Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
Трэцяя. Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.
Чацвёртая. Ці вырасце? I ці тое, чаго вы хочаце?
Першая. Вырасце. I імя яму будзе Ян.
Трэцяя. Янаў на Беларусі тысячы.
Чацвёртая. Якой такой Беларусі?
Першая. Прызабытай. Але ён будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створаць яе... Ян...
Чацвёртая. Гэта азначае работнік і дурань... Ян.
Першая. Па-старадаўняму гэта азначае “раскоша божая”... I
Першая. Ян! Сын Дамініка!.. Унук Анупрэя! Прапраўнук Яна. Нашчадак...
Другая. Адама. Ты чуеш нас?! Уставай! Адгукніся!
У тумане над ценямі, над згаслым колам гучыць крык немаўляці.
Дзея першая
Карціна першая
Хата Луцэвічаў у Селішчы. Звычайная вясковая хата, хіба што пад комінам гарыць не лучына, а каганец, стаяць дзве драўляныя канапы ды побач з іконамі на сценах (католікі) вісяць лубачныя малюнкі. У гарлачы на акне пара “казімірак”. На стале лямпа з прыкручаным кнотам. Маці падкладае ў грубку дровы, і зменлівыя адбіткі скачуць па яе твары. Бацька ля стала працягвае новы раменьчык-абору ў адрапараваны хадак. Змярканне.
Дамінік. Ну вось, вельцэшаноўная пані Бянігна-Багуміла Луцэвічыха, урадзона Валасевічуўна, вам пасталы, хадакі тэж. Як навенечкія. Сырамяціна – хоць магната, проша пані, за крадзёж хвастаць.
Бянігна. Ах-ах. Завшэ тэн пан Дамінік кампліментуе. Гэта ж мне цяпер што ў касцёл ці да просяка выйсці – усе свінні паглядзець збягуцца.
Уваходзіць Янка. Кладзе сякеру пад зэдлік ля парога, вешае на калок шапку.
Янка. Усё. Апошні сажань прыкончыў.
Бянігна. I што ўжо так дзерціся. Цёмна ж на двары, як у войтавай душы.
Дамінік. Кінь. Ён упарты. Ужо як вырашыў нешта зрабіць, то па крапіве босы пойдзе. I ў каго такі?
Бянігна. У дзеда Анупрэя. Ды яшчэ ў стрыечніка ягонага Людвіка Францава... Есці будзеш?
Янка. Не, намахаўся. Уначы, здаецца, гэтыя трэскі сніць буду.
Дамінік. Не будзеш есці – не трэскі табе будуць сніцца, а старцы ды яшчэ цыганы... Чаго смяешся?
Янка. Сяку ў сне дровы. Падыходзіць цыган з мядзведзем: “Давай падмагу”. Я яму: “Ды пакарміць цябе пасля няма чым”. А ён: “Нішто, бацю, мішкам закусім”.
Бянігна. Цьху, даруй, пане божа. Хіба мядзведзя можна есці? Мядзведзі ж, кажуць, гэта людзі, што ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць.
Янка. Мядзведзі разумныя.
Дамінік. Мядзведзі разумныя. Мы – дурныя. Увесь век арандары за палову ўраджая. Увесь век на чужога дзядзьку. Мядзведзя нельга есці – нас можна жэрці. 3 мядзведзя нельга дзерці шкуру – з нас хоць сем... Вось так, пані Бянігна, а мядзведжыя хадакі цяплейшыя былі б. Дый мацнейшыя.
Бянігна (бярэ пасталы). Што вы, пане Дамініку, і так естэм бардзо задавалёна. Гэткія ладненькія. Хоць пані Вітгенштэйнавай квас піць.
Дамінік. Не памінай ты нанач гэтых падлаў.
Янка. Так і свецяць хадакі, так і паляць. Ажно ў касцёле некаторыя распранацца пачалі.
Дамінік. Дзіўны ты. Ну зусім не падобны ні на сёстраў, ні на братку. Нібы не ад чалавека. Нібы чараўніцы цябе прынеслі і ля калыскі стаялі.
Янка. Гэта вы сёння дзіўныя. 3 чаго гэта раптам “панькаеце”, нібы ў касцёле? Чаго касцёльнай мовай кідаецеся? Што я вам – ксёндз, віленскі дэкан? Пры чым тут дзед Анупрэй... Людвік... Вітгенштэйны?
Дамінік. Ды ў нас сёння свята. Нешта накшталт угодкаў, юбілею нашаму мяшчанству. А праўдзівей, нашаму халопству. (Пасур’ёзнеў.) Ды што ж, ты чалавек ужо дарослы. Дзевятнаццаць год. Можна і расказаць.
Бянігна. Ды ўжо чаго там. Атручваць яшчэ й яго той несправядлівасцю.
Янка. Хай. Адной болей, адной меней.
Дамінік. Ніякі ты не мінскі мяшчанін. Хаця я ару, а ты сячэш. Ты роду Луцэвічаў, а герба Навіна. I, значыць, не ніжэй... Вітгенштэйнаў.
Янка. I так ясна. Усе Адамавы дзеці.
Дамінік. Ды не ўсе з падатковага саслоўя, у якое нас кінулі. Не ўсіх можна без пакарання абразіць. А між тым, твой продак у восьмым калене Стах валодаў маёнткам Кукялёўшчына з вёскамі Слабодка і Цярпілаўка. Галіна сына ягонага Івана ў 62 годзе, за год да паўстання была зацверджана сенатам у дваранстве, а галіна сына Васіля, брата, праз сенацкія рагаткі не здолела прабіцца... Твой продак у пятым калене Юры меў ад Аўгуста III ў 1734 годзе прывілей на чын паручніка войск Вялікага Княства. Прапрадзед валодаў вёскай Слабодка, выконваў у Радзівілаў службу дазорцы маёнтка Святы Двор.
Янка (дастае кніжку). Татка, ну што да таго, калі, скажам, дзед у ваўках за самім мядзведзем шаблю насіў. Ну, насіў. А цяпер на месяц вые.
Дамінік. А я цябе ў служкі да мядзведзя не цягну. Хлеба нам, акрамя вось гэтых рук, ніхто не дасць. Я цябе да памяці клічу. Каб не забываў, што жывеш у краіне нягоднікаў.
Бянігна. Ды крый цябе божа! Ды ціха ты!
Дамінік. I хай запамятае... Жылі мы ва ўладаннях князя Дамініка Радзівіла (пляменніка славутага “Раnіе Kochanku”) на правах чыншавай шляхты. Засценак Луцэвічы, за трынаццаць вёрст ад Узды. Дзвесце год жылі, і не крыўдзілі яны нас. А пяцьдзесят год назад землі перайшлі да Вітгенштэйнаў, і пачалася тут у нас з імі вайна за зямлю.