Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
Бянігна. Ваявала мыш з катом.
Дамінік. Ясна ж. I вось дваранская дэпутацкая зборня зацвярджала нас дваранамі ў 1802-м, 1846-м, 1849-м, 1857-м. I кожны раз сенат ці адмаўляў, ці “резолюцнй не следовало”.
Янка. Ці не ўсё адно, у лапцях ці ў ботах араць зямлю?
Дамінік. Усё адно. Але ж Справядлівасць на нашай зямлі свінні з’елі. Што мне ў гэтым, ці пан сам пан, ці пан у пана служыць? Ты вось мне скажы: Справядлівасць дзе? I
Яны глядзяць, нібы ў нікуды, а між тым хату і тое, што за яе вокнамі, запаўняе глухі тупат соцень ног, пошчак капытоў кавалерыі, невыразнае бразганне зброі, далёкія глухія галасы, пасля рэдкія стрэлы і рэха ад іх... I раптам зладжаны гул кананады... I цішыня.
Янка (страпянуўшыся). Што гэта, гарматы?
Дамінік. Якія? Гэта тады былі гарматы. А гэта – грымоты. Нейкая вельмі-вельмі далёкая навальніца.
За вокнамі сапраўды грымоты. Зрэдку яны зноў і зноў варочаюцца недзе ў небе аж да самога канца карціны.
Янка. А ты паўставаў?
Дамінік. Ды не. Мы людзі маленькія. “Хай бог таму памагае, хто нам дабра жадае”.
Бянігна. Хто паўставаў – тых на вісельню, у Сібір. Ты унь спытайся ў таго, у каго кніжкі бярэш. Ён паўставаў.
Янка. Чаховіч?
Бянігна. Ну, так. А што з таго карысці. Жабрак пры багацюшчай жонцы.
Янка. Ён не жабрак. У яго – кнігі. Не можа быці жабраком, у каго – кнігі.
Дамінік. То ж бо я раней ледзь не за папружку браўся, каб цябе за кнігу ўсадзіць, а цяпер хоць ты яго лупцуй, што вечна носам у кнізе, а гаспадарка хоць прападай.
Янка. Не тыя былі кнігі.
Дамінік. А гэта – т ы я. Бярозавы лес на лучыну звёў – чытае, месяц яму радасць – чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чытае.
Янка. Не краду ж. Чытаю... Каб вы законы ведалі – ці ж бы вас збіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?
Дамінік. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстанне адыграліся на нас. На малых, на бязвінных. Паўстанне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакумеыты аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. I – недавер да нас. Указ за ўказам – “не пушчаць”. А адкуль дакументы, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам з імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.
Бянігна. Чаму і казала,
Дамінік (непрыкметна паклаў руку на сэрца). А Вітгенштэйны да таго часу сагналі нас з зямлі. А адказы сенацкія – нічога ў гэтай канцылярыі не зразумееш.
Янка. “Законы трэба пісаць незразумела, каб просты чалавек звяртаўся па тлумачэнні да адукаваных паноў”. Міністр адзін сказаў.
Дамінік. Вось так. Так я і прахадзіў да трыццаці год у “панах”, а цяпер вось ужо амаль трыццаць год “мяшчук”. Угодкі сёння спраўляем.
Бянігна. Звыкай. Хрыстос таксама да трыццаці год у нехрышчоных хадзіў.
Грымоты за акном.
Злітуйся, пан Езус, не тое, бач, сказала.
Дамінік. Чаму не тое? Бог цябе стварыў, чалавеча, даў неўміручую душу, даў усю зямлю, сад твой. А ты... Дай шалянцу, Бянігна.
Бянігна. Зноў сэрца?!
Падае адвар. Бацька п’е, паступова супакоіўся.
Дамінік. А ты што напрыдумваў, чалавеча? У каго мала зямлі, у каго няма. Справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча – страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае. Кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы.
У гэты час пачынае прыглушана гучаць аднекуль Голас, які пасля будзе гучаць часта. Гэта нібы і Янкаў голас, нібы і чужы. Але хутчэй усё ж Янкаў, толькі непазнавальна амаль узмужнелы, незгінальны і непахісны:
I мужык – пан у старонцы Гора гэта вечна бача, Бача, што толькі ў карчомцы I ў магіле ён не плача.Янка (страпянуўшыся). Вы... чулі голас?
Бянігна. Які голас?
Дамінік. Ты што? (Паўза.) Не, мабыць, у цябе ўсё ж мазгі набакір. Жаніць цябе трэба.
Бянігна. I тое. Унь бяры хаця Марыську Гладышэўскую. Якраз семнаццаць. Бацька спраўны арандар. I яна ж за табою аж вачыма страляе... ну проста як на панскай ахвоце.
Янка. Ды я пра гэта не думаў. Што ж мне, ускінуць на хіб яшчэ й гэта? Сагнешся... А я адчуваю сілу на нешта іншае, велькае... Вось не ведаю толькі, на што... А голас.