Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Апрача сабакі, на караблі не засталося ніводнай жывой істоты.
Большую частку рэчаў, відаць, таксама змыла ў мора, а тыя, што засталіся, прамоклі. Праўда, у труме стаялі нейкія бочкі з віном ці з гарэлкай, але яны былі такія вялікія, што я нават не спрабаваў скрануць іх з месца.
Было там яшчэ некалькі скрыняў, якія, відаць, належалі матросам; дзве скрыні я знёс у лодку, нават не паспрабаваўшы адчыніць іх. Калі б замест насавой часткі ўцалела карма, мне, напэўна, трапілася б нямала дабра, таму што нават у гэтых дзвюх скрынях я пасля знайшоў сякія-такія каштоўныя рэчы. Карабель, відаць, быў вельмі багаты.
Апрача скрынь, я знайшоў на караблі бочачку з
З усім гэтым грузам, а таксама з сабакам я адчаліў ад карабля, бо пачынаўся прыліў. У той жа дзень, недзе к гадзіне ночы, я вярнуўся на выспу стомлены і змучаны ўшчэнт. Я вырашыў перанесці сваю здабычу не ў пячору, а ў новы грот, таму што туды было бліжэй. Ноч я зноў пераначаваў у лодцы, а раніцой, падмацаваўшыся снеданнем, выгрузіў на бераг прывезеныя рэчы і ўважліва іх перабраў і перагледзеў. У бочачцы быў ром, але, сказаць па праўдзе, няўдалы, куды горшы за той, які мы пілі ў Бразіліі.
Затое, калі я адчыніў скрыні, я знайшоў у іх многа карысных і каштоўных рэчаў.
У адной з іх быў, напрыклад, куфэрак вельмі зграбнай і мудрагелістай формы. У куфэрку было многа бутэлек з прыгожымі срэбнымі коркамі; у кожнай бутэльцы не менш трох пінт выдатнага духмянага лікёру.
Там жа я знайшоў чатыры бляшанкі цудоўнай зацукраванай садавіны; на жаль, дзве з іх былі сапсаваны салёнай марской вадой, але дзве былі так шчыльна закаркаваны, што ў іх не пранікла ні кроплі вады. У скрыні я знайшоў некалькі зусім яшчэ моцных сарочак, і гэта знаходка мяне вельмі ўзрадавала; затым паўтары тузіны каляровых шыйных хусцінак і столькі ж белых палатняных насавых хусцінак, якія мяне вельмі ўзрадавалі, таму што няма нічога прыемней, як у гарачыню выціраць спацелы твар тонкай палатнянай хусцінкай.
На дне скрыні я знайшоў тры мяшэчкі з грашыма і некалькі невялікіх зліткаў золата, вагою, мне здаецца, каля фунта.
У другой скрыні былі курткі, штаны і камзолы, даволі паношаныя, з таннай матэрыі.
Прызнацца, калі я збіраўся на гэты карабель, я думаў, што знайду на ім куды больш карысных і каштоўных рэчаў. Праўда, я разжыўся на даволі прыстойную суму грошай, але ж грошы цяпер былі для мяне непатрэбным смеццем! Я ахвотна аддаў бы ўсе тыя грошы за тры-чатыры пары самых звычайных чаравікаў і панчох, якіх не насіў вось ужо некалькі год.
Склаўшы здабычу ў надзейным месцы і пакінуўшы там сваю лодку, я рушыў назад пехатой. Была ўжо ноч, калі я вярнуўся дадому. Дома ўсё было ў поўным парадку: спакойна, утульна і ціха. Папугай прывітаў мяне ласкавым словам, а казляняты з такой радасцю кінуліся да мяне, што я не мог не пагладзіць іх і не даць ім свежых каласоў.
Ранейшыя мае страхі з таго часу як быццам развеяліся, і я зажыў па-старому, без усякіх хваляванняў, урабляючы свае палі і даглядаючы жывёлу, да якой прывык яшчэ мацней, чым раней.
Так я пражыў амаль два гады, у поўным дастатку, не ведаючы ніякіх нягод. Але ўсе гэтыя два гады я толькі і думаў пра тое, як бы мне пакінуць маю выспу. З той хвіліны, як я ўбачыў карабель, які абяцаў мне волю, мая адзінота зрабілася для мяне яшчэ больш ненавіснай. Дні і ночы праводзіў
Нарэшце я прыйшоў да пераканання, што мне ўдасца вырвацца на волю толькі ў тым выпадку, калі я захаплю каго-небудзь з дзікуноў, якія наведваюць маю выспу. Лепш за ўсё было б захапіць аднаго з тых няшчасных, якіх гэтыя людаеды прывозілі сюды, каб разарваць і з'есці. Я выратую яму жыццё, і ён дапаможа мне вырвацца на волю. Але план гэты вельмі цяжкі і небяспечны: для таго, каб захапіць патрэбнага мне дзікуна, я павінен буду напасці на натоўп людаедаў і перабіць усіх да адзінага, а гэта наўрад ці мне ўдасца. Апрача таго, мая душа жахалася пры адной толькі думцы, што мне давядзецца праліць столькі чалавечай крыві няхай сабе і дзеля ўласнага выратавання.
Доўга гэтак змагаўся я сам з сабою, пакуль, нарэшце, палымяная прага волі не перамагла ўсе довады развагі і сумлення. Я вырашыў, чаго б гэта ні каштавала, захапіць аднаго з дзікуноў у першы ж раз, як яны прыедуць на маю выспу.
І вось я пачаў амаль штодня падкрадвацца ад свае крэпасці да таго далёкага берага, да якога найбольш пэўна маглі прычаліць пірогі дзікуноў. Я хацеў захапіць іх знянацку. Але прайшло паўтара года — і нават болей, — а дзікуны не паказваліся. У рэшце рэшт нецярпенне маё зрабілася такое неадольнае, што я зусім забыў пра асцярожнасць і ўявіў сабе чамусьці, што, калі б мне давялося стрэцца з дзікунамі, я лёгка справіўся б не толькі з адным, але і з двума і нават з трыма.
Раздзел дваццаць першы
Рабінзон выратоўвае дзікуна і дае яму імя Пятніца
Уявіце ж сабе маё здзіўленне, калі аднойчы, выйшаўшы з крэпасці, я ўбачыў унізе каля самага берага (гэта значыць зусім не там, дзе я чакаў іх убачыць) пяць ці шэсць індзейскіх пірог. Пірогі стаялі пустыя. Людзей не было відаць. Напэўна, яны выйшлі на бераг і некуды схаваліся.
Ведаючы, што ў кожную пірогу звычайна садзіцца чалавек па шэсць, а то і болей, прызнацца, я вельмі разгубіўся. Я ніяк не чакаў, што мне давядзецца ўступіць у бойку супроць такой вялікай варожай сілы.
«Іх не меней за дваццаць чалавек, а то, бадай, усе трыццаць будзе. Хіба я адзін усіх іх адолею!» — занепакоена падумаў я.
Я быў у нерашучасці і не ведаў, што мне рабіць, але ўсё ж засеў у сваёй крэпасці і падрыхтаваўся да бою.
Навокал была цішыня. Я прыслухоўваўся, ці не пачуюцца з таго боку крыкі або песні дзікуноў. Нарэшце мне надакучыла чакаць. Я пакінуў сваю стрэльбу пад лескамі і падняўся на вяршыню ўзгорка.
Высоўваць галаву было небяспечна. Я схаваўся за гэтай вяршыняй і пачаў глядзець у падзорную трубу. Дзікуны цяпер вярнуліся да сваіх лодак. Іх было не меней за трыццаць чалавек. Яны расклалі на беразе вогнішча і, відаць, гатавалі на агні нейкую ежу. Што яны гатавалі, я не мог разгледзець, бачыў толькі, што яны скачуць вакол вогнішча нейкі шалёны танец, як заўсёды звычайна скачуць дзікуны.
Працягваючы назіраць за імі ў падзорную трубу, я ўбачыў, што яны падбеглі да лодак, выцяглі адтуль двух чалавек і павалаклі да вогнішча. Відаць, яны мелі намер забіць іх.
Да гэтай хвіліны няшчасныя, відаць, ляжалі ў лодках са звязанымі рукамі і нагамі. Аднаго з іх імгненна збілі з ног. Відаць, яго стукнулі па галаве дубінай ці драўляным мечам, гэтай звычайнай зброяй дзікуноў; зараз жа на яго накінулася яшчэ двое ці трое і ўзяліся за работу: распаролі яму жывот і пачалі патрашыць.
Другі палонны стаяў тут жа, чакаючы свае чаргі.