Жалезныя жалуды
Шрифт:
Ен перакуліў стол, пайшоў у змрок, апусціўшы галаву. Нечаканая змена ў настроі кунігаса перапалохала чаляднікаў, здзівіла новагараджан. Толькі ваявода, быццам нічога не здарылася, спакойна сядзеў на кляновай лаве з перапэцканым тварам. Па шчоках цяклі бліскучыя ручайкі. І не слёзы гэта былі, а гусіны тлушч.
— Ідзі сюды, княжыч, — паклікаў Далібора Міндоўг. Калі Далібор падышоў, горача схапіў яго за плячук, загаварыў: — Я самы моцны і самы багаты ў Літве. У мяне ёсць рабы, у мяне ёсць зямля. Мае коймінцы аруць на валах, а не на худых конях, як у Даўспрунка. У мяне тысячы сярпоў і сох, а кавалі куюць лепшыя баявыя сякеры, лепшыя, чым у лівонцаў. Мае людзі вязуць за рубеж футравіну, якой дзівяцца Рым і Брэмен. Вы ў Новагародку моліцеся пры свечках, зробленых з майго воску. Ты верыш мне? — запытаў ён раптам.
— Веру, — адказаў Далібор.
— Літву хачу бачыць моцнаю, як святы дуб, пад якім сядзіць Крыве, — казаў далей варуцкі кунігас, і чорна-зялёныя вочы натхнёна свяціліся. — Усіх, хто пакланяецца Пяркунасу, хачу сабраць пад сваім сцягам. Ты верыш мне?
— Веру, —
— У мяне шмат валоў, і я сам раблю, як вол. Хіба гэта дрэнна, княжыч? — спяшаючыся, гаварыў Міндоўг. — Калі я караю ворагаў, здраднікаў, адступнікаў, калі я на сваю зялёную зямлю лью іхнюю чорную кроў, я мацую Літву. Хіба гэта дрэнна?
«Ён размаўляе са мной, як размаўляў бы са сваім духоўнікам, калі б быў хрысціянінам, — здагадаўся Далібор. — Ен хоча аблегчыць душу, а тут, у Варуце, няма перад кім — яго або баяцца і, як рабы, поўзаюць каля ягоных ног, або не жадаюць зразумець, хоць прыкідваюцца, што згодныя з кожным кунігасавым словам. Ен — няшчасны». Новагародскі княжыч, зрабіўшы такое адкрыццё, паўжыцця аддаў бы, каб прасвятліць яшчэ адну пякучую таямніцу — даведацца, ці родная ў іх кроў. Але як разблытаць і вымудрыць такое? Не спытаеш (вочы ў вочы) у кунігаса. Міндоўг, як баявы сокал, пэўна, бачыў на сваім жыцці нямала светлых саколак. Але ж адна з гэтых саколак, калі верыць праклятаму ведзьмаку з Цёмнай гары, княгіня Новагародская. Як падступіцца да гэтай загадкі?
Калі паклаліся спаць, прысніўся Далібору нейкі заблытаны цьмяны сон. Убачылася яму дрымотная пушча — мох спаўзае сівымі вужакамі са старых дрэў, пахне кіслай цвіллю, на вільготнай зямлі пад яловымі лапамі ляжаць ірваныя плямы няяркага нежывога святла, чуецца густы і трывожны шум, але невядома, што шуміць, бо ні лісцік, ні іголачка, ні травінка наўкол не зварухнуцца. У гэтай пушчы Далібор як у бяздонным калодзежы. Крычы ні крычы, слабы голас вяртаецца назад, адбіўшыся ад стромкіх слізкіх ствалоў. Мноства пнёў, з'едзеных старасцю, аплеценых срэбна-шэрымі ніткамі моху, у гэтай пушчы. І ўсюды стаяць шкілеты велізарных зуброў, ласёў і дзікоў. Толькі жоўтыя косці стаяць, між якіх журботна свішча вецер. Чаму яны не рассыпаюцца, не падаюць? Якая сіла трымае іх? Страшна Далібору. І раптам аднекуль з'яўляецца жвавая птушка, сінякрылая сойка. Яна лётае над самай галавой і нібы кліча за сабою. Далібор, спатыкаючыся, бяжыць за сойкай, разумее, што толькі яна выратуе яго, выведзе з жахлівай бясконцай пушчы. І вось ужо святлее наўкол, ажывае душа, нібы кветка на сонцы. Птушка вылётвае на шырокую паляну, дзе ўсё заліта гарачымі промнямі, дзе на невысокім затравелым пагорку расце дуб незвычайнай велічыні і моцы. Далібор здагадваецца, нібы нехта шапнуў на вуха, што перад ім — князь дубоў. Сойка з усяго лёту б'ецца аб жалезную дубовую кару, чуецца трэск, успыхвае іскрысты ярка-белы клубок святла, і перад княжычам стаіць Міндоўг. «Бачыў звярыныя шкілеты ў пушчы?» — пытаецца кунігас. «Бачыў», — адказвае спалоханы княжыч. «Там ёсць і чалавечыя косці. Там ёсць косці Рушкавічаў». Міндоўг захліпіста смяецца, задраўшы ўгору цёмную з рудой падпалінкай бараду. Потым жылістай моцнай рукою згінае пругкі дубовы сук. І Далібор бачыць на тым суку жалезныя жалуды з меднымі лускаватымі шапачкамі-капялюшыкамі. Яны аж гараць на сонцы, слепяць вочы. Увесь дуб абсыпаны імі. «Вось мая сіла», — з вялікай лагодай у голасе кажа Міндоўг і гладзіць іх, як гладзяць маленькіх дзетак. Раптам у кунігасавым позірку ўспыхвае злавесная чорная маланка, твар перакошваецца, вочы, здаецца, вылузваюцца з вачніц. «Не хапае аднаго! — крычыць ён з найвялікшым гневам. — Кожны дзень я іх лічу. Не хапае аднаго жолуда! Ты сарваў!» Ен кідаецца на размяклага ад жаху Далібора і пачынае душыць яго. А над плячом у кунігаса пырхае сінякрылая сойка, задаволена смяецца і кажа чалавечым, дзіцячым, галаском: «Аддай мне яго галаву, я занясу яе ў сваё гняздо».
Далібор усхапіўся са звярыных шкур, на якіх спаў. Сэрца аж выломвалася з грудзей. Над Варутай плыло мяккае ранішняе сонца. Звонка білі ў жалезныя кавадлы кавалі.
Міндоўг з Войшалкам, засяроджаныя, маўклівыя, ужо чакалі новагародскага княжыча. Халоп Найдзён паліў яму са срэбнага рукамыя на рукі, паднёс белы льняны ручнік, і, нават не паснедаўшы, не кінуўшы крошкі хлеба на зуб, Далібор пайшоў глядзець, як літоўцы ўмацоўваюць сцены сваёй Варуты. Каб пачуваць сябе спакойным у час наездаў-нападаў Таўцівіла з Эдзівідам, Міндоўг загадаў павялічыць таўшчыню і вышыню сцен. Сотні коймінцаў пад наглядам кунігасавых дружыннікаў цягалі з лугоў і палёў велізарныя камяні, секлі дрэвы, капалі пясок і гліну. Яны працавалі амаль без перадыху. Толькі тады, калі дзённая спёка стане асабліва бязлітасная, іх ненадоўга адпусцяць у цянёк, дадуць па кавалку хлеба са скрыльком мяса і па кварце халоднай вады.
Убачыўшы кунігаса, коймінцы здзерлі з галоў ваўняныя шапкі і саламяныя капелюшы. Спіны былі мокрыя ад поту. Міндоўг строга паглядзеў на сваіх падуладнікаў, сказаў:
— Марудна працуеце.
Потым павярнуўся да дружыннікаў, загадаў:
— Як скончаць работу, дайце кожнаму па дзесяць гарачых кіёў. Лянівыя рабы мне не патрэбны. Шкуру спушчу з усіх, але Варуту зраблю непрыступнай скалою.
Ён нахіліў галаву, хутка пакрочыў уздоўж сцяны. Коймінцы, пакуль ён ішоў, не смелі глянуць на яго.
Так Далібор пачаў жыць у Варуце. Памятаючы бацькаў наказ,
Ляцелі дні. Амаль кожны вечар Міндоўг шчодра частаваў новагараджан, не шкадаваў прыпасаў, якіх, калі шчыра прызнацца, заставалася не надта шмат. Усе абозы, што ішлі ў Варуту, перапынялі Таўцівіл з Эдзівідам.
Два разы Далібор патаемна пасылаў у Новагародак дружынніка Веля, дакладваў князю Ізяславу аб літоўскіх справах. Вайна на першы погляд абяцала быць бясконцай. І ўсё-такі Далібор, а следам за ім і князь Ізяслаў цвёрда верылі, што пераможа Міндоўг. Як вой і як стратэг, ён на дзве галавы быў вышэй сваіх ворагаў. Акрамя таго варуцкага кунігаса падтрымліваў сам Крыве-Крывейта. Першы служка Пяркунаса, якім быў Крыве-Крывейта, шукаў таго, хто б змог абараніць святы агонь-зніч ад крыжакоў. У гаданнях праводзілі ўсе дні вайдэлоты, гадалі па зорках, па крыві забітых жывёл, па шуму дубоў, злавілі і спалілі рыжавалосага немца, бо надта даспадобы знічу такі колер, колер іскраў і вуголляў. Паварочваліся гаданні на карысць Міндоўга. Яго хацеў бачыць Пяркунас вярхоўным уладаром свайго народа. Не ўсім кунігасам гэта падабалася. Выкант у Жамойці ў сваім горадзе Цвірамеці хваліўся, што прыйдзе ў Варуту, абрэжа Міндоўгу бараду, і будзе варуцкі кунігас пасвіць гусей. Жамойцкі Трайнат, як перадавалі верныя віжы, таксама ў шаленстве тупаў нагамі, калі нехта асмельваўся хваліць Міндоўга.
«Цяжка табе», — думаў Далібор, назіраючы за Міндоўгам. Складаныя былі адносіны новагародскага княжыча да варуцкага кунігаса. Захапляўся ім, дужа паважаў за адчайную смеласць і няўтрымнасць, за жалезную рашучасць і волю. Бачыў, як усе наўкол баяцца кунігаса, бо вялікі страх наводзіў на людзей. Пра такі страх добра пісалі іудзейскія мудрацы: «Набліжаючыся да ўладара, падай на твар свой». Усё болей пераконваючыся, што Міндоўг не можа быць ягоным бацькам, Далібор адчуваў сваю залежнасць ад яго. І не толькі сваю, а ўсёй Новагародскай зямлі. Гэты жалезны чалавек, як толькі надарыцца зручная часіна, схопіць за кадык новагараджан. І невядома яшчэ, хто пераможа — Ізяслаў ці Міндоўг.
А між тым ішла вайна. Далібор з ваяводам Хвалам і новагародскай дружынаю ўжо некалькі разоў поплеч з Міндоўгам і Войшалкам секся ў лютай сечы, адкідваў ад Варуты ворагаў. Шмат пабілі, разагналі па лясах. Міндоўг быў нястомны ў розных прыдумках-хітрыках. Даведаўшыся, што ў пушчы за ракой Рутай сабралася незлічонае мноства Таўцівілавых людзей, абклаў, абкружыў іх з усіх бакоў, а перад самай бітваю выпусціў галодных пчол з вулляў. Наўмысна некалькі дзён запар затыкалі ў вуллях лёткі. Раз'юшаныя пчолы, цэлыя хмары, цэлыя гудлівыя медна-шэрыя воблакі, рынуліся на дружыннікаў. Дарэмна Таўцівіл махаў мячом, клікаў на сечу. На злом галавы пабеглі хто куды ягоныя людзі. Шмат каго на вяроўцы прыгнаў у той дзень Міндоўг у Варуту. Калі ж вярталіся, задаволеныя перамогай, у горад, насустрач войску паслала неба невялікі абозік. Дзесяць — пятнаццаць фурманак, гружаных соллю, жалезным таварам, валошскім 17 віном, калаціліся, рыпелі ў лясной глушэчы.
17
Валошскім — італьянскім.