Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну, iдзi за стол, - паклiкала жонка.
Калi ён сеў за стол, суп ужо быў налiты ў талеркi. Яны пачалi моўчкi есцi, потым Iзабэла спыталася, амаль зусiм спакойным голасам:
– Дык раскажы хоць нам, як ты знайшоў яе. Дзе яна жыве? Цi праўда, што ў яе такi прыгожы пакой, як яна нам расказвала?
– Ага, праўда. Пакой вельмi добры.
– Ты спаў на яе канапе?
– На канапе.
– Гэты пакой застанецца за ёй? Цi доўга яна прабудзе ў Парыжы?
Кантэн крыху павагаўся, потым адказаў:
– Яна заплацiла за пакой
– Але ж яна не ведае, колькi часу прабудзе ў Парыжы?
– Не, яшчэ не ведае.
Iзабэла ўздыхнула, з'ела дзве лыжкi супу i зноў прадоўжыла свой допыт:
– Вы харчавалiся разам?
– Але.
– Дзе, у рэстарацыi?
– Ага.
Раптам Iзабэла павысiла голас:
– Ды гавары ты нарэшце! А то з цябе слова не выцягнеш.
– Ведаеш, Iзабэла, я вельмi стамiўся. Вельмi.
– Ты часам не прастудзiўся?
– Не.
– Ты не прывык да дамоў з гэткiм ацяпленнем. Вiдаць, было вельмi горача.
– Ага, вельмi.
– А ў цягнiку ўсё было добра?
– Вельмi добра.
Iзабэла замаўчала. Разы са тры iх позiркi сустрэлiся, але кожны раз Кантэн апускаў галаву. Дэнiза спыталася:
– Дом у Марыi-Луiзы такi маленькi, як яна хацела, цi не?
– Але, такi маленькi.
– I ў Парыжы ў яе таксама гэткi будзе?
– Але, гэткi самы.
Кантэн даеў свой суп. Потым адсунуў крэсла i сказаў, што хоча паглядзець скацiну.
– Ды ўжо сядзi ты, - кiнула Iзабэла, - скацiна дагледжаная. Нiчога з ёй не зробiцца. Убачыш заўтра ранiцай.
Кантэн падняўся з-за стала i сеў ля печкi. На нейкi час у пакоi стала цiха. Потым Iзабэла прамовiла з пакутлiвым уздыхам:
– Невядома, як там у яе будзе, толькi мне будзе вельмi цяжка перажыць усё гэта... Ведаеш, вельмi цяжка...
Смутак нiяк не пакiдаў яе. Голас падазрона дрыжаў, i Кантэн баяўся, што яна заплача зноў. Ён адчуваў, што трэба прыйсцi ёй на дапамогу, але гэта было вельмi нялёгка.
– Разумееш, - спрабаваў тлумачыць ён, - там жыццё зусiм не такое, як тут... Там усё па гадзiннiку... Горад, ведаеш, гэта табе не вёска...
Котка зноў узабралася яму на каленi. Iзабэла кiнула ў печку палена, полымя ярка ўспыхнула i на нейкi час ажывiла начны спакой.
– А як з настаўнiкам, - спыталася Iзабэла спакайнейшым голасам, - цi гаварыла яна з табою пра яго?
– Гаварыла.
– Ну i?..
– Ды, як гэта... Казала, што ў яе iншыя планы.
Кантэн зразумеў, што гэтыя яго простыя словы дапамагаюць жонцы крыху забыцца пра свой смутак. Яму нават здалося, што i вочы ў Дэнiзы таксама пасвятлелi.
– Дык вось, калi ўбачыш яго, - ужо ўпэўнена казала Iзабэла, - скажы яму раз i назаўжды: хай не турбуе нас са сваiмi недарэчнымi думкамi. У госцi няхай прыходзiць, ён хлопец неблагi, але пра Марыю-Луiзу каб забыўся!
Кантэн уздыхнуў, адкашляўся i павольна прагаварыў:
– Я спаткаўся з iм, як вяртаўся з вакзала, i ўсё яму растлумачыў.
– I як ён?
– Што
– Нiчога, суцешыцца! Ад гэтага яшчэ нiхто не памiраў.
Голас Iзабэлы паступова набываў сваю цвёрдасць. Кантэн паглыбiўся ў сябе. Аднак i там перад iм стаяў пабляклы жончын твар. Вядома, з цягам часу яна суцешыцца. Бо жыццё прадаўжаецца, жыццё з яго штодзённымi турботамi i маленькiмi радасцямi. Жыццё, якое можа засланiць сабою многае.
– Ведаеш, - цiха прамовiў ён, - яна, здаецца мне, да нас не прыедзе... Яна не зможа сюды вярнуцца...
I змоўк, бо адразу пасля яго слоў горка заплакала Дэнiза. Кранулi гэтыя словы за жывое i жонку, але яна стрымалася, падышла да малой i пачала яе суцяшаць:
– Не плач, дурненькая. Яна прыедзе да нас, прыедзе летам... Ёй будзе добра ў Парыжы. А потым, некалi яна возьме цябе з сабою i ўсё пакажа.
Кантэн таксама хацеў суцешыць дачку, але тая паглядала на яго з папрокам. Ён разумеў, што цяпер яна будзе плакаць доўга i зусiм не з таго, што яе сястра сёння не прыедзе.
Кантэн прыгарнуў дачку да сябе, пасадзiў яе на каленi, але яна сядзела напружана. Ён даўно не трымаў яе гэтак. Яна была ўжо вялiкая, i Кантэн адчуваў сябе няёмка з ёю. Нягледзячы на гэта, ён пачаў расказваць дачцэ пра сястру. Ён асцярожна падбiраў словы, каб апiсаць Дэнiзе той свет, у якiм ён толькi што пабыў. Яму гэта доўга не ўдавалася, але паступова расказваць яму рабiлася ўсё лягчэй i лягчэй, i шматлiкiя падрабязнасцi ўсплывалi ў памяцi самi.
Кантэн апiсаў салон, у якiм працавала Марыя-Луiза, апiсаў яе дом, яе пакой, вулiцы горада, упрыгожаныя святочнай iлюмiнацыяй. Чым далей ён расказваў, яго голас набываў усё большую ўпэўненасць. Кантэн ужо гаварыў без намагання, быццам распавядаў пра цiкавае падарожжа. А жанчыны слухалi яго. Час ад часу Iзабэла падбадзёрвала Кантэна. У яе вачах засвяцiўся гонар за сваю дачку. Памаўчаўшы, яна сказала:
– Ведаеш, усё-такi хоць i любiм мы скардзiцца, але ж вельмi прыемна мець такую дачку... Працаўнiца... Разумнiца... Яна праб'е сабе дарогу ў жыццi...
Кантэн глыбока ўздыхнуў. Ён падняў на жонку вочы i зразумеў, што тая далёка адсюль: яна са старэйшай дачкой знаходзiцца ў iншым свеце, якi ўяўляецца ёй такiм цудоўным.
26
Назаўтра Кантэн падняўся рана i пайшоў глядзець гаспадарку. Усё было ў парадку. Сваю работу Кантэн рабiў механiчна, бо рукi самi ўсё ведалi. Ён выкiнуў гной, падаслаў скацiну, даў сена, вады.
Ён быў апрануты ў звыклую вопратку, выцвiлую i прапахлую тысячамi пахаў, якiя толькi могуць iснаваць на ферме. У хляве было цёпла, пахла жывёламi i жыццём.
Скончыўшы са скацiнаю, Кантэн запалiў на двары лiхтар i пачаў чысцiць сцежкi, якiя вялi да кучы гною i да гумна з кукурузай. На вулiцы ледзь-ледзь свiтала. Ахутаная ноччу раўнiна яшчэ спала. Але на ўсходзе ўжо нараджалася зара. Яна нагадвала крынiцу, што пачыналася на вяршынi ўзгорка i цякла памiж лесам i нiзкiм небам, якое навiсала суцэльнай шэрай хмарай.