Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Я спадзяваўся, што нам трапіцца яшчэ якая-небудзь дзічына, але больш нічога не траплялася, і мы вярнуліся дадому.
У той жа вечар я садраў шкуру з забітага казляняці і старанна выпатрашыў яго, потым распаліў вогнішча і, адрэзаўшы кавалак казляціны, зварыў яго ў гліняным гаршку. Атрымаўся цудоўны мясны навар. Я паспытаў яго і прапанаваў Пятніцу. Вараная страва яму вельмі спадабалася, толькі ён здзівіўся, навошта я яе пасаліў. Ён пачаў паказваць мне на мігах, што соль — агідная, непрыемная ежа. Узяўшы ў рот дробачку солі, ён пачаў пляваць і зрабіў выгляд, нібыта яго пачынае ванітаваць, а потым выпаласкаў рот вадою.
Каб
Але Пятніца ўпарта стаяў на сваім. Мне так і не ўдалося прывучыць яго да солі. Толькі праз многа часу ён пачаў саліць сваю ежу, ды і то вельмі патрошачку.
Накарміўшы свайго дзікуна варанай казляцінай і булёнам, я вырашыў пачаставаць яго на другі дзень той жа самай казляцінай, толькі ўжо ў выглядзе смажаніны. Смажыў я яе над вогнішчам, як гэта часта робіцца ў нас, у Ангельшчыне. З двух бакоў вогнішча ўтыкаюць у зямлю дзве жэрдкі, зверху прымацоўваюць паміж імі папярочную жэрдку, вешаюць на яе кавалак мяса і паварочваюць яго над агнём да таго часу, пакуль яно не сасмажыцца.
Усё гэта збудаванне Пятніцу вельмі спадабалася. Калі ж ён паспытаў смажаніны, захапленню яго не было межаў. Самымі выразнымі жэстамі ён тлумачыў мне, як спадабалася яму гэта ежа, і, нарэшце, заявіў, што ніколі больш не будзе есці чалавечага мяса. Я вельмі ўзрадаваўся гэтаму.
На другі дзень я даручыў яму малоць і прасяваць збожжа, папярэдне паказаўшы, як гэта робіцца. Ён хутка зразумеў, у чым справа, і пачаў вельмі энергічна працаваць, асабліва калі даведаўся, дзеля чаго гэта робіцца. А даведаўся ён пра гэта ў той жа дзень, таму што я накарміў яго хлебам, спечаным з нашай мукі.
У хуткім часе Пятніца навучыўся працаваць не горш за мяне.
І таму, што цяпер я вымушаны быў карміць двух чалавек, мне патрэбна было падумаць пра будучыню. Перш за ўсё мне трэба было павялічыць свае пасевы і сеяць больш збожжа. Я выбраў вялікі ўчастак зямлі і ўзяўся абгароджваць яго. Пятніца не толькі старанна, але і вельмі весела і з задавальненнем памагаў мне ў працы.
Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое і патрэбна будзе зрабіць запас хлеба не толькі на мяне, а і на яго таксама. Яго вельмі расчуліла, што я так клапаціўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, і просіць, каб я хутчэй навучыў яго рабіць розную карысную работу, а ўжо ён будзе старацца з усяе сілы.
То быў самы шчаслівы год майго жыцця на выспе.
Пятніца вывучыўся даволі прыстойна гаварыць па-ангельску: ён ведаў назвы амаль усіх рэчаў, якія яго акружалі, і тых мясцін, куды я мог яго пасылаць, дзякуючы чаму даволі талкова выконваў усе мае даручэнні.
Ён меў таварыскі і гаваркі нораў, любіў паразмаўляць, і я цяпер мог у дастатковай ступені ўзнагародзіць сябе за доўгія гады вымушанага маўчання.
Але Пятніца падабаўся мне не толькі таму, што ў мяне была магчымасць размаўляць з ім. З кожным днём я ўсё болей захапляўся яго сумленнасцю, яго сардэчнай прастатой і шчырасцю.
Паступова я адчуў прыхільнасць да яго, ды і ён таксама так палюбіў мяне,
Аднойчы мне захацелася распытаць пра яго мінулае жыццё; я хацеў даведацца, ці не сумуе ён па радзіме і ці не хоча вярнуцца дадому. У той час я ўжо так добра навучыў яго гаварыць па-ангельску, што ён мог адказваць амаль што на кожнае маё пытанне.
І вось я спытаў пра яго роднае племя:
— А што, Пятніца, гэта племя адважнае? Ці здаралася так, што яно перамагала ворагаў?
Ён усміхнуўся і адказаў:
— О, вядома! Мы вельмі адважныя, мы заўсёды перамагаем у бойцы.
— Ты кажаш, што вы заўсёды перамагаеце ў бойцы? А як жа так атрымалася, што цябе ўзялі ў палон?
— А нашы ўсё роўна пабілі тых, шмат пабілі.
— А чаму ж ты тады казаў, што тыя пабілі вас? Яны ж узялі цябе і іншых у палон?
— У тым месцы, дзе я біўся, ворага было куды болей. Яны схапілі нас — адзін, два, тры і мяне. А нашы пабілі іх у другім месцы, дзе мяне не было. У тым месцы нашы схапілі іх — адзін, два, тры, шмат, вялізную тысячу.
— А чаму ж вашы не прыйшлі вам на дапамогу?
— Ворагі схапілі адзін, два, тры і мяне і звезлі нас у лодцы, а ў нашых на той час лодкі не было.
— А скажы ты мне, Пятніца, што робяць вашы з тымі, хто трапляе да іх у палон? Таксама звозяць іх куды-небудзь далей і там іх ядуць, як тыя людаеды, якіх я бачыў?
— Вядома, нашы таксама ядуць чалавека… усе ядуць.
— А куды яны іх вязуць, калі збіраюцца іх з'есці?
— Розныя месцы, куды надумаюцца.
— А сюды яны прыязджаюць?
— Вядома, прыязджаюць і сюды. І ў іншыя розныя месцы.
— А ты тут быў калі з імі?
— Так. Быў. Вунь там быў…
І ён паказаў на паўночна-заходнюю ўскраіну выспы, дзе, відаць, заўсёды збіраліся яго аднапляменнікі.
Такім чынам выявілася, што мой сябра і прыяцель Пятніца быў у ліку тых дзікуноў, якія наведвалі аддаленыя берагі выспы, і не раз ужо еў людзей у тых мясцінах, дзе потым хацелі з'есці яго самога.
Калі я праз некаторы час, набраўшыся смеласці, павёў яго на бераг (туды, дзе я ўпершыню ўбачыў груды чалавечых касцей), Пятніца адразу ж пазнаў гэтыя мясціны. Ён расказаў мне, што аднойчы, калі ён прыязджаў на маю выспу са сваімі аднапляменнікамі, яны забілі і з'елі тут дваццаць мужчын, дзвюх жанчын і адно дзіця. Ён не ведаў, як сказаць па-ангельску «дваццаць», і каб растлумачыць мне, колькі чалавек яны з'елі, паклаў дваццаць каменьчыкаў адзін пры адным.
Працягваючы гутарку з Пятніцай, я спытаў у яго, ці далёка ад маёй выспы да той зямлі, дзе жывуць дзікуны, і ці часта гінуць іх лодкі, пераплываючы гэту адлегласць. Выявілася, што плаваць тут зусім бяспечна: ён, Пятніца, не ведае ніводнага выпадку, каб хто-небудзь тут патануў, бо непадалёк ад нашай выспы праходзіць марское цячэнне: раніцой яно накіроўваецца ў адзін бок і заўсёды пры спадарожным ветры, а пад вечар і вецер і цячэнне паварочваюць у процілеглы бок.
Спачатку мне падумалася, што гэтае цячэнне залежыць ад прыліву і адліву, і толькі значна пазней я выявіў, што яно складае працяг магутнай ракі Арынока, якая ўпадае ў мора непадалёку ад маёй выспы, і яна, такім чынам, знаходзіцца якраз насупраць дэльты гэтай рэчкі. Палоса ж зямлі на захадзе і паўночным захадзе, якую я лічыў за мацярык, аказалася вялікай выспаю Трынідадам, што ляжыць супроць паўночнай часткі вусця той жа рэчкі.