Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
З лёгкім сэрцам панна Марыя прайшла праз увесь двор да экіпажа. Ёй здалося, што яе пранеслі. Пан Чаляднік і пані Кацярына ішлі за ёю. Каля дзверак панначка прыпынілася.
— Бывайце, маці Кацярына, — сказала яна няньцы і зноў усхліпнула. — Ці ўбачымся мы калі?
Нянька моцна абняла яе.
— Не бядуй, мая прыгажуня, — сказала яна ласкава. — Абавязкова ўбачымся.
Пан Чаляднік, зразумеўшы, што спешны ад'езд зменшыць пакуты абедзвюх, падаў панначцы руку, дапамог зайсці ў экіпаж. Пасадзіўшы яе, сам сеў побач і зачыніў дзверцы.
— Бывайце, панна Марыя! — пачуліся гучныя галасы. Людзі зноў пачалі кланяцца.
Панна Марыя закрыла далонямі твар, зарыдала…
— Паехалі! — гаркнуў праз акенца фурману прыказчык. — Ды хутчэй, ты! — Непаваротлівасць слугі раззлавала яго.
Экіпаж крануўся, і натоўп расступіўся. Панна Марыя паглядзела ў акенца і ўбачыла, як ёй махаюць з усіх бакоў…
За варотамі экіпаж дагналі дружыннікі. Прытрымліваючы коней, яны рушылі за ім, не звяртаючы ўвагі на клубы пылу, які ўздымаўся з-пад колаў. Сёй-той з вяскоўцаў, хто прыехаў на провады верхам, паскакаў за канвоем. Тыя, хто застаўся, пасылалі наўздагон экіпажу сваю малітву і нябачных анёлаў-ахоўнікаў.
Частка другая
Свавольствы княгіні
I
Паводле легенды, яшчэ ў часы Гедыміна адзін з продкаў Эрдзівілаў праславіў сябе тым, што параіў пры пераправе літоўскага войска цераз раку завязаць коням хвасты і, трымаючыся за іх, дасягнуць мэты. Рэйд аказаўся ўдалым. Гедымін распарадзіўся выдзеліць дарадцу зямлю ў пажыццёвае карыстанне, — яе адмяралі пры дапамозе гуку адразу трох паляўнічых рагоў. Верагодна, у тыя далёкія часы паляўнічыя рагі гучалі мацней за цяперашнія, і ўсё ж той першы маёнтак Эрдзівілаў быў не такі ўжо вялікі. З цягам часу Эрдзівілы разбагацелі і нават атрымалі тытул князёў. Ну а тыя тры легендарныя рагі апынуліся на іх гербе.
Князь Станіслаў жыў у замку з жонкай княгіняй Ізабэлай і сынам Іржыкам. Князь быў дэпутатам сойма і даволі часта адлучаўся з замка. У такія перыяды ён жыў у сваім каменным доме ў Варшаве. А калі папраўдзе, то трэба сказаць, што з роднага гнязда яго гналі не толькі справы сойма. Князь не ладзіў з жонкаю: не размаўляў, нікуды не выходзіў і не выязджаў з ёю. Прычынай таму, як ні дзіўна, быў Іржык. Ад любога намёку на тое, што ў яго ёсць прыдуркаваты сын, князь па-сапраўднаму пакутаваў.
Аднак жыць зусім без надзеі ён не мог. Спачатку яго ўвагу прыцягвала палітычная дзейнасць. У апошні ж год яго надзеяй стала… пляменніца. Неяк, год таму, ён наведаў Кляціху, маёнтак рана памерлай сваёй сястры, і ўбачыў там панну Марыю. Увесь дзень яны правялі разам. Пляменніца яму вельмі спадабалася, і ён загарэўся жаданнем зрабіць яе дзяцей сваімі нашчадкамі, выдаўшы яе замуж за аднаго са спадкаемцаў свайго знакамітага роду. Гэта ідэя захапіла яго. І ён не бачыў асаблівых перашкод да яе ажыццяўлення. Сапраўды, Эрдзівілы розных ліній былі раскіданы па ўсёй Еўропе. Яму заставалася толькі спыніць свой выбар на кімсьці з іх і звесці маладых. Першым крокам да ажыццяўлення гэтай ідэі і было перасяленне пляменніцы ў замак. У пачатку верасня князь збіраўся ў Варшаву. Там ён меў намер сустрэцца з адным са сваіх супляменнікаў і, можа, нават запрасіць да сябе ў госці… Гэтыя планы, якія больш падыходзілі якой-небудзь свацці, і натхнялі цяпер князя Станіслава. Ён строіў іх далёка наперад. Сын панны Марыі павінен быў унаследаваць яго тытул. Яму ж ён збіраўся адпісаць і ўсю сваю маёмасць. Князь, вядома, ні з кім не дзяліўся гэтай сваёй
Як толькі паведамілі аб прыездзе панны Марыі, яго агарнула хваляванне. Слёзы паказаліся на яго вачах, — князь зразумеў, якое вялікае значэнне для яго мела гэта дзяўчынка. Ён заспяшаўся да яе.
Панна Марыя чакала яго ў адной з залаў другога паверха. Гэта быў Рыцарскі зал. Тут сустракалі гасцей. Чакаючы выхаду гаспадароў, прыезджыя павінны былі пераканацца ў багацці Эрдзівілаў і ў іх беражлівых адносінах да гістарычных рэліквій. Тут захоўвалася калекцыя рыцарскіх даспехаў і зброі. Столь залы была ўпрыгожана каляроваю лепкаю, а сцены — старадаўнім вялізным дываном, на якім была выткана выява бітвы. Ля дзвярэй стаялі дзве муміі ў даспехах і з бердышамі. Галоўнай жа славутасцю залы быў высокі, аздоблены белым мармурам камін. Ён прыцягваў да сябе ўвагу адмысловай разьбою. На ім была адлюстравана бітва. Камін меў свой «сакрэт». Калі ў ім запальвалі агонь, разьбяныя чалавечкі ажывалі: яны пачыналі «рухаць» мячамі, палашамі, дзідамі. Водбліскі святла і гул полымя стваралі ілюзію сапраўднай бітвы: здавалася, нібыта бразгае метал, іржуць коні, страляюць гарматы, хрыпяць раненыя… Панначка сядзела ў мяккім крэсле, абабітым ярка-чырвонай парчою. Вочы яе былі заплюшчаныя. Ёй было прыемна вось так, у адзіноце, у халадку, пасядзець пасля стамляльнай дарогі.
Спачатку ў зале з'явіўся лакей і застыў ля дзвярэй. У сваёй доўгай ярка-зялёнай ліўрэі, з цвёрдымі, як жалезныя лісты, фалдамі, вузкіх панталонах, туга напятых канарэечных панчохах з падвязкамі, цяжкіх чаравіках, у доўгім парыку і пальчатках, ён нагадваў шыкоўна апранутага манекена. Твар яго, аж занадта напудраны, захоўваў веліч, нібы гэта быў сам кароль Польскі. Панну Марыю здзівіла яго прысутнасць…
І вось да яе данесліся ажыўленыя галасы, — у залу ўвайшлі двое. Гэта былі пан Чаляднік і князь Станіслаў. Раней панначка рэдка бачыла князя і таму здзівілася. Сваяк, здалося ёй, быў зусім маленькім, — ён быў амаль на галаву ніжэй яе. Яго мініяцюрнасць падкрэслівалася яшчэ і тым, што ён не насіў парыка. Над верхняй губой яго тапырыліся рэдзенькія рыжыя вусікі; вочы яго былі крыху выпуклыя, а таму здавалася, нібыта яны захоўваюць у сабе пачуццё страху. Князь быў апрануты ў багаты кафтан з ярка-чырвонага аксаміту, аздоблены асляпляльнымі белымі карункамі, у шаўковыя панталоны і чорныя панчохі. Ногі яго былі ўпрыгожаны лакавымі туфлямі на высокіх абцасах.
Панна Марыя паднялася і зрабіла некалькі крокаў яму насустрач.
— Дзядзечка… — змагла вымавіць яна і заплакала. Так патрэбна была ёй падтрымка роднага чалавека.
— Радасць мая! — усклікнуў князь і працягнуў рукі, каб хутчэй абняць пляменніцу. — Сірацінка мая! Прыехала нарэшце, радасць мая! Колькі я чакаў, не мог дачакацца гэтай хвіліны! Прыехала!.. — І князь тройчы пацалаваў панну Марыю.
Яго ласкавы голас, пацалункі хутка супакоілі панначку. Твар яе засвяціўся ўсмешкай.
Князь быў на вяршыні шчасця. І ў той жа час ён быў здзіўлены. Ён адчуваў сябе няёмка, калі цалаваў пляменніцу. Ён нават і ўявіць сабе не мог, што ўбачыць у асобе панны Марыі такую прыгажуню. Наведваючы Кляціху, ён глядзеў на бедную сірацінку, як на няўдачніцу; сапраўднага спачування ён не адчуваў. І толькі цяпер, нібы прарвала плаціну і вылілася на паверхню тое, што вось ужо больш дваццаці гадоў ён свядома хаваў у глыбіні душы. Здавалася, адкуль было ўзяцца ў ім, чэрствым сухары, такому фантану пяшчоты? Не разумеючы, што з ім адбываецца, князь разгубіўся. Ён адчуваў толькі адно: тое, што ён шчаслівы. Пацалаваўшы панначку, ён пасадзіў яе зноў у крэсла, прысеў насупраць і з цікаўнасцю пачаў разглядваць яе.
— Цяпер я ведаю, што прыгожыя дзеці бываюць толькі ад саюза, які змацаваны непадробным, шчырым каханнем, — сказаў ён упэўнена. — Твая маці была вельмі закаханая. Што толькі не рабілі бацькі, каб «вылечыць яе ад гэтай «хваробы»!.. І запіралі ў вежы, і марылі голадам… Яна не падпарадкавалася. Употай выйшла замуж. А пасля памерла — з гора, пасля дачаснай смерці твайго бацькі. Можна нават сказаць, што яна прынесла сябе ў ахвяру кахання, бо адмяла ўсе тыя выгоды, якія абяцала ёй яе становішча. І вось ты — плод таго кахання. Чыстая, цудоўная, як кветка німфеі. Я першы хачу схіліць перад табой сваю галаву.