Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
I зноў увальваецца дзікі натоўп.
Казік. Чаму не ўсе пайшлі... у карчму... Ты, з лірай... I ты, Луцэвічаў псюк.
Янка (спакойна). А няма чаго туды ісці. Дзе ты – там і карчма. Хаця й не п’юць – рыгаць хочацца.
Казік. Цо? Цо ты гадаш? Гальцапа ты гэткая.
Янка. Змоўч ужо, гадота цэлага свету.
Казік. Ты, ты... гіцаль!
Марыся.
Казік (крыху адышоў). Ды я яго за шэлег куплю.
Стафан. За шэлег? А я вось табе.
Казік. Адкасніся галадранец (хапае Янку загрудкі).
Стафан. Ты на нашых хлопцаў?! На дзяўчат? За камень гарачы хапайся, а не за іх.
Блажэй (спалоханы). Вураднік ідзе! Снулы!
3-за царквы выплывае ў раднік з двума стражнікамі.
Снулы. Тут што такое?
Блажэй. Дык, Рахцей Рахцеевіч...
Снулы. Ерафей Ерафеевіч.
Блажэй. Рах... Рахце... Пшэпрашам... Гулялі... А гэтыя да паніча біцца палезлі.
Марыся. Няпраўда!
Стафан. Казюк пагражаў, што ўсіх за шэлег купіць!
Снулы. Пло-оха. I міня?
Казік. Ды што вы, хіба вам шэлег цана?
Янка. Дарагі вы наш... дарагі.
Казік. I куплю! Усё куплю!
Жабракі на цвінтары.
Цяпер я багаты, бога не баюся, Ад наглая смерці грашмі адкуплюся, Да царства нябеснага я сам набліжуся, А ад злога чалавека з ружжа адаб’юся.Лірнік (падхапіў).
Ад лютага звера псамі адцкуюся, Ад брата Лазара навек адракуся.Снулы. Што-о. Какурат бунт?! Страж!
Адзін са стражнікаў вырывае ліру з рук старога. Янка схапіў яго, але стражнік ужо адкінуў ліру ўбок. Там яе паддаў наском Блажэй. А пасля на яе цяжка апусціўся бот Снулага.
Я вам урэмя пакажу спяваць катаржныя свае песні.
I тут яго ўразіла дзіўная цішыня і твары людзей. Яшчэ дагасаюць енкам струны ліры.
I маўчанне страшней за крык.
Разыдзісь (голас у Снулага няўпэўнены). Ціха.
Пайшоў з плошчы. За ім паступова разыходзяцца людзі. Памкнулася была да Янкі дый пайшла Марыся.
Хацеў быў сказаць нешта, ды зірнуўшы на Янку, павалокся прэч Казік. Янка ўзняў знявечаную ліру.
Янка. Ну... дзе ж цяпер шукаць апошняе слова?
Лірнік. Ліра будзе. А слова – у песні, у казцы.
Стафан (адыходзячы). Казкі? Не, тут казкамі не пахне.
Лірнік. А ісці? Ісці па праўду. Жывая яна недзе ў госпада бога.
Янка. Мы адны. А колькі ж іх. Абыякавых, чужых, моцных.
Лірнік. А ты забудзь гэты дзень і сябе. Ты ідзі за ўсімі, за моцнымі. Лягчэй. Не прападзеш... Унь за такімі, як гэтыя.
Голас. Божа! Гэткі свет тут
Моц стварыла твая! Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд? Дзе айчызна мая?Янка. Чуў голас?
Лірнік. Не.
Янка (разгублена). А я чуў (ашчаперыў галаву рукамі). Забыў. Забыў.
Лірнік. Каб крыніцы не былі такія запушчаныя – лячыўся б з іх.
Янка (амаль непрытомна). Каб крыніцы не такія запушчаныя...
I тут выбягае да іх Марыся.
Марыся. Янка. З Селішча Адам прыехаў. Спяшайся дахаты. З бацькам дрэнна.
Янка (непаслухмянымі вуснамі). Што? Што?
Марыся. А, што там! Не ўмею. Памірае ён... Калі ўжо... Што ж ты?
Янка. Іду, сястра. Вось табе і клічы-галасы. Вось табе і ліра. Ён – у зямлю. Я – на зямлю.
Дзея другая
Карціна чацвёртая
У цьмяным зарыве постаці чатырох чараўніц.
Першая. I вось ён ужо дарослы, той, ля калыскі якога мы тады стаялі.
Чацвёртая. I што паспеў зрабіць? Пахаваць бацьку, брата, дзвюх сёстраў. Папрацаваць трохі хатнім настаўнікам, “дарэктарам”... На такую працу ідуць дзеці ў трынаццаць год... Папрацаваць пісарам? Не атрымаць месца ў лясніцтве? Паслужыць малодшым прыказчыкам? Чалавекам, якому загадваюць?