Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Набліжаўся сезон дажджоў, калі большую частку дня даводзіцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час і зрабіць захады да таго, каб дажджы не пашкодзілі нашу лодку. Мы прывялі яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваімі плытамі, і, дачакаўшыся прыліву, падцягнулі яе да самага берага. Потым мы выкапалі на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволі глыбокую яму такіх памераў, што лодка змясцілася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзілі яе моцнай плацінай, пакінуўшы для вады толькі вузкі праход.
Калі з наступным прылівам наш маленькі док
Цяпер мы маглі спакойна чакаць добрага надвор'я, каб у лістападзе ці снежні рушыць пад ветразем у мора.
Раздзел дваццаць чацвёрты
Бітва з дзікунамі. — Рабінзон выратоўвае гішпанца. — Пятніца знаходзіць бацьку
Як толькі спыніліся дажджы і зноў засвяціла сонца, я пачаў з раніцы да ночы рыхтавацца да будучага плавання. Я загадзя разлічыў, колькі правізіі нам можа спатрэбіцца, і пачаў нарыхтоўваць неабходныя прыпасы.
Тыдні праз два, а то і раней, я меў намер разбурыць плаціну і вывесці лодку з дока.
Але нам не суджана было адправіцца ў дарогу.
Неяк аднойчы раніцой, калі я, як звычайна, быў заняты падрыхтоўкай да ад'езду, мне прыйшло ў галаву, што добра было б, апрача іншай ежы, прыхапіць з сабою невялікі прыпас і чарапашынага мяса.
Я паклікаў Пятніцу і папрасіў яго збегаць на бераг і злавіць чарапаху. (Мы палявалі на чарапах кожны тыдзень, таму што абодва любілі іх мяса і яйкі.)
Пятніца памчаўся выконваць маю просьбу, але не прайшло і чвэрткі гадзіны, як ён прыбег назад, перамахнуў, як на крылах, цераз агароджу і, раней, чым я паспеў спытаць у яго, што здарылася, закрычаў:
— Гора, гора! Бяда! Кепска!
— Што здарылася? Што такое, Пятніца? — спытаў я трывожна.
— Там, каля берага, — адказаў ён, — каля берага адна, дзве тры… адна, дзве, тры лодкі!
З яго слоў я зразумеў, што ўсіх лодак было шэсць, але, як потым высветлілася, іх было толькі тры, а ён двойчы паўтарыў падлік, таму што быў вельмі ўсхваляваны.
— Не трэба палохацца, Пятніца! Трэба быць адважным! — сказаў я, стараючыся падбадзёрыць яго.
Небарака быў страшэнна напалоханы. Ён чамусьці вырашыў, нібыта дзікуны з'явіліся па яго, нібыта яны яго парэжуць на кавалкі і з'ядуць. Ён увесь калаціўся. І я не ведаў, як яго супакоіць. Я казаў, што мяне, калі на тое пайшло, чакае такая ж небяспека: калі з'ядуць яго, то з'ядуць і мяне разам з ім.
— Але мы будзем бараніцца! — сказаў я. — Мы не дамося жывымі ім у рукі; мы распачнём з імі бойку, і ты ўбачыш, што мы пераможам! Ты ж умееш страляць, ці не так?
— Я ўмею страляць, — адказваў ён, — толькі іх многа, вельмі многа.
— Не страшна, — сказаў я, — адных мы заб'ём, а астатнія напалохаюцца нашых стрэлаў і разбягуцца. Я абяцаю табе, што не дам цябе
— Я памру, калі ты загадаеш, Рабінзон Круза!
Пасля гэтага я прынёс з пячоры вялікую конаўку рому і даў яму выпіць (я так ашчадліва абыходзіўся са сваім ромам, што ў мяне заставаўся яго яшчэ ладны запас).
Затым мы сабралі ўсе нашы мушкеты і паляўнічыя стрэльбы, падрыхтавалі іх як след і зарадзілі. Апрача таго, я ўзброіўся, як заўсёды, шабляю, а Пятніцу даў сякеру.
Падрыхтаваўшыся такім чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу і падняўся для разведкі на гару.
Накіраваўшы трубу на бераг мора, я хутка ўбачыў дзікуноў: іх было чалавек дваццаць, ды, апрача таго, на беразе ляжала трое звязаных людзей. Лодак, паўтараю аказалася толькі тры, не шэсць. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзікуноў з'явіўся на выспу з адзінай мэтай — адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Прадбачылася жахлівае крывавае відовішча.
Я таксама заўважыў, што гэты раз яны высадзіліся не там, дзе высаджваліся тры гады назад, у дзень нашай першай сустрэчы з Пятніцай, а куды бліжэй да мае бухтачкі. Тут бераг быў нізкі, і амаль да самае вады спускаўся густы лес.
Мяне страшэнна хвалявала злачынства, якое мела адбыцца неўзабаве. Марудзіць не было калі. Я збег з гары і сказаў Пятніцу, што трэба як мага хутчэй напасці на гэтых крыважэрных людзей.
Пры гэтым я яшчэ раз спытаўся ў яго, ці будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер зусім асмялеў (магчыма, гэтаму часткова садзейнічаў ром) і з бадзёрым, нават радасным выглядам паўтарыў, што гатовы памерці за мяне.
Усё яшчэ будучы ўзбуджаны, я схапіў пісталеты і стрэльбы (астатняе ўзяў Пятніца), і мы рушылі ў дарогу. На ўсякі выпадак я ўзяў у кішэню бутэльку рому і даў Пятніцу несці невялікі мяшэчак з запаснымі кулямі і порахам.
— Ідзі за мной, — сказаў я, — не адставай ні на крок і маўчы. Не пытайся ў мяне нічога. Ды не надумайся страляць без мае каманды!
Падышоўшы да ўскрайку лесу з таго боку, які быў бліжэй да берага, я спыніўся, ціхенька паклікаў Пятніцу і, паказаўшы яму высокае дрэва, загадаў узлезці на верхавіну і зірнуць, ці відны адтуль дзікуны і што яны робяць. Ён амаль адразу ж злез з дрэва і паведаміў, што дзікуны сядзяць вакол вогнішча, даядаючы аднаго з палонных, якіх яны прывезлі, а другі, звязаны, ляжыць там жа, на пяску.
— Потым яны з'ядуць і таго, — дадаў Пятніца зусім спакойна.
Уся мая душа так і ўспыхнула ад раз'юшанасці пры гэтых словах.
Пятніца сказаў мне, што другі палонны не індзеец, а адзін з тых белых барадатых людзей, якія прыплылі да яго берага на лодцы. «Трэба дзейнічаць», — вырашыў я. Я схаваўся за дрэва, дастаў падзорную трубу і выразна ўбачыў на беразе белага чалавека. Ён ляжаў нерухома, таму што яго рукі і ногі былі звязаны гнуткімі дубцамі. Не было сумнення, што гэта быў эўрапеец: ён быў апрануты.