Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Гэта вы пра мяне? — міжволі вырвалася ў панны Марыі.
Не-не, ну што вы! Пра кветкі! — адказаў Гнезскі.— Што тычыцца вас, то вы будзеце цудоўнаю заўсёды. Німфеі, хоць і халодныя на колер, затое прыносяць шмат радасці і цяпла.
— Здаецца, я бачыла такія кветкі,— раптам успомніла панначка. — Ну канечне! Здалёк яны нагадваюць знак англійскай кароны.
— Цікавае параўнанне, — адказаў мастак. І тут жа дадаў: — Сапраўды так. Толькі пялёсткаў у іх не тры, а намнога больш.
— Яны высокія, стройныя…
— Такія,
Шчырасць, якая прагучала ў яго голасе, збянтэжыла панначку. Гнезскі заўважыў гэта, адклаў пэндзаль.
— Прашу прабачэння, — сказаў ён. — Вы ведаеце мае адносіны да вас. Вы такая цудоўная! Гледзячы на вас, прызнанні злятаюць з вуснаў самі сабой.
— Нічога, я не віню вас.
Жадаючы адцягнуць увагу на іншае, яна павярнулася да акна. Гаворка з разумным і далікатным чалавекам чамусьці заўсёды «вяртала» яе ў Кляціху. Яна ўспомніла Яна. Той быў таксама пачцівы, аднак не дазваляў сабе хваліць яе і захапляцца яе прыгажосцю. Яна адчувала пахвалу ў яго позірках, рухах, голасе.
— Спадзяюся, да вяртання князя Станіслава партрэт будзе гатовы, — заўважыў Гнезскі.— Буду старацца.
Але панна Марыя ўжо не слухала яго. Яна ўбачыла праз акно групу маладых людзей. Усе яны былі ў аднолькавых, доўгіх да пят, цёмных світках і ў саламяных капелюшах. У гэтым убранні яны нагадвалі сельскіх святароў. Сярод іх панавала ажыўленне: хлопцы перагаворваліся, азіраліся. Відавочна, яны ўпершыню папалі ў замкавы двор. Якое ж было яе здзіўленне, калі яна пазнала Яна!.. Той, прыціскаючы да грудзей футарал са скрыпкаю, нясмела паглядваў на вокны палаца.
Некалькі імгненняў панна Марыя баялася нават дыхаць. Гнезскі, не заўважаючы яе стану, прадаўжаў гаварыць — яна ж у думках перанеслася туды, на замкавую плошчу…
— Што здарылася? — адчуўшы яе ўсхваляванасць, — спытаў мастак.
Панна Марыя азірнулася, — яна не пачула пытання. З хвіліну пра нешта разважала. Затым стрымгалоў кінулася да дзвярэй…
Ніколі раней не бегала яна так хутка. Здавалася, яе ногі апярэджвалі сам час. Там, дзе трапляліся ступенькі, яна прыгала, рызыкуючы расцягнуцца на гладкім паркеце… Гнезскі выскачыў за ёю ў калідор, крыкнуў:
— Панна Марыя, вы куды? Што з вамі?
Аднак яму адказалі толькі калідорнае рэха ды частыя крокі панначкі. Даганяць бяглянку ён палічыў справаю безнадзейнай.
Між іншым панна Марыя дабегла да параднай лесвіцы. Яна ўбачыла, як у прыхожую ўвайшла, нешта выгаворваючы служанцы, княгіня. Паспешліва спусціўшыся, панна Марыя
— Добрая раніца, ваша міласць.
— Добрая, добрая, — незадаволеным тонам адказала княгіня.
На мужападобным яе твары, нібы вытачаным з белага мармуру, чытаўся выраз непераможнай пагарды. «Куды гэта ты так ляціш?» — як бы пытаўся яе позірк.
Адчуваючы, што сваёю паспешлівасцю яна можа выклікаць у княгіні гнеў, панна Марыя, тым не менш, прабегла міма яе. Расчыніўшы дзверы, яна выскачыла Ў двор…
Ян па-ранейшаму глядзеў на вокны. Разумеючы, што паедзе надоўга, ён хацеў развітацца з панначкаю. З самага першага дня расстання з ёю ён пакутаваў. Ведаючы характар панначкі, ён быў упэўнены, што ёй цяпер адзінока. Ён абдумваў свае планы, каб пабачыцца з ёю. Аднак нечаканыя ўказанні князя разбурылі ўсе яго задумкі. Цяпер ён спадзяваўся хоць бы здалёк паглядзець на прадмет сваёй мары.
Моладзь, заўважыўшы панну Марыю, прыціхла. Даволі рэдка выпадала ім бачыць такую прыгажуню, да таго ж так багата апранутую.
Іх маўчанне і дапытлівыя позіркі збянтэжылі панначку. Толькі цяпер яна зразумела, што яе шчырасць можа аказаць ёй нядобрую паслугу. Яна не столькі бачыла, колькі адчувала, што з-за шкляных дзвярэй за ёю назірае княгіня. Успомніўшы пра этыкет свайго паважанага роду, яна застыла на месцы. Але ўжо ў наступнае імгненне пачуццё, якім яна была перапоўнена, падштурхнула яе далей.
Заўважыўшы панначку, Ян зрабіў крок насустрач. Абодва, не скрываючы радасці, адышлі ўбок… Панна Марыя, жадаючы хутчэй зменшыць хваляванне, якое яе мучыла, загаварыла першая:
— Гэта я падказала князю ўзяць цябе ў Варшаву. Ян не адказаў. Не, не хваляванне за тое, што яны размаўлялі ва ўсіх на віду, абцяжарвала яго. Наадварот, яго перапаўняла пачуццё захаплення. Ён так хацеў пабачыць панначку!.. І вось мара збылася. Ён любаваўся ёю.
— Ты ведаеш, навошта вас вязуць? — спытала панна Марыя.
Позірк юнака, такі знаёмы, нарэшце вярнуў ёй спакой. Ёй хацелася зноў, як і раней, замілавана гаварыць, смяяцца, жартаваць.
Але Ян як быццам і не слухаў яе. Ён загаварыў неяк зусім пра іншае:
— Ведаеце, панна Марыя, пра што я думаў усе гэтыя дні? Калі не здзейсніцца пры жыцці тое, на што блаславіла нас неба, яно абавязкова здзейсніцца пасля…
— Цішэй, цішэй! — у той жа момант паспрабавала спыніць яго панначка. — Ты з глузду з'ехаў!
Але Ян не мог маўчаць пра тое, што ўсе гэтыя дні хвалявала яго сэрца.
— І чым больш я сталею, — працягваў ён, — тым больш упэўнены ў сваім пачуцці да вас. Гэтае пачуццё вырасла разам са мною. Цяпер яно такое вялікае, што нават сама смерць не зможа перамагчы яго. Яно будзе жыць і пасля мяне. Я буду з вамі заўсёды, мая панна. І я шчаслівы, што Гасподзь паслаў на мяне гэтакую раскошу.