Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
За імі, размахваючы сякерай, пабег Пятніца. Нягледзячы на свае раны, адзін з дзікуноў кінуўся ў мора і паплыў за лодкай: у ёй было трое дзікуноў, якія паспелі адчаліць ад берага.
Трое дзікуноў, што знаходзіліся ў лодцы, працавалі вёсламі з усяе сілы, імкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.
Пятніца разы два ці тры стрэліў ім наўздагон, але, здаецца, не папаў.
Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пірог дзікуноў і рушыць за ўцекачамі, пакуль яны яшчэ не паспелі вельмі далёка адплыць ад берага.
Я і сам не хацеў, каб яны ўцяклі. Я баяўся, што калі яны раскажуць
Але якое ж вялікае было маё здзіўленне, калі, ускочыўшы ў пірогу, я ўбачыў там чалавека! Гэта быў стары дзікун. Ён ляжаў на дне лодкі са звязанымі рукамі і нагамі. Відаць, яго таксама павінны былі з'есці ля вогнішча. Не разумеючы, што адбываецца вакол (ён не мог нават зірнуць за борт пірогі — так моцна яго скруцілі), няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькі затым і развязалі, каб зарэзаць і з'есці.
Тут падбег Пятніца.
— Скажы гэтаму чалавеку, — звярнуўся я да Пятніцы, — што яго ворагі знішчаны, што ён на волі і што мы не зробім яму ніякага зла.
Пятніца загаварыў са старым, я ж уліў палоннаму ў рот некалькі кропель рому.
Радасная вестка пра волю ажывіла няшчаснага: ён падняўся на ногі са дна лодкі і прамовіў некалькі слоў.
Немагчыма ўявіць, што зрабілася з Пятніцай! Самы чэрствы чалавек і той быў бы да слёз крануты, калі б убачыў яго ў гэту хвіліну. Ледзь толькі ён пачуў голас старога дзікуна і ўбачыў яго твар, як кінуўся абдымаць яго і цалаваць, заплакаў, засмяяўся, прыціснуў яго да грудзей, закрычаў, потым пачаў скакаць вакол яго, заспяваў, зноў заскакаў, потым зноў заплакаў і пачаў біць сябе па галаве і па твары — адным словам, паводзіў сябе, як вар'ят.
Я спытаў у яго, што здарылася, але доўга не мог дабіцца ад яго ніякага тлумачэння. Нарэшце, крыху апамятаўшыся, ён сказаў мне, што гэты чалавек — яго бацька.
Не магу выказаць, да чаго расчуліла мяне такое непадробнае пачуццё сына да бацькі! Ніколі я не думаў, што грубага дзікуна можа так уразіць і ўзрадаваць сустрэча з бацькам.
І ў той жа час нельга было не смяяцца з тых вар'яцкіх падскокаў і жэстаў, якімі ён выказваў свае пачуцці да бацькі. Разоў дзесяць ён выскакваў з лодкі, а потым зноў ускакваў у яе; то расхіне куртку і прыцісне бацькаву галаву да сваіх голых грудзей, то пачне расціраць яго здранцвелыя рукі і ногі.
Убачыўшы, што стары ўвесь аж скалеў, я параіў расцерці яго ромам, і Пятніца тут жа ўзяўся расціраць яго.
Пра пагоню за ўцекачамі мы, вядома, забылі і думаць; іх лодка за гэты час зайшла так далёка, што амаль знікла з вачэй.
Мы нават не спрабавалі плыць за імі ў пагоню і, як потым выявілася, вельмі добра зрабілі, таму што гадзіны праз дзве ўзняўся страшэнны вецер, які несумненна перавярнуў бы нашу лодку. Ён дзьмуў з паўночнага захаду якраз насустрач уцекачам. Наўрад ці змаглі яны адолець гэту буру;
Неспадзяваная радасць так моцна ўсхвалявала Пятніцу, што ў мяне не хапіла смеласці адарваць яго ад бацькі. «Трэба даць яму супакоіцца», — падумаў я, стоячы непадалёку і чакаючы, калі астыне яго радаснае ўзбуджэнне.
Гэта здарылася не хутка. Нарэшце я паклікаў Пятніцу. Ён накіраваўся да мяне подбегам, з вясёлым смехам, шчаслівы і задаволены. Я спытаў у яго, ці даваў ён бацьку хлеба. Ён засмучана пакруціў галавой:
— Няма хлеба: дурны сабака нічога не пакінуў, усё з'еў сам! — і паказаў на сябе.
Тады я выняў са свае торбы ўсю, якая ў мяне была, правізію — невялічкую ляпёшку і дзве ці тры галінкі разынак — і аддаў Пятніцу. І ён усё гэтак жа клапатліва і пяшчотна пачаў карміць бацьку, як малое дзіця. Бачачы, што ён дрыжыць ад хвалявання, я параіў самому яму падмацаваць свае сілы рэшткамі рому, але і ром ён аддаў старому.
Праз хвіліну Пятніца ўжо некуды імчаўся як шалёны. Бегаў ён увогуле вельмі хутка. Дарэмна я крычаў яму ўслед, каб ён спыніўся і сказаў мне, куды ён бяжыць, — ён ужо знік.
Праўда, праз чвэртку гадзіны ён вярнуўся, і крокі яго зрабіліся куды павольнейшыя. Калі ён падышоў бліжэй, я ўбачыў, што ён штосьці нясе. Гэта быў гліняны збан з прэснай вадой, якую ён прынёс бацьку. Для гэтага ён збегаў дадому, у нашу крэпасць, а заадно прыхапіў яшчэ і дзве буханкі хлеба. Хлеб ён аддаў мне, а ваду панёс старому, дазволіўшы, між іншым, і мне напіцца, таму што і мне вельмі хацелася піць. Вада ажывіла старога лепш за ўсякі спірт: ён, здавалася, паміраў ад смагі.
Калі стары напіўся, я паклікаў Пятніцу і спытаў, ці не засталося ў збане вады. Ён адказаў, што засталося, і я загадаў яму даць напіцца беднаму гішпанцу, які пакутаваў ад смагі не меней, чым стары дзікун. Я паслаў гішпанцу таксама буханку хлеба.
Гішпанец усё яшчэ быў вельмі слабы. Ён сядзеў на палянцы пад дрэвам у поўнай знямозе. Дзікуны так моцна звязалі яго, што цяпер у яго параспухалі рукі і ногі.
Калі ён прагнаў смагу свежай вадой і з'еў хлеба, я падышоў да яго і даў яму жменю разынак. Ён узняў галаву і паглядзеў на мяне з невыказнай удзячнасцю, потым паспрабаваў устаць, але не здолеў — так распухлі і балелі ў яго ногі. Гледзячы на гэтага хворага чалавека, цяжка было нават уявіць сабе, як ён пры такой знямозе мог толькі што так адважна біцца з ворагам. Я параіў яму сядзець і не рухацца і даручыў Пятніцу расцерці яму ногі ромам.
Пакуль Пятніца расціраў гішпанца, ён кожныя дзве хвіліны, а магчыма, і часцей паварочваўся, каб пабачыць, ці не трэба чаго-небудзь яго бацьку. Пятніца бачыў толькі галаву старога, бо той сядзеў на дне лодкі. Раптам азірнуўшыся, ён убачыў, што галава знікла; у той жа момант Пятніца ўжо быў на нагах. Ён не бег, а ляцеў: здавалася, ногі яго не дакранаюцца зямлі. Але калі, дабегшы да лодкі, ён убачыў, што бацька прылёг адпачыць і спакойна ляжыць на дне лодкі, ён зараз жа вярнуўся да нас.
Тады я сказаў гішпанцу, што мой сябар дапаможа яму падняцца і давядзе да лодкі, у якой мы прывязём яго да нашага жытла.