Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Хоць круглая плошча майго лецішча мела каля дваццаці пяці ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколіны) хутка засланілі яе сваімі галінамі і давалі такі густы цень, што ў ім можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькі дзесяткаў гэтакіх жа калоў і ўбіць іх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я і зрабіў. Я ўбіў іх у зямлю ў два рады, адступіўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прыняліся, і неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку бараніла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне і зусім іншую, больш важную службу.
Да
Палова лютага. Сакавік. Палова красавіка.
Дажджы.
Сонца стаіць у зеніце.
Палова красавіка. Май. Чэрвень. Ліпень. Палова жніўня.
Суха.
Сонца рухаецца да поўначы.
Палова жніўня. Верасень. Палова кастрычніка.
Дажджы.
Сонца ў зеніце.
Палова кастрычніка. Лістапад. Снежань. Студзень. Палова лютага.
Суха.
Сонца рухаецца на поўдзені.
Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы і карацейшы — гэта залежыць ад ветру, — а ўвогуле я вызначыў іх правільна. Паступова, з практыкі, я ўпэўніўся, што мне вельмі небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзіцца пад адкрытым небам: гэта шкодзіць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабіў запас правізіі, каб як мага радзей выходзіць за парог, і ўсе дажджлівыя месяцы стараўся сядзець дома.
Раздзел адзінаццаты
Рабінзон працягвае даследаваць выспу
Не раз спрабаваў я сплесці сабе кош, але дубцы, якія мне трапляліся, былі такія крохкія, што ў мяне нічога не атрымлівалася.
Дзіцем яшчэ любіў я хадзіць да карзіншчыка, які жыў у нашым горадзе. Я ўважліва назіраў, як ён робіць кашы. І цяпер гэта мне вельмі прыдалося. Усе дзеці назіральныя і любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзіншчыка, я неўзабаве скеміў, як ён пляце свае кашы і карзіны, і, як умеў, хутка пачаў і сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесці не горш за свайго прыяцеля… І вось цяпер у мяне не было толькі адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а ці не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якіх я гарадзіў свой частакол? У іх жа галіны павінны быць гэтакія ж гнуткія, як у нашае лазы ці вярбы. І я вырашыў паспрабаваць.
На другі ж дзень я пайшоў на лецішча, выбраў і зрэзаў некалькі самых тонкіх дубцоў і ўпэўніўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць іх, таму што дрэвы гэтай пароды раслі тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана і схаваў там.
Як толькі пачаліся дажджы, я сеў за працу і пачаў плесці кашы. Яны служылі мне на розныя патрэбы: я насіў імі зямлю, складаў у іх розныя рэчы і г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымліваліся не вельмі каб зграбныя, але яны былі трывалыя і добра апраўдвалі сваё прызначэнне. А мне гэта толькі і трэба было.
З таго часу мне нярэдка даводзілася плесці кашы: старыя ламаліся і зношваліся і патрэбны былі новыя. Я плёў розныя кашы — і вялікія
Я казаў ужо, што мне вельмі хацелася абысці ўсю выспу і што я некалькі разоў даходзіў да ручая і яшчэ вышэй — да таго месца, дзе я збудаваў будан.
Адтуль лёгка можна было прайсці да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ ні разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту і куляў, прыхапіў на ўсякі выпадак два сухары і вялікую гронку разынак і падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.
Калі я дайшоў да свайго будана, я не спыніўся і рушыў далей на захад. І раптам, прайшоўшы з паўгадзіны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялікае здзіўленне, паласу зямлі.
Быў яркі сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта ці выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень і знаходзілася ад маёй выспы вельмі далёка — па майму разліку, міляў за сорак, калі не больш.
Я не меў аніякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкі, што ляжала, як відаць, непадалёку ад гішпанскіх уладанняў. Зусім магчыма, што там жывуць дзікуны-людаеды і што, калі б я трапіў туды, становішча маё было б куды горшае, чым зараз.
Гэта думка міжволі ўзрадавала мяне.
Значыць, зусім дарэмна праклінаў я свой горкі лёс. Жыццё маё магло б скласціся куды горш. Значыць, я зусім дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкінула мяне менавіта сюды, а не ў нейкае іншае месца. Значыць, я павінен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.
Разважаючы такім чынам, я не спяшаўся і паволі ішоў наперад, і пры гэтым на кожным кроку ўсё больш і больш пераконваўся, што гэта частка выспы, дзе я знаходзіўся зараз, была куды больш прывабнай, чым тая, дзе я збудаваў сваё першае жытло. Усюды тут распасціраліся зялёныя квітнеючыя паляны, цудоўныя гаі, звінела спевам птаства.
Я заўважыў, што тут вадзілася мноства папугаяў, і мне захацелася аднаго злавіць: я спадзяваўся прыручыць яго і навучыць гаварыць. Пасля некалькіх няўдалых спроб мне ўсё ж удалося злавіць маладога папугая: я падбіў яму палкаю крыло. Аглушаны маім ударам, ён зваліўся на зямлю. Я падняў яго і прынёс дадому. Пазней мне ўдалося дабіцца, каб ён клікаў мяне маім імем.
Я дайшоў да марскога берага і ўпэўніўся, што лёс закінуў мяне на самую горшую частку выспы.
Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамі, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькі тры. Тут была безліч птушак разнастайных парод. Былі і такія, якіх я ніколі не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмі смачным, хоць я нават не ведаў, як іх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымі лепшымі былі пінгвіны.
Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсіх адносінах і больш прывабны за мой. І ўсё роўна я не меў ніякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцін; тут жа я адчуваў сябе падарожнікам, госцем, тут я адчуваў сябе ніякавата, і мяне цягнула дадому.