Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Ніяк не чакаў убачыць вас так рана, — прызнаўся ён.
— Князь абяцаў узяць мяне сягоння за горад. Вось і прачнулася раней, — патлумачыла панна Марыя. — Я прывыкла рана падымацца. Дома я кожную раніцу гуляла па расе.
— Дзе менавіта?
— У сваім парку… О, парк быў маім другім пакоем! — ахвотна прызналася панна Марыя. — Я ведала там кожны каменьчык. Там столькі сонца! І кожнае дрэва навявала такую фантазію! Там ёсць дрэва-слон, дрэва-мыш, дрэва-пяшчора.
Твар Гнезскага ажывіўся, ён нават усміхнуўся. Яму спадабалася яе непасрэднасць.
— У вас ёсць пачуццё бачання цудоўнага, — паліслівіў ён
— Мастацтвам? — панна Марыя здзівілася. — Не. Я люблю назіраць, слухаць. Люблю жыццё…
— Калі жадаеце, я магу даваць вам урокі малявання, — прапанаваў ён.
— Наўрад ці ёсць у мяне здольнасці да малявання, — адмовілася панначка.
Гнезскі не настойваў, толькі спытаў:
— У вас знойдзецца некалькі вольных хвілін?
— Толькі да таго моманту, калі мяне пакліча князь. А што?
— Хачу прапанаваць вам невялікую прагулку па замкавым вале.
— Ці магчыма гэта? — у голасе панны Марыі прагучала сумненне. — Князь будзе шукаць.
— Ён прачнецца не хутка. Запэўніваю вас. Да гэтага часу мы вернемся. Да таго ж я зараз паведамлю пра наш намер вашай служанцы.
Панна Марыя не паспела запярэчыць, як засталася адна. Хуткі на рашэнні, Гнезскі адправіўся папярэдзіць Агнешку. У калідорах, у прыхожай і недзе на двары вазіліся слугі. Яны падмяталі, палівалі, націралі. Іх размераная мітусня ўносіла ў свядомасць панначкі нейкую трывогу.
Але трывога яе ўляглася, як толькі Гнезскі вярнуўся.
— Папярэдзіў,— сказаў ён. — Цяпер ваша служанка будзе ведаць, дзе мы. Пойдзем.
Яны накіраваліся да выхаду.
І вось яны апынуліся на вялізным двары, які быў акружаны высокімі дварцовымі будынкамі. Сярэдзіну двара ўпрыгожвала агромністая круглая клумба, на якой красавалася некалькі карлікавых дрэў. Прайшоўшы па ўсланай дробным каменем брукаванцы, панна Марыя і Гнезскі завярнулі ў паўкруглы тунель, які быў зроблены пад адным з дварцовых будынкаў. Мінуўшы яго, яны апынуліся на цеснай пляцоўцы, з аднаго боку якой была высокая каменная агароджа, а з другога — сцяна замкавага дварца. Тут уздоўж агароджы размяшчаліся вальеры з дзівоснымі птушкамі. У клетках сядзелі фазаны, арлы. У адной з іх знаходзіўся прыгажун паўлін. Панна Марыя была шчыра здзіўлена.
— Божа! — усклікнула яна. — Якія прыгожыя птушкі! Паглядзіце, пан Гнезскі, паглядзіце!..
Асабліва зачаравалі яе чырвоныя фазаны. Яны былі рухавыя, але не забывалі і пра асабістую годнасць. Афарбоўкаю сваіх пер'яў і ганарыстым выглядам яны нагадвалі ватыканскіх стражнікаў.
— Бажанты, — на польскі лад назваў птушак правізар. — У Летнім парку іх вырошчваюць сотнямі.
— Навошта так многа? — пацікавілася панначка. Гнезскаму не хацелася расчароўваць сваю цудоўную суразмоўніцу — мяса фазанаў ішло на стол гаспадарам замка, — таму ён зрабіў выгляд, быццам не чуў пытання. Аднак тут жа звярнуў яе ўвагу на каменны парапет, за якім знаходзілася даволі глыбокая і вялізная па плошчы яма.
— А вось тут у нас Вялікі Маўр, — казаў ён, імкнучыся захаваць зацікаўленасць панначкі.
Панна Марыя, азіраючыся на птушак, якія ёй спадабаліся, падышла да парапета. Яна зірнула ў той бок, куды звярнуў яе ўвагу Гнезскі, і нечакана ўбачыла на дне ямы вялікага чорнага мядзведзя… У першае імгненне ёй здалося, што гэта выварацень пяцісотлетняга дуба. Мядзведзь сядзеў на паляне,
— Хто яго пасадзіў туды, бедалагу?! — усклікнула спагадлівая панначка. — Яго трэба зараз жа выпусціць!
Гэтае заступніцтва здзівіла Гнезскага нават больш, чым некалькімі хвілінамі раней прыгажосць панны Марыі. Ён зразумеў, што мае справу з істотай нявіннай і сардэчнай. Рэдка яму даводзілася бачыць у тых, у каго ён служыў, падобныя вартасці.
— Гэта ўсяго толькі «цацка», яго трымаюць дзеля забавы, — паспрабаваў растлумачыць мастак.
— Не разумею, — адказала панначка. — Што тут забаўнага? Разумная і высакародная жывёліна сядзіць у яме, мучыцца жаданнем выбрацца на волю… Пра якую забаву вы гавораце?..
Гнезскі сумна ўсміхнуўся.
— Наколькі я ведаю, — казаў ён, — у замку заўсёды трымалі мядзведзяў. Іншы раз нават двух, а то і трох.
— І што з імі рабілі?
— Мілая панна. Вы ж ведаеце, мядзведзь — гэта страсць паляўнічага. Паляванне на яго — кульмінацыя любой забавы. А Эрдзівілы заўсёды былі страснымі паляўнічымі.
— Вы хочаце сказаць, што мядзведзяў забівалі?
— Асабіста я не бачу задавальнення ў тым, каб забіць звера. — Гнезскі націснуў плячыма. — Злоўленага мядзведзя трымаюць у яме да таго часу, пакуль гэта не надакучыць гаспадарам, — прадаўжаў расказваць ён. — Пасля яго выпускаюць у Летні парк, на паляну, каб застрэліць…
— Якая жорсткасць! Няўжо дзядзя адабрае падобнае?
— Стары князь — не. Ён — чалавек бясстрасны. Затое гэтая забава захоплівае князя Іржыка. Для яго паляванне — сапраўдная радасць. З таго часу як я жыву ў замку, ён забіў, па меншай меры, з дзесятак мядзведзяў.
Панна Марыя прыціхла. Тоненькая зморшчынка — прыкмета асобай унутранай засяроджанасці — з'явілася ў яе над пераносіцаю. Панначка задумалася над тым, як дапамагчы бедалазе, які сядзіць у яме. Яе здзівіла, што мядзведзь нават ні разу не паглядзеў у іх бок. Здавалася, звер разумеў, што яму ўгатавана лёсам, і сканцэнтраваў на гэтым усе свае думкі… Гнезскі, жадаючы ўзбадзёрыць панначку, кінуў у яму каменьчык. Мядзведзь глянуў туды, куды ўпаў каменьчык, аднак уверх, на людзей, так і не паглядзеў.
— Раскажыце мне пра маладога князя, — папрасіла панна Марыя. — Мне здалося, што ён не ў сваім розуме.
— О не, — тут жа запярэчыў Гнезскі,— з галавою ў яго якраз усё ў парадку. Проста гэта вялікі хітрэц. У замку ўсе ведаюць сапраўдную прычыну яго вар'яцтва: паніч без меры распешчаны. Не памылюся, калі скажу, што гэта самы распешчаны чалавек ва ўсім свеце. — Гнезскі азірнуўся на вокны і, звярнуўшы ўвагу, што яны зачынены, працягваў ужо прыглушаным голасам: — Наколькі я разумею, пан Іржык — «стварэнне» княгіні. Яна ўпэўнена, што ён дрэнна чуе, што ў яго хворыя ногі, што ён слабы і ўвогуле нешчаслівы, і таму ўсё яму дазваляецца. Між іншым малады князь карыстаецца гэтым! Яму выгадна выглядаць ідыётам! Бо калі ён павядзе сябе разумна, на яго адразу ж надзенуць хамут. А так — і вучыцца не трэба, і выконваць наказы бацькоў не трэба. Поўная свабода разбэсціла яго канчаткова. Думаю, ужо нішто не можа выцягнуць яго з прорвы невуцтва, у якой ён апынуўся на волі бацькоў.