараў цецівы, а на вялікі палец той жа рукі — касцяное кольца. Стрэлы ў яго былі бярозавыя і з лясной яблыні-дзічкі.

На ловы выехалі вялікай рознакаляровай кавалькадаю. Паперадзе на белым кані ехаў Міндоўг. Побач з ім гарцавалі браты-кунігасы Вісмант і Спрудзейка, абодва светлавалосыя, вясёлыя, прыгожыя. Міндоўг казаў ім ласкавыя словы, усміхаўся ім, і яны, як маладыя жарэбчыкі, паказвалі варуцкаму кунігасу і ўсім свой спрыт і жвавасць. То вырываліся наперад, абганяючы адзін аднаго, то кідалі высока ўгору шапку і, пусціўшы коней галопам, лавілі гэту шапку на кап'ё.

— Дужа вясёлы сёння кунігас. Не чакай добрага, — ціха сказаў Далібору ваявода Хвал, які ехаў побач.

Популярные книги

Смерть

Тарасов Владимир
2. Некромант- Один в поле не воин.
Фантастика:
фэнтези
5.50
рейтинг книги
Смерть

Ищу жену для своего мужа

Кат Зозо
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.17
рейтинг книги
Ищу жену для своего мужа

Изгой. Пенталогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.01
рейтинг книги
Изгой. Пенталогия

Все не случайно

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
7.10
рейтинг книги
Все не случайно

Купец. Поморский авантюрист

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Купец. Поморский авантюрист

Испытание

Семенов Павел
4. Пробуждение Системы
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.25
рейтинг книги
Испытание

Мимик нового Мира 3

Северный Лис
2. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 3

Удиви меня

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Удиви меня

Сумеречный стрелок

Карелин Сергей Витальевич
1. Сумеречный стрелок
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок

Вперед в прошлое 2

Ратманов Денис
2. Вперед в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 2

Имперец. Земли Итреи

Игнатов Михаил Павлович
11. Путь
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
5.25
рейтинг книги
Имперец. Земли Итреи

Назад в СССР: 1985 Книга 3

Гаусс Максим
3. Спасти ЧАЭС
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.50
рейтинг книги
Назад в СССР: 1985 Книга 3

Кодекс Охотника. Книга XVII

Винокуров Юрий
17. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVII

Императорский отбор

Свободина Виктория
Фантастика:
фэнтези
8.56
рейтинг книги
Императорский отбор