Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Пан Кржыш паправіў акуляры, адклаў убок пяро і выйшаў з-за канторкі.
— Вечар добры, яснавяльможная панна. Калі ласка, праходзьце. Мае справы няспешныя, іх заўсёды можна адкласці.
Калі б панна Марыя была больш праніклівай, яна прачытала б у вачах бібліятэкара не толькі збянтэжанасць. Гадоў трыццаці, пан Кржыш наўрад ці прызнаўся б нават самому сабе ў тым, што ён адчуў, убачыўшы ўчора панну Марыю. Між іншым, тая сустрэча, здавалася, усё перавярнула ў ім…
У свой час, шукаючы сакратара, князь Станіслаў нездарма звярнуў увагу на гэтага чалавека. Яму спадабалася яго ўменне слухаць. Сапраўды, гэта быў дар пана Кржыша. І гэта прыцягвала да яго. Як гаспадары, так і прыслуга міжволі шукалі ў бібліятэкара падтрымкі. І яны знаходзілі яе. Пан Кржыш валодаў здольнасцю супакойваць: ён захоўваў у сабе талент духоўніка. У гэтую
Пан Кржыш паказаў на крэсла каля акна:
— Прашу вас, панна Марыя.
Ён пачакаў, пакуль яна сядзе. Потым сеў сам. Яго маўчанне прымусіла госцю пачаць размову першай.
— Мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з вамі,— шчыра прызналася яна. — А яшчэ я хачу паглядзець бібліятэку. Пасяліўшыся ў замку, трэба ведаць усе яго аксесуары.
Яна змоўкла, чакаючы, што адкажа ёй пан Кржыш. Але ён маўчаў. Панначка, якая прывыкла да таго, што ў яе акружэнні мужчыны, як правіла, балбатлівыя, здзівілася яго маўчанню. І таму яна ўвесь час імкнулася завязаць з ім размову.
— Я тут мала з кім знаёма. А іншы раз так хочацца пагаварыць. Зразумейце мяне.
Шчырасць, якая прагучала ў яе голасе, прыемна ўразіла пана Кржыша. Ён нават пачырванеў. У ім прачнулася пяшчота да госці. Меланхолік, маўчун, педант, ён адчуў жаданне гаварыць, жартаваць, смяяцца. Яму ўжо здалося, што раней ён не сустракаў істоты больш чароўнай і мілай. Такая ўжо была яго натура: пан Кржыш быў страшэнна ўлюблівы. Ён мог закахацца, не выходзячы за сцены замка, калі толькі бачыў сімпатычны тварык з вакон сваёй бібліятэкі; ён мог закахацца на вуліцы, калі бываў у горадзе. Канечне, пачуцці гэтыя былі платанічныя. Аднак ён ніколі і нікому не прызнаваўся ў каханні. Ён быў да дзівацтва нясмелы. Князь з задавальненнем пагадзіўся б стаць яго сватам і нават шчодра адарыў бы яго. Але маўчун так ні разу і не завёў з ім размовы на гэтую тэму. Таму ў замку над ім пасмейваліся. Людзі не разумелі, што ўся справа — у асаблівым, чулым і ранімым характары гэтага чалавека.
Упершыню парушыўшы свае «прынцыпы», пан Кржыш сказаў у гэты вечар больш, чым дазваляў сабе звычайна. Хвалюючыся, ён вымавіў:
— Я бачыў вас сягоння раніцаю. Вы садзіліся ў экіпаж.
І адразу ж фраза гэта здалася яму верхам нетактоўнасці. Калі б дзівак ведаў, што менавіта сардэчнасць панначкі і прымушае яго адкрываць рот, ён паводзіў бы сябе куды больш натуральна.
— О, гэта была цудоўная прагулка! — ахвотна прызналася панна Марыя. — Уявіце сабе, мы бачылі цыган. Яны спявалі і скакалі. З імі быў сапраўдны мядзведзь. І ён таксама скакаў.
Забыўшыся, пан Кржыш глядзеў на панначку, не зводзячы вачэй. Ніхто з гаспадароў не размаўляў з ім так даверліва. На імгненне яму нават здалося, што яны з паннай Марыяй знаёмы амаль з дзяцінства. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь ласкавае, падзяліцца чым-небудзь патаемным. Аднак ён прамаўчаў.
Панна Марыя расказала яму пра дуб і сасну. Пан Кржыш ведаў пра гэты феномен прыроды, але зрабіў выгляд, што чуе пра яго ўпершыню. Невядома, у якім бы напрамку працягвалася іх размова, калі б раптам з расчыненага акна не данёсся працяжны роў. Тое задавальненне, якім былі напоўнены іх душы, умомант змянілася разгубленасцю. Здалося, быццам у пакоі раптоўна разбілі крыштальную вазу.
— Што гэта? — з трывогай запытала панна Марыя. Пан Кржыш толькі цяпер зразумеў, наколькі чуллівае яе сэрца. Шкадуючы панначку, ён падумаў, што ёй будзе нялёгка ў замку, дзе так мала чыстых і адкрытых душ. Жадаючы супакоіць яе, ён патлумачыў:
— Гэта Ціхі Маўр, наш мядзведзь.
Панначка парывіста падышла да акна. З вышыні другога паверха яна ўбачыла тую самую цесную пляцоўку, паміж агароджаю і сцяною палаца, дзе размяшчаліся клеткі з птушкамі. Як раз пад акном залы картатэкі знаходзілася яма з мядзведзем. Ціхі Маўр стаяў на задніх лапах і роў. Выглянуўшы з акна, панна Марыя ўбачыла і князя Іржыка. Седзячы ў калясцы, той спрабаваў сцебануць мядзведзя пугаю. Злосць звера весяліла свавольніка. Кожны раз, калі мядзведзь адказваў на яго сцёбанне рыкам, малады князь гучна рагатаў. І тады здавалася, што гэта смяецца не чалавек, а д'ябал. Парык так і хадзіў на галаве паніча, то закрываючы яму вочы, то звальваючыся на плечы. Дземянцей, стоячы побач з каляскаю, раз-пораз папраўляў яго. Панначка азірнулася на бібліятэкара. Яе позірк пытаўся: «Што ён робіць? Навошта?» Але сарамяжлівы пан Кржыш, хоць і зразумеў
Між тым Іржык ужо ў каторы раз з усяе сілы ўдарыў мядзведзя па галаве. Пуга разляцелася ўшчэнт. Гэтая акалічнасць прывяла прыдурка ў захапленне. Ён так падскочыў, што парык паляцеў у яму.
Раз'юшаны мядзведзь, як страла, кінуўся да ўбору свайго ворага. Схапіўшы парык зубамі, ён з лютасцю стаў ірваць яго зубамі, быццам гэта быў яго мучыцель.
Панна Марыя адышла ад акна, задумалася. Пан Кржыш, разумеючы яе стан, прапанаваў:
— Пойдзем у суседнюю залу. Вокны адтуль выходзяць на прыстань.
Яму хацелася супакоіць госцю, адцягнуць яе ўвагу ад таго, яшчэ не знаёмага ёй, жыцця, дзе ўладарыць уседазволенасць. Яны прыйшлі ў даволі прасторнае памяшканне з зашклёным дахам. Гэта была бібліятэка Эрдзівілаў, адна з самых знакамітых у Еўропе. Зала здавалася бязмежна высокаю. Кнігі размяшчаліся на паліцах уздоўж сцяны; побач з кожнаю паліцаю стаяла драўляная лесвіца. Залу ўпрыгожвалі гіпсавыя бюсты старажытных філосафаў. Спецыяльная Малая зала бібліятэкі, куды пан Кржыш праводзіў панначку, прызначалася для знаёмства з рэдкімі рукапісамі і дакументамі. Тут, у шафах, захоўваліся пісьмы Пятра І, Людовіка XV і XVI, Карла XII, Багдана Хмяльніцкага. Пан Кржыш паказваў давераныя яму на захоўванне бясцэнныя фаліянты і з падрабязнасцю расказваў пра лёс кожнага з іх. Ён хацеў, каб панна Марыя як мага хутчэй забыла пра непрыемную сустрэчу. Але ён адчуваў, што той душэўны стан, з якім прыйшла да яго госця, пакінуў яе. Панначка слухала, але думала ўжо пра нешта сваё…
VII
У гэтую ноч панна Марыя заснула адразу…
Ёй прысніўся дзіўны сон. Вада, прабягаючы па вялікім млынавым коле, надала, разбіваючыся на безліч пырскаў. Блікі і манатонны шум вады супакойвалі панначку. «Яго голас, як шум вады вялікай», — чулася ёй аднекуль здалёк. Яна працягнула рукі і адчула халодныя пырскі на далонях. Туман асвяжаў яе твар. Яна бачыла кропелькі вады на сваіх валасах: яны свяціліся, як блакітныя смарагды. З асалодаю ўдыхала яна свежае паветра. І ўсё-такі ёй хацелася нечага большага… Азірнуўшыся, яна раптам убачыла Яна. Той набліжаўся. Позірк хлопца быў, як заўсёды, ласкавы. Ян узняў скрыпачку і ціха зайграў: яна пазнала яго мелодыю! Гукі ўскружылі галаву, і ёй захацелася заплакаць ад асалоды. У мелодыі чуліся спеў салаўя, звон падаючых у ваду пырскаў, пчаліны гул. Гэтыя гукі выклікалі ў яе свядомасці прыемныя ўспаміны. Адзін успамін чаргаваўся за другім. І ў гэтым было столькі ж асалоды, колькі і ад палётаў у сне. Менавіта так часам уначы душа яе гаварыла з душою маці, калі тая, нябачная, аднекуль з цемры заклікала яе да супакаення і пакорлівасці. Толькі цяпер замест голасу маці ёй чулася музыка… Яна паклала галаву на плячо Яна. Юнак апусціў скрыпку, абняў панначку. Ад залішняга прыемнага пачуцця панначка застагнала… Раптам яна павярнулася і ўбачыла, што прыціскаецца да стройнага дрэва. На яго кары паблісквалі кропелькі вады. І тады яна зразумела, што яны з Янам — дрэвы, тыя самыя дрэвы, што бачыла каля дарогі. Панна Марыя адчула, як абвівае Яна; пачула яго палымяны шэпт. І яна ўзрадавалася — падумала, што цяпер яны будуць заўсёды разам.
Яна прачнулася ад незвычайнай цішыні. З адчыненага акна не было чуваць нават стракатання конікаў. Свяча дагарала, пускаючы прагорклы дым. Панначка падняла галаву, закашлялася… За акном было цёмна, на неба насунуліся чорныя хмары.
Доўга потым варочалася яна. Нарэшце заснула. Але на гэты раз яе сон быў чуйным і трывожным.
VIII
На наступны дзень, раніцаю, князь запрасіў пляменніцу прагуляцца па Старому парку.
Гэты парк размяшчаўся за межамі тэрыторыі замка. Ён цягнуўся па беразе ракі, якая з дапамогаю дамбы ператварылася ў вялікае возера, і быў зрэзаны каналамі. Шырокая цэнтральная алея, на якой праз кожныя пяцьдзесят крокаў стаяў мрамарны бюст якой-небудзь антычнай знакамітасці, падзяляла яго на дзве часткі. Па абодва бакі алеі былі разбіты кветнікі. Мосцікі ў парку былі ўсе адной формы — у выглядзе дугі. Разам са сваім адлюстраваннем у вадзе такі мосцік збоку выглядаў, як кола. Дрэў у парку было няшмат, затое кожнае з іх уяўляла сабою закончаны жывапісны малюнак. Кожная галінка, кожны кавалачак зямлі ў гэтым райскім месцы гаварылі пра клапатлівую руку чалавека. Цэнтральную дарожку сцягваў падстрыжаны кустарнік; у адным месцы была наладжана алея.