Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Спачатку я адпусціў сабе бараду. Барада вырасла непамернай даўжыні. Потым я пагаліў яе, пакінуўшы толькі вусы; але затое вусы выгадаваў незвычайныя, сапраўдныя турэцкія. Яны былі такой страшэннай даўжыні, што ў Ангельшчыне палохалі б прахожых.
Але пра ўсё гэта я зазначаю між іншым: не надта многа было на выспе гледачоў, якія маглі б захапляцца маім тварам і паставай, — дык ці не ўсё роўна, якая была ў мяне знешнасць! Я загаварыў пра яе проста таму, што прыйшлося да слова, і больш ужо не буду весці гаворкі на гэту тэму.
Раздзел семнаццаты
Нечаканая
Неўзабаве адбылася падзея, якая рашуча парушыла спакойнае цячэнне майго жыцця.
Было пад поўдзень. Я ішоў берагам мора, накіроўваючыся да свае лодкі, і раптам, на вялікае здзіўленне і жах, убачыў на пяску выразны след босай чалавечай нагі!
Я спыніўся і не мог крануцца з месца, як быццам мяне ўдарыла громам, як быццам я ўбачыў здань.
Я пачаў прыслухоўвацца, я азіраўся навокал, але не чуў і не бачыў нічога падазронага.
Я ўзбег наверх па ўзбярэжнаму схілу, каб лепш агледзець увесь краявід; зноў спусціўся да мора, прайшоў уздоўж берага — і нідзе не знайшоў нічога: ніякіх прыкмет прысутнасці людзей, апрача гэтага адзінага адбітка нагі.
Я вярнуўся яшчэ раз на тое ж месца. Мне хацелася даведацца, ці няма там яшчэ адбіткаў. Але другіх адбіткаў не было. Магчыма, мне здалося? Магчыма, гэты след не належаў чалавеку? Не, я не памыліўся! Гэты быў несумненна след нагі чалавека: я выразна адрозніў пяту, пальцы, падэшву. Адкуль тут узяўся чалавек? Як ён сюды трапіў? Я губляўся ў здагадках і не мог спыніцца ні на чым пэўным.
Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлі пад нагамі, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкі блыталіся ў маёй галаве.
Праз кожныя два-тры крокі я азіраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.
Немагчыма апісаць, якую нечаканую і палахлівую форму набывалі раптам усе рэчы ў маім узбуджаным уяўленні, якія дзікія фантастычныя думкі хвалявалі мяне ў той момант і якія бязглуздыя намеры прыходзілі мне ў галаву па дарозе.
Дабраўшыся да свае крэпасці (так я пачаў з таго дня называць сваё жытло), я імгненна апынуўся за агароджай, нібыта за мною гналася пагоня.
Я нават не мог успомніць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымі лескамі, як заўсёды, ці зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, які я выкапаў у гары. Я і на другі дзень не здолеў прыпомніць гэтага.
Ніводзін заяц, ніводзін ліс, ратуючыся ад зграі сабак, не ўцякалі так у сваю нару, як я.
Усю ноч я не мог заснуць і тысячу разоў задаваў сабе адно і тое ж пытанне: якім чынам здолеў трапіць сюды чалавек?
Магчыма, гэта адбітак нагі якога-небудзь дзікуна, які трапіў на выспу выпадкова. А можа, дзікуноў было многа? Магчыма, яны выйшлі ў мора на сваёй пірозе і іх прыгнала сюды цячэннем ці ветрам? Зусім магчыма, што яны пабылі на беразе, а потым зноў выйшлі ў мора, таму што ў іх, відаць, было гэтак жа мала жадання заставацца ў гэтай пустыні, як у мяне — жыць па суседству з імі.
Вядома, яны не заўважылі мае лодкі, інакш здагадаліся б, што на выспе жывуць людзі, пачалі б шукаць іх і напэўна знайшлі б мяне.
Але тут мяне апякла страшэнная думка: «А
«Праўда, — казаў я сабе, — яны зноў пайшлі ў мора, але гэта яшчэ нічога не даказвае; яны вернуцца, яны абавязкова вернуцца з цэлым натоўпам другіх дзікуноў і тады знойдуць мяне і з'ядуць. А калі ім і не ўдасца знайсці мяне, усё роўна яны ўбачаць мае палі, мае загарадкі, яны знішчаць увесь мой хлеб, згоняць мой статак, і мне давядзецца загінуць з голаду».
Першыя трое сутак пасля майго жахлівага адкрыцця я ні на хвіліну не пакідаў свае крэпасці, так што пачаў нават галадаць. Я не трымаў дома вялікіх запасаў харчавання, і на трэція суткі ў мяне заставаліся толькі ячменныя праснакі і вада.
Мяне мучыла таксама і тое, што мае козы, якіх я звычайна даіў кожны вечар (гэта была штодзённая забава), цяпер заставаліся нядоеныя. Я ведаў, што бедныя жывёліны праз гэта павінны былі вельмі пакутаваць; апрача таго, я баяўся, што ў іх можа загінуць малако. І мой страх спраўдзіўся: большасць коз захварэла і амаль перастала даваць малако.
На чацвёртыя суткі я набраўся адвагі і выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з'явілася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю ранейшую бадзёрасць. Якраз тады, калі мой страх, здавалася, дасягнуў вяршыні, калі ад адной здагадкі я кідаўся да другой і ні на чым не мог спыніцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а ці не выдумаў я ўсю гэту гісторыю са следам чалавечай нагі і ці не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калі я перадапошні раз хадзіў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, і хіба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што ішоў тады менавіта той, а не гэтай дарогай?
Я пастараўся запэўніць сябе, што так яно і было, што гэта мой уласны след і што я быў падобны на таго дурня, які выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны і сам жа палохаўся свае байкі.
Вядома, гэта быў мой уласны след!
Упэўніўшы сябе такім чынам, я пачаў выходзіць з дому па розных гаспадарчых справах. Я пачаў кожны дзень бываць у сябе на лецішчы. Там я даіў коз, збіраў вінаград. Але калі б вы пабачылі, як я баязліва ішоў туды, як часта азіраўся па баках, гатовы ў любы момант кінуць сваю карзіну і сам кінуцца ўцякаць, вы, напэўна, падумалі б, што я нейкі страшэнны злачынца, якога прыгнятаюць пакуты сумлення.
Аднак прайшло яшчэ два дні, і я зрабіўся куды смялейшы. Я канчаткова ўпэўніў сябе, што ўвесь мой страх — не інакш як вынік недарэчнай памылкі, але, каб ужо не заставалася ніякіх сумненняў, я вырашыў яшчэ раз схадзіць на той бераг і параўнаць таямнічы след з адбіткам мае ўласнае нагі. Калі і той і мой след будуць аднолькавых памераў, то я магу быць упэўнены, што след, які мяне напалохаў, быў мой уласны і што я спалохаўся сябе самога.
З гэтым рашэннем я і падаўся ў дарогу. Але калі я прыйшоў на тое месца, дзе быў таямнічы след, для мяне, па-першае, стала зразумела, што, калі я выйшаў той раз з лодкі і вяртаўся дадому, я ніякім чынам не мог апынуцца на гэтым месцы, а па-другое, калі я для параўнання паставіў сваю нагу, выявілася, што мая нага была куды меншая!