Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Хата псаломшчыка стаяла непадалёк ад панскага маёнтка, на ўскраіне вёскі. Маладыя здзівіліся, калі ўбачылі, што ў яе адзіным акенцы ў такі позні час гарэла святло. Падтрымліваючы панначку, якая дрыжэла ад хвалявання, Ян падняўся на высокі драўляны ганак. Ён ведаў, што псаломшчык не зачыняе дзвярэй, прыгарнуў да сябе панначку і ўвайшоў у яго хату.
У сенцах пахла смуродам недагледжанага жытла. Прыстанішча Пахомія хутчэй нагадвала хлеў: гліняная падлога была заслана саломай, дзверы з сенцаў у пакой былі са шчылінамі, на столі драмаў рой мух.
Маладыя прайшлі ў пакой. На стале гарэла сальная
Панна Марыя мацней прыціснулася да Яна. У хаце псаломшчыка яна была ўпершыню. Яна ведала старога, але раней не звяртала на яго ніякай увагі. Цяпер ён быў перад ёю ў чорнай рызе, згорблены, з пацямнелым ад стомы тварам. І яна раптам адчула, што баіцца яго.
Янаў голас надаў ёй сілы.
— Прабач, ойча, за позні візіт, — сказаў Ян. — Нас прывяла да цябе важная справа.
Тое, што Ян так проста зайшоў і загаварыў са старым, якога ў вёсцы лічылі за юродзівага, не было выпадковасцю. Адзінокія лягчэй знаходзяць агульную мову. Лагафет быў адзінокі. Да таго ж, ён быў духоўным настаўнікам Яна. Здаралася, калі ў юнака з'яўляліся пытанні па рэлігіі, ды і не толькі, ён прыходзіў да яго. Відаць, пытанняў было шмат, бо Ян хадзіў да псаломшчыка даволі часта. Пахомій любіў хлопца за яго дапытлівы розум і сарамлівасць. «Ад Бога ісці табе незвычайнаю дарогаю, — аднойчы прадказаў ён яму. — Будзеш ты пазначаны». Выказваўся Пахомій той моваю, якая больш гаварыла пра сутнасць, чым пра дэталі. Свае фразы ён браў са свяшчэнных кніг, некаторыя выказванні ведаў на памяць. Ян разумеў старога і паважаў яго. Ён бачыў у яго словах не толькі адказы, але і нешта большае — бачыў у іх святло. Ён параўноўваў яго з Давідам, над якім здзекваліся ворагі, аднак не зламалі. А яшчэ ён бачыў яго паэтам.
З хвіліну псаломшчык маўчаў: гэта была тая самая паўза, калі ён вяртаўся са свету летуценняў на зямлю.
— З чым прыйшлі, дзеці мае? — нарэшце спытаў ён. — Спадзяюся, намеры вашы чыстыя, як і вы самі.
Ян быў вельмі ўсхваляваны, каб пачынаць з прадмовы. Ён узяў панначку за руку, выйшаў з ёю на сярэдзіну хаты і сказаў:
— Айцец, блаславі нас, мы кахаем адно аднаго.
Здавалася, старога не здзівіла просьба яго выхаванца, — знешне ён не адрэагаваў на яе. Але гэта было не так. І сведчаннем таму з'явілася новая паўза, якая настала за гэтай просьбай.
— Дапамажы, ойча! — узмаліўся Ян. — Заўтра панначку павязуць у замак. Аднаму Богу вядома, калі мы ўбачымся зноў. Можа, ніколі. Дык змацуй нашу ўзаемную прыхільнасць нябеснаю пячаткай. Няхай хоць у думках і малітвах мы будзем разам. Большага мы і не просім.
Стары, быццам камень, які быў знячэўку зрушаны вадою, варухнуўся. І маладым падалося, нібы разам з ім пачало рухацца ўсё,
Панна Марыя, здзіўленая нечаканай прапановаю Яна, гатова была кінуцца за дзверы, але яе ногі нібыта прыраслі да падлогі. Праз нейкую хвіліну яна ацаніла Янаву прапанову і нават абрадавалася ёй. З заміраннем сэрца яна чакала чагосьці неверагоднага.
— Ведаю, ведаю, — з нейкай глыбакадумнай упэўненасцю сказаў Пахомій. — Сапраўды, так заўсёды: з пярсцёнка выйшаўшыя мятуцца, а як пашле дух Свой — ствараюцца…
— Блаславі, ойча, — зноў прасіў Ян.
— Не маю ўлады, — адказаў стары. І тут жа, нібы пачуўшы нечы крык, раптам павярнуўся да абраза і стаў хрысціцца: — Госпадзі! Прызры на пакуты дзяцей гэтых і на знямогу іх і прабач іх!
Ян зрабіў крок і страсянуў яго за плечы:
— Пахомій, дапамажы, — настойваў хлопец, — дапамажы! Ты ж ведаеш нас з дзяцінства. Мы заўсёды былі разам. І былі шчаслівыя. Цяпер жа наша шчасце хочуць разбіць. Нам няма на што спадзявацца, няма каго прасіць. Адзін толькі ты…
Тым часам стары, гледзячы на абраз, працягваў гугнявіць:
— Прызры і на мяне, Госпадзі, і памілуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.
Яўнае нежаданне псаломшчыка дапамагчы распаліла ўпартасць юнака. Ён сказаў рашуча:
— Як ты можаш адмовіць у такой нявіннай просьбе! Гасподзь не даруе табе за тваю ўпартасць!
Вусны Пахомія варушыліся — ён паўтараў словы малітвы, але пачуў Яна. Сваім маўчаннем ён проста хацеў выйграць час. Яму неабходна было ўзважыць нечаканую прапанову. Ён ведаў, што адмаўляць маладым цяпер нельга. Нездарма кажуць: на маладых скура гарыць. Ён асцерагаўся, што яго адмова можа наклікаць бяду. Нарэшце, адвёўшы позірк ад абраза, ён утаропіўся на маладых сваімі добрымі вачыма.
— Выслухайце мяне, дзеці,— ён імкнуўся гаварыць спакойна. — Вы забылі менавіта пра тое, што вы рознага веравызнання. Панначка — каталічка, а ты, Ян, — праваслаўны.
Гэта нечаканая перашкода збянтэжыла маладых, яны пераглянуліся.
— Гасподзь — адзін, — паспрабаваў запярэчыць Ян. — І я, і панна Марыя молімся Хрысту.
Аднак Пахомій не звярнуў увагі на яго довад. Ён заўважыў:
— Закон абысці нельга.
— Ты проста баішся, ойча, — сказаў Ян. — Ты думаеш пра сябе.
— На тое чалавеку і страх, каб заставацца чыстым, — адказаў псаломшчык.
— Жадаеш чысціні, а атрымаеш вечнае раскаянне, — глуха адазваўся Ян. — Паслухай, ойча, ты заўсёды быў для мяне як родны бацька. Дапамажы мне!..
— Не маю ўлады, сынок, — лагодна паўтарыў царкоўны служка. — Не маю ўлады.
Сказаўшы гэта, ён адвярнуўся ўбок. Рашэнне яго, здавалася, было канчатковым, хоць і адчувалася, што ён разумее і шкадуе Яна і панначку.
— Значыць, існуе нейкая іншая — папяровая ісціна? — раптам запытаў у яго Ян. — Раней я гэтага не ведаў. Ты не вучыў мяне гэтаму тады! Ты казаў: «Гасподзь стварае, а астатняе — справа рук чалавечых». Бог захацеў, каб мы паядналіся. Ён нашаптаў нам гэтае сваё жаданне. А чалавечыя законы чыняць нам перашкоды! Дзе ж яна, ісціна?!