Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
Шрифт:
Толькi адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць i пакуты блiзкай ночы сярод снежнай завiрухi.
I раптам мяне натхнiла блiскучая думка. Я звярнуў на вулiцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, i апынуўся перад вялiзным магазiнам "Omnium"- вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсiм - мясам, бакалеяй, бялiзнай, мэбляй, вопраткай, нават карцiнамi. Гэта хутчэй гiганцкi лабiрынт разнастайных крамаў, чым адзiн магазiн. Я спадзяваўся заспець дзверы магазiна адчыненымi, але яны былi закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокiм уваходам, пад'ехала карэта, i швейцар у лiўрэi, з надпiсам "Omnium" на фуражцы расчынiў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзiну, i, прайшоўшы першы пакой - гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох i да таго падобнага, - я трапiў у больш прасторнае памяшканне,
Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўклiся пакупнiкi. Я стаў бадзяцца па магазiне, пакуль не трапiў у вялiзнае аддзяленне на верхнiм паверсе, якi быў увесь застаўлены ложкамi. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велiзарнай кучы складзеных матрацаў. У магазiне запалiлi ўжо святло, было вельмi цёпла; я вырашыў застацца ў сваiм сховiшчы i, уважлiва сочачы за групамi прыказчыкаў i пакупнiкоў, якiя сноўдалiся па мэблевым аддзяленнi, стаў чакаць час, калi магазiн зачыняць. "Тады ўсе пойдуць, - думаў я, - i я здабуду сабе ежу i вопратку, абыду ўвесь магазiн, абследую яго запасы i, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў". Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фiгуру, якая ўсё ж не выклiкае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнiгi i прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой i распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагi над маiмi блiзкiмi, што - як я ўсё яшчэ ўяўляў - давала мне мая нябачнасць.
Час закрыцця магазiна наступiў даволi хутка. Прайшло не больш гадзiны, як я забраўся на кучу матрацаў, i вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошнiх пакупнiкоў выправаджваюць. Потым некалькi жвавых маладых людзей узялiся з незвычайнай хуткасцю збiраць тавары, якiя ляжалi на прылаўках. Калi натоўп парадзеў, я пакiнуў сваё логава i асцярожна прабраўся блiжэй да цэнтральных аддзяленняў магазiна. Мяне ўразiла хуткасць, з якой цэлая армiя юнакоў i дзяўчат прымалi тавары, што былi выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкi, развешаныя тканiны, гiрлянды карункаў, скрынкi з ласункамi ў бакалейным аддзяленнi, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, - усё гэта ўбiралася, згортвалася i складвалася ў спецыяльныя сховiшчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць i схаваць, прыкрывалася чахламi з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусiны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкi, на падлозе не засталося нiчога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсцi з выразам такога натхнення на твары, якога я нiколi яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явiлася плойма падлеткаў з апiлкамi, вёдрамi i шчоткамi. Мне даводзiлася раз-пораз ухiляцца ад iх, але ўсё ж апiлкi траплялi мне на ногi. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволi доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзiну з лiшнiм пасля закрыцця магазiна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цiшыня, i я застаўся адзiн у вялiзным лабiрынце аддзяленняў i калiдораў. Было вельмi цiха - помню, як, праходзячы мiма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.
Спачатку я накiраваўся ў памяшканне, у якiм я бачыў панчохi i пальчаткi. Было цёмна, i я ледзьве адшукаў запалкi ў скрынцы невялiкай канторкi. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы i шнарыць па скрынках i каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкi ляжалi ў скрынцы, на якой быў надпiс: "Шарсцяныя панталоны i фуфайкi". Потым я ўзяў шкарпэткi i тоўсты шалiк, пасля чаго накiраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткi, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, палiто i капялюш з загнутымi ўнiз палямi, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам i найперш усяго падумаў пра ежу.
На верхнiм паверсе аказалася закусачная, i там я знайшоў халоднае мяса. У кафейнiку засталося крыху кавы, я запалiў газ i падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусiм няблага. Затым я накiраваўся на пошукi коўдры - мне давялося задаволiцца пуховымi пярынамi, - i натрапiў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада i зацукраваных фруктаў, якiмi я ледзьве не аб'еўся, i некалькi бутэлек бургундскага. А побач знаходзiўся аддзел цацак, якi навёў мяне на блiскучую думку: я знайшоў некалькi штучных насоў, - ведаеце, з пап'е-машэ, - i тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у "Omnium" не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках i так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмi цёпла i зручна.
Яшчэ нi разу з моманту незвычайнай перамены я не адчуваў сябе так добра, як у той вечар, засынаючы. Я знаходзiўся ў стане поўнай цiхамiрнасцi i быў у вельмi аптымiстычным настроi. Я спадзяваўся, што ранiцай непрыкметна выберуся з магазiна, апрануўшыся i захутаўшы твар белым шалiкам; затым куплю акуляры на ўкрадзеныя мною грошы, i такiм чынам пераапрананне маё будзе закончана. Ноччу мне снiлiся ўперамежку ўсе фантастычныя прыгоды, якiя здарылiся са мной за апошнiя некалькi дзён. Я бачыў раззлаванага жыда-домагаспадара, яго неўразумелых пасынкаў, зморшчаны твар старой, якая пыталася пра сваю кошку. Я зноў зведаў дзiўнае адчуванне пры з'яўленнi белай тканiны, якая знiкла. Затым мне ўявiўся родны гарадок i прастужаны дзядок вiкарый, якi шамкае над магiлай майго бацькi: "З зямлi ўзяты, у зямлю адыдзеш..."
"I ты", - сказаў чыйсьцi голас, i раптам мяне пацягнулi да магiлы. Я вырываўся, крычаў, упрошваў магiльшчыкаў, але яны стаялi нерухома i слухалi адпяванне; дзядок вiкарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малiтвы i перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць i не чуюць i што я ва ўладзе сiл, якiя адолелi мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кiнулi ў магiлу, i я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталi засыпаць зямлёй. Нiхто не заўважаў мяне, нiхто не падазраваў аб маiм iснаваннi. Я сутаргава завалтузiўся i прачнуўся.
Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчылiны памiж аконнымi шторамi пранiкала халоднае шэрае святло. Я сеў i доўга не мог уцямiць, што гэта за велiзарнае памяшканне з жалезнымi слупамi, з прылаўкамi, грудамi згорнутых матэрый, кучай коўдраў i падушак. Затым успомнiў усё i тут жа пачулiся нечыя галасы.
Здалёку, з пакоя, дзе было святлей, таму што шторы былi там падняты, да мяне прыблiжалiся двое. Я ўскочыў, думаючы, куды схавацца, i гэты рух выдаў iм маю прысутнасць. Я думаю, што яны паспелi заўважыць толькi фiгуру, якая шпарка аддалялася. "Хто гэта?" - крыкнуў адзiн. "Стой!" - закрычаў другi. Я завярнуў за вугал i сутыкнуўся з худым хлапчуком гадоў пятнаццацi. Не забудзьце, я быў фiгурай без твару! Ён завiшчаў, а я збiў яго з ног, кiнуўся далей, завярнуў за другi вугал, i тут у мяне мiльганула шчаслiвая думка: я распластаўся за прылаўкам. Яшчэ хвiлiна, i я пачуў крокi людзей, якiя беглi, адусюль неслiся крыкi: "Дзверы зачынiце, дзверы!" - "Што здарылася?" - i з усiх бакоў пасыпалiся парады, як злавiць мяне.
Я ляжаў на падлозе, перапалоханы насмерць. Як нi дзiўна, у тую хвiлiну мне не прыйшло ў галаву, што трэба распрануцца, а мiж тым гэта было б самае простае. Як бачна, ува мне занадта глыбока засела ранейшае рашэнне пайсцi адсюль апранутым. А потым па доўгiм праходзе памiж прылаўкамi разнёсся крык: "Вось ён!"
Я ўскочыў, схапiў стул з прылаўка i, запусцiўшы iм у боўдзiлу, якi выкрыкнуў гэта, пабег, наткнуўся за вуглом на другога, адкiнуў яго i кiнуўся ўверх па лесвiцы. Ён утрымаўся на нагах i з улюлюканнем пагнаўся за мной. Наверсе лесвiцы былi нагрувашчаны кучы гэтых квяцiстых размаляваных пасудзiн, - ведаеце?
– Вазоны для кветак, - падказаў Кемп.
– Вось, вось. На верхняй прыступцы я спынiўся, павярнуўся, выхапiў з кучы адзiн вазон i кiнуў у галаву боўдзiлы, якi падбег. Уся куча вазонаў рухнула, пачулiся крыкi, i з усiх бакоў сталi збягацца служачыя. Я з усiх ног кiнуўся ў закусачную, але там быў нейкi чалавек у белым, накшталт повара, i ён таксама пагнаўся за мной. Я зрабiў апошнi адчайны паварот i апынуўся ў аддзяленнi лямпаў i скабяных тавараў. Я забег за прылавак i стаў чакаць повара. Як толькi ён з'явiўся - першы з усiх маiх праследавацеляў, я запусцiў у яго лямпай. Ён упаў, а я, скорчыўшыся за прылаўкам, пачаў паспешна скiдваць з сябе вопратку. Куртка, штаны, башмакi - усё гэта ўдалося скiнуць даволi хутка; але гэтыя праклятыя фуфайкi прыстаюць да цела, як асабiстая скура. Повар ляжаў нерухома на другiм баку прылаўка, аглушаны ўдарам цi перапалоханы да страты прытомнасцi, але я чуў тупат ног, пагоня прыблiжалася, - i я павiнен быў зноў ратавацца ўцёкамi, быццам трус, якога выгналi з кучы хворасту.