Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Панна Марыя некалькі разоў спрабавала спыніць яго. Але жаданне выслухаць было вышэй яе сілы. І яна слухала менавіта так, як некалі слухала яго музыку і яго песні.
…Знікнуць цывілізацыя, людзі, забудуцца словы, аднак навекі застанецца маё пачуццё да вас. Лятаючы пад нябёсамі, яно дасць жыццё новаму свету: запаліць новае сонца, ачысціць ад попелу зямлю. О панна, мая панна!..
Панне Марыі хацелася падарыць Яну хоць кроплю надзеі. Але яна разумела, што перш-наперш ёй трэба вярнуць яго з аблокаў на зямлю.
— Абяцай, што сумленна выканаеш волю князя, — папрасіла яна. — Абяцай.
— Ні князю, ні вам, мая пані, чырванець за мяне не давядзецца, — упэўнена адказаў Ян.
А
Так сваёю стрыманасцю адорвала яна надзеяй на лепшае як Яна, так і самаё сябе.
XIII
Перад заезнай замкавай аркаю, на плошчы, выстраіўся цэлы ланцуг экіпажаў. Тут жа сабраўся вялікі натоўп слуг. Праводзілі князя і яго світу. Падобныя провады адбываліся, звычайна, два разы ў год: восенню і ранняю вясною, калі князь ад'язджаў у Варшаву. Слугі плакалі.
А на тое была прычына: паўнапраўнаю гаспадыняю ў замку на час ад'езду была княгіня. Ужо сягоння няшчасныя прасілі Бога, каб князь вярнуўся хутчэй.
Галоўны экіпаж, запрэжаны, як звычайна, чацвёркаю адборных жарабцоў, стаяў каля моста праз роў. Пакуль сваё месца займаў толькі фурман. Іншыя экіпажы былі ўжо гатовы да адпраўкі. У экіпажах размясціліся кухары, слугі і моладзь, якую князь вёз на вучобу. У адным з іх знаходзіўся Ян. Акрамя таго, на плошчы гарцавалі, выхваляючыся сваім абмундзіраваннем, дзесяткі два коннікаў. Гэта былі княжацкія дружыннікі. У кожнага на касцюме красавалася пярэстая вышыўка герба Эрдзівілаў. Усе чакалі сігналу адпраўкі.
У цэнтры плошчы стаяў князь Станіслаў, яго жонка, панна Марыя і пан Чаляднік. Прыйшлі развітацца пан Гнезскі і пан Кржыш. Выканаўчая, што тычылася этыкету, княгіня Ізабэла гаварыла князю:
— Успамінайце сваю жонку. Паведамляйце аб сабе. — Пры гэтым выраз яе твару заставаўся суровым, быццам яна судзіла.
Князь глядзеў кудысьці міма яе, у бок замка. Здавалася, ён пытаўся: «А ці так неабходна яму некуды ехаць? А можа, лепш застацца?» Цяпер, калі ў замку пасялілася пляменніца, ён ужо не так рваўся з дому. Яму здавалася, што жыццё яго змянілася. Пасля доўгай спячкі ўпершыню прачнулася і засвяціла цёплымі промнямі надзея… Ён перавёў позірк на пляменніцу. Усмешка кранула яго хударлявы твар. Панна Марыя глядзела на яго шырока адкрытымі вачамі і як бы прасіла: «Застаньцеся». Эрдзівіл зрабіў крок і, узяўшы яе руку, пацалаваў кончыкі пальцаў. Панна Марыя ўсміхнулася, і ў той жа момант на яе вейках заблішчэлі слязінкі.
— Я буду лічыць кожны дзень, — ціха сказала яна. — Вяртайцеся як найхутчэй.
Князь не адказаў; было сумна да болю. Сягоння ўпершыню яму падумалася, што можна было б узяць пляменніцу з сабою. Жадаючы хутчэй скончыць сумны рытуал, ён раптам павярнуўся, звякнуў шпорамі і пакрочыў да карэты. Слуга адчыніў перад ім дзверку.
Пан Чаляднік, хаваючы ўсмешку ў пышных вусах, прагудзеў, звяртаючыся да праважатых:
— Ну, брація, пажадайце нам таго, чаго і сабе жадаеце! Поспеху, здароўя! І да хуткай сустрэчы! — Ён пакланіўся княгіне: — Да пабачэння, ваша міласць. — Потым павярнуўся да панначкі: — Пажадайце нам што-небудзь на развітанне. Як скажаце, так яно і будзе. Панна Марыя з усмешкаю адказала:
— Хай у дарозе будзе ў вас усё добра! Прыказчык азірнуўся на слуг, якія высунуліся з акон экіпажаў.
— Чулі? — самазадаволена
— Здароўя і шчасця яснавяльможнай панне!.. — чуліся развітальныя словы. — Цяпер ужо нам, бясспрэчна, будзе ўдача!
Здаецца, нібы хто крануў нейкую жывую струну: навокал загаварылі, заківалі, заўсміхаліся. У словах панны людзі адчулі шчырае спачуванне.
Тым часам князь зрабіў адмашку прыказчыку. Пан Чаляднік узлез на козлы да фурмана і, адшукаўшы позіркам трубача, моўчкі кіўнуў яму. Трубач па-маладзецку выпраміўся і падняў трубу з замацаваным на ёй сцягам. Над плошчаю прагучаў сігнал. Па знаку пана Чалядніка наперад паскакалі пяцёра коннікаў з дружыны, у тым ліку і трубач. За імі, не спяшаючыся, рушыў галоўны экіпаж. Варлампій азірнуўся, памахаў усім, хто праводзіў. За карэтаю паследавалі іншыя экіпажы. Замыкалі працэсію коннікі з дружыны.
Правёўшы поглядам карэту князя, панна Марыя пачала ўглядацца ў вокны экіпажаў. У нейкае імгненне ёй здалося, што яна ўбачыла Яна. Яна зрабіла некалькі крокаў наперад — але тут жа спынілася ад суровага позірку княгіні Ізабэлы. Тая, прыжмурыўшыся, з падазрэннем глядзела ёй у вочы, жадаючы прачытаць хвалюючыя яе думкі. Панна Марыя ўздрыгнула і адступіла. Яна пакутавала…
XIV
Правёўшы князя, панна Марыя паднялася да сябе. Але доўга ёй заставацца адной не давялося. У хуткім часе ўвайшла Агнешка і далажыла:
— Вас просіць княгіня.
Панна Марыя здагадвалася, пра што можа быць гаворка з княгіняю. І гэта здагадка міжволі нараджала ў яе душы пратэст. З маленства яна прывыкла паступаць так, як лічыла неабходным, і гатова была даць адпор замаху на яе свабоду.
Княгіня сядзела ў вялікім, падобным на трон, малінавым крэсле, абабітым парчою. Над ёю ўзвышаўся шаўковы балдахін у выглядзе купала турэцкай мячэці. Вокны яе будуара, нягледзячы на тое, што набліжаўся поўдзень, былі надзейна завешаны шторамі. Невялікі крыж, які вісеў за крэслам на сцяне, нагадваў паўзучую змейку.
— Сядай, мілая, — княгіня наказала на крэсла, якое стаяла значна далей ад яе.
Зварот «мілая», «мілачка» з самага пачатку абураў панну Марыю. Яна ведала, што менавіта так княгіня звяртаецца да слуг.
— Размова пойдзе пра цябе. Цяпер, калі мы засталіся ўдзвюх, нам міжволі прыйдзецца пасябраваць. Па гэтай прычыне я адразу хачу выкласці табе свае меркаванні. І жадаю, каб ты зразумела мяне. — Яна памаўчала, збіраючыся з думкамі, затым прадоўжыла: — Гасподзь пакінуў нам запаведзі, даў статут. Мы — чарвякі яго і абавязаны выконваць яго волю. У іншым выпадку мы рызыкуем угнявіць яго. Ён сказаў маліцца — і мы молімся, кожны дзень ухваляючы яго. Ён сказаў не блюзнерыць — і адданасць наша яму памнажаецца. Але ёсць і іншыя яго законы, якія пакінуты нам для выканання. Спакон веку існуе два саслоўі: вышэйшае і ніжэйшае, улада і рабы. Так было і так будзе. Той, хто імкнецца змяніць або ўнесці крыўду ў гэта — ці то раб, ці то ўладар, — той ідзе супраць Бога. Ты належыш да роду, які па сваёй магутнасці, вялікасці і славе не ўступіць нікому другому. Гэта наша ўласная годнасць перад другім! Не гардыня правіць намі, а ўмоўнасці і законнасці свету, у якім мы знаходзімся. Мы — з саслоўя ўлады! А таму нам у першую чаргу варта захоўваць гэтыя ўмоўнасці і законнасці. Невыкананне іх — такі ж грэх, як і парушэнне запаведзяў. Запомні раз назаўсёды, мілачка: калі ты знакамітага роду, то і жыць павінна па законах гэтага роду. Магчыма, князь яшчэ не гаварыў з табою пра гэта. Што ж, прымі гэта ад мяне. Запомні: адна твая ўсмешка халопу ў многа разоў больш вялікі грэх, чым тваё распараджэнне пакараць сотню халопаў.