Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
За вокнамі бліжэй і бліжэй ляскат колаў, тупат капытоў, дзікія галасы:
Ехалі малойцы, Гарамі, лясамі, Прывязалі дзеўку Да сасны касамі. Выкрасалі агню Трыма палашамі, Запалілі сосну Зверху з каранямі.Рогат,
А пан – ён, Казік. Ён з вамі што хоча, то й робіць.
Янка (сур’ёзна). Слухай, так мы не згаворымся. Я не майстра гаварыць. Толькі... ты сама, па-мойму, не вырашыла, з кім. Слова б не сказала, каб не няшчасце з бацькам.
Марыся. Хто ведае?
Янка. Я ведаю. Дык вось, адкрый вочы. Кінем усё гэта. Ты мне – дужа харошая. Але ці не пашкадуеш? Я ўсё забуду, нават галасы. Я цяжка працаваць буду... I ты таксама. Будзе на нашых чатырох руках у мяне – маці і тры сястры. У цябе – бацькі і тры сястры. I чужыя куты.
Марыся. I гэта ўсё. Унь гэты, што за акном, – той лес, зямлю за мяне падпаліць абяцае. А ты...
Янка. Я не абяцаю. Я гатовы рабіць.
Марыся. I не знаходзіш слова? Ніводнага?
Янка. Нашто словы? Словы я пасля знайду. А пакуль вось гэтае маё слова і згода жыццё змяніць, загубіць голас невядомага бога, жыць з табой, надрывацца з табой, жыццё дзяліць, легчы пад адной хвояй – яно, па-мойму, вартае ўсіх абяцанняў падпаліць зямлю.
За акном галасы:
Адзін кажа: Я Марусю люблю, Другі кажа: Я Марусю вазьму, Трэці кажа: На каберцы стану. Ёсць у мяне тры кані на стайні. Адзін конік, як галка, чарненькі, Другі конік, як голуб, сівенькі, Трэці конік, як лебедзь, бяленькі.Рогат. Гукі шаргунцоў.
Марыся. Чуеш, бяленькі? Што мне да бяленькага-сівенькага, калі зямля пад капытам сцелецца ў чарненькага. Ну, слова скажы, скажы: “лебедзь, “галубка”.
Янка. Няма ў нас слоў. Пасля знайду.
Марыся. А пакуль?
Янка. Жыці... памерці з табой.
Марыся. А пакуль словы ды песні там?
Янка. Т а м хлусня.
Марыся. А з табою? Няўжо скончыць, як бацькі сёння?
Янка. Можа, рай створым. А можа, і як яны. Хіба мала? Кепска хіба?
Марыся. Н-не ведаю... Кепска. Гляджу на іх.
Янка. Яны разам затое нажывалі зморшчыны... А я хлусіць табе не магу. Што я? Недавучка, вечны арандатар-палавіншчык на чужой зямлі. Няўдалы пісар, няўдалы прыказчык, няўдалы паэта... Але я – вось ён я. Проста я. З табою.
Марыся. Проста... Ён можа нявестай-паненкай ахвяраваць.
Янка. А я – жыццём, усім жыццём. Я чую ў сабе голас, але не ведаю пакуль, хто ён.
Марыся. А Казік ведае свой голас (гэта ўжо з раздражненнем).
Янка. Ягоны голас – баязлівец і слабак. I таму ён зрывае злосць на тых, хто ад яго залежыць, прыніжае і крыўдзіць іх... Сцвярджа-ае сябе. А мой голас... I я не дам яму волі з-за цябе... Вось мая ахвяра.
Марыся. Хлусіш... Дасі волі... I, думаю, горанька ты пашкадуеш.
Янка. Аб чым?
Марыся. ПІто слухаўся голасу, а не мяне.
Янка (страпянуўшыся, нібы скінуў нешта). Дзякуй.
Марыся. Гэта яшчэ за што?
Янка. За жорсткасць, з якой нагадала мне, хто я. За праўду, што не хочаш такога дня, як сёння ў бацькоў. I яшчэ за адно... я даў сабе волю. Забыўся.
Марыся. I яшчэ што?
Янка. I раз ужо так, то я ўспомніў: я не народжаны, каб рабіць няшчаснымі іншых.
Марыся. Каго?
Янка. На Стафана зірні. Глупства казаць такое, і ты, пачуўшы, засмяешся мне ў твар. Але гэты знойдзе словы, ён слязе тваёй не дасць упасці, ён кахае цябе і ў крыўду цябе не дасць. I яго нічый голас не кліча, акрамя твайго.
Марыся. Ну, дачакалася я ад цябе слова малітоўнага... за іншага.
Янка. Я аддаю табе ўсё – ты не бярэш. Тады – яго вазьмі, абы не Валаховіча. Іначай...
Марыся. Іначай?
Янка. Іначай ён наробіць страшнага. У яго няма голасу, але ў яго ёсць рукі.
Марыся (з невымоўнай пагардай). А-ат. У яго рукі... парабкаваць. I ў цябе рукі – крэмзаць цёмныя глупствы.
Янка. Я не вінаваты, што пакуль цёмны. Але ты прыслухайся. У яго сэрца нібы звон на пажары...
У хату ўвальваецца на чале некалькіх хлопцаў Казік.
Казік. Пахвалёны ў хату! Музыкі! Хто прыйшоў і як сустрэць трэба?!
Музыкі (спачатку нязладжана, а пасля, калі Казік кінуў на бубен грошы, ладна завялі).
Ой ясным-ясна сонейка ў небе, А ясней таго Казік у таткі.Казік. Стоп! Гэх “А ці ясен месячык на зары, А ці весел хлопчычак на кані”. Чуеце: вясельная. Захачу, то будзе й вясельная, і папам дзеля пазвону, і ксяндзам дзеля амбоны, і цару на карону.
Янка. I людзям для праклёну.