Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Можаш наведвацца сюды ў любы час, — казаў князь. — Апроч вартаўнікоў і садоўнікаў, тут нікога не бывае.
— Мне падабаецца ваш парк, — шчыра прызналася панначка.
— Вось і добра, — адказаў князь. І дадаў: — Я задумаў пашырыць яго. Сягоння модна будаваць паркі ў месцах, якія маюць адносіны да гісторыі або звязаны з якой-небудзь легендаю, скажам, на месцы замкавых развалін. Старыя могілкі, старажытныя гарадзішчы, месцы іх пакланення — вось тое, што хвалюе цяперашніх гурманаў мастацтва, прымушае працаваць іх фантазію. Сапраўды, гэтыя месцы нечым своеасаблівыя, нездарма продак звярнуў на іх сваю ўвагу. Яны адзначаны нейкім знакам лёсу.
Тэма,
— Пашырыць Стары парк збіраюся за кошт тэрыторыі Паповай горкі. Гэта падоўжыць прагулачны маршрут. Давядзецца аднавіць капліцу і ліквідаваць гэты прытулак.
— Учора пан Гнезскі казаў мне, што гэты прытулак належыць праваслаўнаму братэрству, — заўважыла панна Марыя.
— Праўда, — здзівіўся дасведчанасці пляменніцы князь, — у тым вось і ўся справа. Братэрства катэгарычна адмаўляецца прадаваць зямлю. Аднак я свайго даб'юся!
Апошнюю фразу князь вымавіў упэўнена, — было зразумела, што ён ад свайго не адступіць.
— Тым самым вы пакараеце ўбогіх і бяздомных, — асцярожна запярэчыла панна Марыя.
— Ды не, я — не злодзей, — адказаў князь. — Я куплю Папову горку, каб пашырыць парк. Усе яе святыні будуць захаваныя. Што ж тычыцца прытулка, то я пабудую другі, У цэнтры горада. Ён будзе больш умяшчальны і больш зручны. Няхай гэта стане жэстам міласэрнасці ў імя збавення ад маіх грахоў.
Цяжка ўздыхнуўшы, князь перахрысціўся. Панна Марыя здзівілася: «Пра якія грахі ён кажа?» Аднак выпытваць не стала. Тым часам князь працягваў:
— Каб ажыццявіць задуманае, трэба мець добрага садоўніка. І вось што я прыдумаў.— Ён памаўчаў з хвіліну. — Я не жадаю карыстацца паслугамі нанятага майстра. Паркавае мастацтва — гэта далікатнае мастацтва. Тут маеш справу з жывым матэрыялам. Парк, як малое дзіця, патрабуе клопату кожны дзень. Я не хачу запрашаць замежнага майстра, бо ведаю: той абкрадзе мяне і праз год-другі пакіне сам-насам з многімі клопатамі. Задумка мая ў наступным: я навучу майстэрству садоўніцтва сваіх людзей. Дзеля гэтага мне ўжо сягоння падбіраюць таленавітую моладзь з маіх падданых. Думаю паслаць іх на паўгода-год павучыцца. А калі вернуцца, будуць у мяне свае садоўнікі. Яны-то ўжо не падманяць, паклапоцяцца аб маім парку. Вазьму іх з сабою ў бліжэйшую паездку. І пакуль яны будуць асвойваць навуку, выкуплю Папову горку.
Прызнанне князя ўсхвалявала панну Марыю: яна адразу ж падумала, што яе Ян мог бы трапіць у лік гэтых шчасліўчыкаў! Жадаючы зрабіць добрае для каханага, яна вырашыла закінуць за яго добрае слоўца. Але перад гэтым яна спытала:
— Якім дарам павінен валодаць той, каму вы хочаце аддаць перавагу? Умець маляваць? Ведаць грамату?
— Гэта не галоўнае, — адказаў князь. — Важна, каб ён меў унутраную культуру. І каб ён валодаў фантазіяй. Я сам размаўляю з кожным з прэтэндэнтаў. Мой выбар строгі. Толькі адзін з тузіна раней адабраных халопаў будзе мець гонар адправіцца на вучобу. Прызнаюся табе, я здзіўлены: столькі таленавітай моладзі ў бядняцкіх сем'ях!.. А чаму ты спытала? Што, у цябе ёсць нехта на прыкмеце?
Панна Марыя пачырванела. Ёй здалося, што князь прачытаў яе думкі. І ўсё-такі яна не разгубілася. Яна падумала, што, прыблізіўшы Яна да князя, яна такім чынам прыблізіць яго да сябе.
— Так, менавіта такога, якога вам трэба, — упэўнена адказала яна.
— Каго ж? — Князь Станіслаў нават спыніўся. Яго зацікавіла нечаканая прапанова пляменніцы.
— Ян з Кляціхі. Я знаёма
Князь усміхнуўся.
— Прабач, — тут жа павініўся ён, — проста ніяк не магу звыкнуцца з тваёй лаяльнасцю да халопаў. Разумею, ты з маленства была ў асяродку нізкага саслоўя. І ты павінна памятаць: гэтыя людзі — твае падданыя. Не больш! І пара табе зразумець, што ты не роўня ім, што Богам табе прадвызначана ўладарыць над імі. З дзяцінствам пакончана! Забудзь старых сяброў і завядзі сабе новых — у другім лагеры, лагеры сабе роўных. Бог падзяліў людзей па іх крыві. Кожнаму сваё: адным — уладарыць, другім — падпарадкоўвацца. Трэцяга не існуе. Забудзь усё, што было раней, шчасце маё, забудзь! Я перасяліў цябе ў замак для таго, каб ты пачала новае жыццё. І адзінае, аб чым шкадую, што не зрабіў гэтага раней.
— Значыць, вы адмаўляеце мне ў маёй просьбе? — панура запытала панна Марыя.
— Ты пра што? — здзівіўся князь. І адразу ж успомніў: — Ах, пра гэтага халопа… Чаму ж, прапанова слушная. У бліжэйшы час я выклікаю яго і пагавару з ім. Не сумнявайся.
Алея вывела іх да мяжы парка, туды, дзе знаходзіўся мост праз абводны канал. Далей рассцілалася прасторная зялёная паляна, у цэнтры якой, на пагорку, узвышалася белакаменная капліца. Побач з капліцаю стаяў убогі зруб з адзінаю трубою над страхою. На схіле пагорку густа ляпіліся перакошаныя драўляныя крыжы. Да капліцы, праз поле, нібы працяг цэнтральнай паркавай алеі, вяла звілістая вузенькая сцяжынка.
— А вось і Папова горка, — сказаў князь, паказваючы рукою ў той бок, куды глядзела панначка, — тая самая, пра якую я табе казаў. Ну, скажы, ці не займальная мая ідэя? Алею падоўжыць да падножжа горкі, а там раздвоіць, абхапіўшы горку ў колца. — Фантазіруючы, ён праводзіў рукою ў паветры лініі і кругі.
Тым часам яны мінулі мосцік. Іх сустрэў паклонам стары вартаўнік. Але князь нават не звярнуў на яго ніякай увагі.
У хуткім часе ён і панна Марыя наблізіліся да падножжа горкі. Некалі на гэтым пагорку былі звычайныя праваслаўныя могілкі. Невялікая капліца на ім уяўляла сабою чатырохкутны ў аснове будынак з купалам у выглядзе цыбуліны. Сцены яе былі тоўстыя і дастаткова добра захаваліся. Толькі купалу быў патрэбны рамонт: ён трэснуў і прыкметна нахіліўся. Побач з капліцаю стаяла несамавітая хатка з двума акенцамі. З коміна струменіўся ледзь прыкметны дымок. Узнімаючыся на горку, князь і панна Марыя прайшлі скрозь лес драўляных крыжоў. Дзверы каплічкі былі расчынены. Можа, таму князь рашыў зайсці туды…
Адзіным упрыгожаннем закінутай залы каплічкі былі масіўныя круглыя пілястры. Яны захавалі пабелку. Адразу каля ўвахода стромкая драўляная лесвіца вяла на хоры. Два вельмі вузкія праёмы, размешчаныя на сцяне, былі застаўлены крыжападобнымі жалезнымі кратамі.
— З гэтаю капліцаю звязана адна сумная гісторыя. — Густы голас князя гучна раздаваўся ў пустой зале і хутка знік пад купалам. — Некалі адзін мой продак, яры вораг кальвінізму, зачыніў тут і пакінуў без яды і вады некалькі пратэстанцкіх святароў. Ён патрабаваў, каб тыя адракліся ад сваёй ілжывай рэлігіі. Але выйшла не так, як ён хацеў. Ні адзін са святароў не адрокся. Тыдзень чакалі ад іх адказу. Нарэшце, калі капліцу адчынілі, выявілася, што з усіх палонных у жывых застаўся толькі адзін. Яму хацелі дапамагчы, але дарэмна, ён таксама хутка памёр. Усіх пахавалі тут жа, на могілках. А горку з таго часу сталі называць Паповай…