Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Спачатку я ставіў сілкі, і козы нярэдка траплялі ў іх. Але мне ад гэтага было мала карысці: козы з'ядалі прынаду, а потым разрывалі сілкі і зусім спакойна ўцякалі на волю. На жаль, у мяне не было дроту, і сілкі даводзілася рабіць вераўчаныя.
Тады я вырашыў пакапаць воўчыя ямы. Ведаючы мясціны, дзе козы хадзілі часцей за ўсё, я выкапаў там тры глыбокія ямы, накрыў іх пляцёнкамі ўласнаручнай работы і паклаў на кожную пляцёнку ахапак каласоў рысу і ячменю. Хутка я ўпэўніўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былі з'едзены і вакол былі відаць сляды казіных капытоў. Тады я прыдумаў
Старога казла я выпусціў на волю, бо не ведаў, што з ім рабіць. Ён быў такі дзікі і злосны, што ўзяць яго жывога было немагчыма (я баяўся зайсці да яго ў яму), а забіваць яго не было патрэбы. Як толькі я падняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы і прыпусціў з усіх ног наўцёкі.
Пазней мне давялося ўпэўніцца, што голад утаймоўвае нават ільвоў. Але тады я гэтага не ведаў. Калі б я прымусіў казла пагаладаць дні тры-чатыры, а потым прынёс яму вады і крыху каласоў, ён бы ўціхамірыўся і быў бы спакойны не горш за маіх казлянят.
Козы наогул вельмі разумныя і паслухмяныя. Калі з імі добра абыходзіцца, іх зусім не цяжка прыручыць.
Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусціўшы казла, я падышоў да тае ямы, дзе сядзелі казляняты, выцягнуў іх усіх траіх па адным, звязаў разам вяроўкаю і ледзьве прывалок іх дадому.
Даволі доўга я не мог прымусіць іх есці. Апрача малака маці, яны яшчэ не ведалі іншай ежы. Але калі яны добра выгаладаліся, я кінуў ім некалькі сакавітых каласоў, і яны памалу ўзяліся за ежу. Неўзабаве яны прывыклі да мяне і зрабіліся зусім ручныя.
З таго часу я пачаў разводзіць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзіны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калі ў мяне скончыцца порах і шрот.
Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццаці коз, лічачы з казлянятамі, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучаліся паміж сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другі.
У мяне цяпер быў невычарпальны запас казінага мяса і малака. Кажучы па шчырасці, калі я толькі браўся разводзіць коз, я нават і не думаў пра малако. Толькі пазней я пачаў іх даіць.
Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкі, каб убачыў мяне з маім сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль і ўладар выспы, які поўнаўладна распараджаўся жыццём усіх сваіх падданых: я мог караць і мілаваць, дараваць і адбіраць волю, і сярод маіх падданых не было ніводнага бунтаўшчыка.
Трэба было бачыць, з якой каралеўскай пышнасцю я абедаў адзін, акружаны маімі прыдворнымі. Толькі Попку, пястуну, дазвалялася размаўляць са мной. Сабака, які даўно ўжо састарыўся, садзіўся заўсёды з правай рукі свайго ўладара, а злева сядалі каты, чакаючы падачкі з маіх уласных рук. Такая падачка лічылася знакам асаблівай каралеўскай міласці.
Гэта былі не тыя каты, якіх я прывёз з карабля. Тыя даўно памерлі,
Паўтараю: я жыў сапраўдным каралём, ні ў чым не маючы патрэбы; вакол мяне заўсёды быў цэлы штат адданых мне прыдворных — не было толькі людзей. Аднак, як убачыць чытач, неўзабаве прыйшоў час, калі ў маіх уладаннях з'явілася нават вельмі многа людзей.
Я цвёрда вырашыў ніколі больш не распачынаць небяспечных марскіх падарожжаў, і ўсё роўна мне вельмі хацелася мець пад рукамі лодку — хаця б для таго, каб плаваць на ёй каля самага берага. Я часта думаў пра тое, як бы мне перавесці яе на той бок выспы, дзе была мая пячора. Але, разумеючы, што ажыццявіць гэты план цяжка, кожны раз я супакойваў сябе тым, што мне добра і без лодкі.
Аднак, сам не ведаю чаму, мяне вельмі цягнула да тае горкі, куды я ўзбіраўся ў час мае апошняе паездкі. Мне хацелася яшчэ раз паглядзець адтуль, якія абрысы берагоў і куды накіроўваецца цячэнне. У рэшце рэшт я не вытрымаў і падаўся ў дарогу — на гэты раз пехатой, уздоўж берага.
Калі б у нас, у Ангельшчыне, з'явіўся чалавек у такой адзежы, якая была на мне ў той час, усе прахожыя, я ўпэўнены, разбегліся б ад страху або пакаціліся б са смеху; ды і сам я не раз, гледзячы на сябе, міжвольна ўсміхаўся, уяўляючы сабе, як я шпацырую па родным Йоркшыры з такой світай і ў такім убранні.
На галаве ў мяне ўзвышалася спічастая няўклюдная шапка з казінага футра. Яна спаўзала мне на патыліцу, каб прыкрываць маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваць вадзе ліцца за каўнер. У гарачым клімаце няма нічога больш шкоднага, чым дождж, які трапляе за адзежу на голае цела.
Затым на мне быў доўгі камзол з таго ж матэрыялу, амаль да каленяў. Штаны былі са скуры вельмі старога казла з такой доўгай поўсцю, што яны закрывалі мне ногі амаль да паловы лытак. Панчох у мяне зусім не было, а замест чаравікаў я змайстраваў сабе — не ведаю, як і назваць, — боты не боты з доўгімі шнуркамі, якія завязваліся збоку. Абутак гэты быў вельмі дзіўны, як, зрэшты, і ўсё астатняе маё ўбранне.
Камзол я падпярэзваў шырокай папругай з казінай скуры; спронжку мне замянілі два шкурацікі, а з бакоў я прышыў па пятлі — не шпагу і кінжал насіць, а для пілы і сякеры.
Апрача таго, я надзяваў скураную перавязь цераз плячо з такімі ж засцежкамі, як і на папрузе, толькі крыху вузейшымі. Да гэтай перавязі я прымацоўваў дзве сумкі так, каб яны знаходзіліся пад левай рукой: у адной быў порах, у другой шрот. За спіною ў мяне вісела карзіна, за плячыма стрэльба, а над галавою — вялізны футравы парасон. Парасон быў брыдкі, але ён быў, бадай, самай неабходнай прыналежнасцю пры маіх дарожных зборах. Больш патрэбная за парасон — была хіба толькі стрэльба.
Колерам твару я найменш, чым можна было чакаць, нагадваў негра, улічваючы тое, што я жыў непадалёк ад экватара і ніколькі не баяўся загару.