Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— А калі ён не ходзіць, значыць, сапраўды хворы!
— Расказвалі, неяк у дзяцінстве ён зваліўся з другога паверха. Пашкодзіў спіну. Яго вазілі на калясцы. Дактары вылечылі яго. Ва ўсякім разе ён пачаў хадзіць… Аднак гэта рэдкі гультай. Навошта яму хадзіць, калі можна ездзіць! Дземянцей — гэта конь у вобразе чалавека — завязе яго хоць на Месяц!
Па спіне панны Марыі прабеглі мурашы, размова гэта стала ёй непрыемная.
— Адвядзіце мяне адсюль, — папрасіла яна. — Тут мала сонца.
Гнезскі ўзяў яе за
Уладкаваўшыся ў альтанцы, Гнезскі і панна Марыя некалькі хвілін маўчалі. Панна Марыя любавалася краявідамі возера. А Гнезскі, не адводзячы сваіх вачэй, глядзеў на прыгажуню. Яго зацікавіў профіль яе твару.
— Адсюль відаць нават касцёл! — нечакана з захапленнем заўважыла панначка.
Гнезскі не адказаў. Ён па-ранейшаму ўглядваўся ў твар панны Марыі.
— Мне хочацца паглядзець на вашы роспісы, што ў касцёле, — прызналася яна.
— Калі ласка, — адказаў майстар. — Я працую ў касцёле кожны дзень. Прыходзьце, як толькі ў вас будзе вольны час.
— А што гэта за пабудова вунь на тым пагорку? — пацікавілася панначка, паказваючы рукой ужо на супрацьлеглы бок. — Там столькі крыжоў…
Гнезскі азірнуўся.
— Старая капліца, — патлумачыў ён. — Гэты пагорак называюць Паповаю горкай. Там знаходзіцца прытулак для бедных вандроўнікаў. Ну а крыжы — старыя праваслаўныя могілкі. Гэта месца належыць праваслаўнаму братэрству.
За белаю, з перакошаным купалам каплічкай панна Марыя ўбачыла драўляную пабудову, якую Гнезскі назваў «прытулак». Міжволі яе пацягнула на Папову горку. Яна адразу ж вырашыла, што ў бліжэйшы час абавязкова наведаецца туды.
Між тым Гнезскі, нешта абдумаўшы, звярнуўся да панначкі з просьбаю:
— Панна Марыя, хачу папрасіць вас аб адной паслузе. Спадзяюся, яна вас не вельмі абцяжарыць…
Ён раптам сумеўся, апусціў вочы. У сваю чаргу яго нечаканая нясмеласць выклікала ў яе здзіўленне.
— Вы нешта хацелі, пан Гнезскі,— адазвалася яна. — Калі ласка, кажыце, што ў маіх сілах, я дапамагу.
— О, вы сама дабрыня, — адказаў мастак. — Гаворка ідзе пра жаданне зрабіць ваш партрэт. Ці не маглі б вы знайсці дзеля гэтага хоць адну гадзіну вашага ранішняга часу?
— Надоечы, здаецца, князь даў згоду на вашу прапанову. Я не пярэчу, — прызналася панначка. — Трэба толькі нагадаць яму пра вашу прапанову яшчэ раз.
Гнезскі ўдзячна пакланіўся.
— Аднак чаму ў вас з'явілася такое жаданне?
— Не хачу ліслівіць, панна Марыя, — адказаў ён. — Скажу толькі: час усё мяняе. Для чалавека мастацтва вельмі важна не ўпусціць момант натхнення. Хачу намаляваць вас менавіта такою, якою ўбачыў сягоння: нявіннай, юнай, абаяльнай і, здаецца, нават закаханай.
Панна Марыя ўмомант заірдзелася, як макавая кветка. Праніклівасць мастака здзівіла і збянтэжыла яе.
— О,
Панна Марыя ўзнялася:
— Трэба ісці, пан Гнезскі. Правядзіце мяне. Запэўніваю вас, ваша прапанова не сустрэне з майго боку ніякіх пярэчанняў. Перагаварыце з князем.
Той жа сцяжынкай яны вярталіся ў замкавы двор. І калі наблізіліся да парадных дзвярэй, з суседняга тунеля раптам выбег Дземянцей. За ім, з гіканнем, выкаціў на калясцы Іржык. Доўгаю пугай блазнюк імкнуўся ўдарыць грамілу. Пуга так і свісцела ў паветры. Слуга выкручваўся, прыгінаўся, і ўсё ж такі яму даставалася: кроў сачылася па яго твары і руках. Нарэшце, стаміўшыся, гарэзнік кінуў пугу. Ён асцярожна падкаціў да адной маладой служанкі, якая глядзела на яго, і раптам задраў ёй сукенку. Віск маладой служанкі змяшаўся з ідыёцкім смехам блазнюка. Наколькі страшна і сорамна было ёй, настолькі ж весела было другому…
Панна Марыя адвярнулася, парывіста пайшла ў пакоі.
V
Адразу пасля снядання да парадных дзвярэй галоўнага замкавага будынка быў пададзены экіпаж — раскошны чацвярык, запрэжаны ў ярка-чырвоную, упрыгожаную золатам карэту. А праз некаторы час стары князь, панна Марыя і пан Чаляднік, у суправаджэнні тузіна малайцоў з княжацкай дружыны, адправіліся ў Замір'е.
Выкаціўшы на гасцінец, экіпаж панёсся хутка, як вецер. З-пад колаў заклубіў пыл, засцілаючы ахоўнікаў, якія скакалі ззаду.
Ад хуткай язды ў панны Марыі захапіла дух. Яна глядзела ў акенца на дрэвы, якія мільгалі паабапал дарогі,— і ёй хацелася крычаць ад нечаканага захаплення, якое пасялілася ў яе душы. Начны перапалох быў зусім забыты; адступілі самотныя думкі. Маладосць узяла сваё: панначка ізноў стала вясёлая. Наперадзе, за акенцам, побач з фурманам сядзеў пан Чаляднік. Іншы раз ён азіраўся і строіў панначцы смешныя грымасы. І гэтая нямая гульня забаўляла яе, як дзіця.
І вось першыя ўражанні ўлягліся. Панна Марыя адкінулася на спінку сядзення і аддалася марам. Яна падумала, што з князем Станіславам ёй будзе добра. Князь бачыўся ёй моцным, упэўненым і адначасова добрым, пяшчотным. Ёй было спакойна побач з ім.
Яе летуценнасць перапыніў нечаканы прыпынак. Пан Чаляднік абышоў экіпаж, адчыніў дзверку з боку князя, сказаў:
— Ваша міласць, вось тое самае месца. Можа, панначка захоча паглядзець…
Князь, які паспеў ужо задрамаць, спахапіўся:
— Ах, так-так, зусім забыўся. — І тут жа звярнуўся да пляменніцы: — Марысечка, анёл мой, выйдзем на хвілінку. Я пакажу табе два цікавыя дрэвы.
Пан Чаляднік дапамог выйсці князю; потым абышоў карэту і дапамог панначцы. Экіпаж ад'ехаў на некаторую адлегласць…