Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
I раптам Слонiк адчуў, што ножкi яго заслiзгалi па зямлi, i ён закрычаў праз нос, якi зрабiўся ў яго амаль што пяць футаў даўжынёю:
– Хобiдзь! Пакiдзьце! Я больш дзе багу!
Пачуў гэта Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, кiнуўся ўнiз са скалы, абкруцiўся двайным вузлом вакол заднiх ног Слонiка i сказаў:
– О, нявопытны i легкадумны падарожны! Мы павiнны напружыцца колькi можна, бо ўражанне ў мяне такое, што гэты ваенны карабель з жывым вiнтом i бранiраванай палубай, - так велiчаў ён Кракадзiла, - хоча загубiць тваё будучае...
Двухкаляровыя
I вось цягне Змей, цягне Слонiк, але цягне i Кракадзiл. Цягне, цягне, але таму што Слонiк i Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, цягнуць мацней, то Кракадзiл урэшце выпусцiў носiк Слонiка i адляцеў назад з такiм плёскатам, што чуваць было па ўсёй Лiмпапо.
А Слонiк як стаяў, так i сеў i вельмi балюча выцяўся, але ўсё ж паспеў сказаць Двухкаляроваму Пiтону, Скалiстаму Змею, дзякуй, хоць, праўду сказаць, яму было не да таго: трэба было хутчэй заняцца выцягнутым носам - абгарнуць яго халаднаватымi лiстамi бананаў i апусцiць у ваду соннай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, каб ён хоць крыху астыў.
– Навошта ты гэта робiш?
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
– Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - нос у мяне страцiў ранейшы выгляд, i я чакаю, каб ён зноў зрабiўся кароценькi.
– Доўга ж табе прыйдзецца чакаць, - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
– Проста дзiўна, як некаторыя не разумеюць сваёй выгады!
Слонiк прасядзеў над вадою тры днi i ўсё чакаў, цi не зробiцца яго нос карацейшым. Але нос не рабiўся карацейшым, i - мала таго - з-за гэтага носа вочы ў Слонiка зрабiлiся крыху касымi.
Таму што, мой мiлы хлопчык, ты, спадзяюся, ужо здагадаўся, што Кракадзiл выцягнуў Слонiку нос у сама сапраўдны хобат - якраз такi, якiя ёсць у цяперашнiх Сланоў.
Пад канец трэцяга дня прыляцела якаясьцi муха i ўкусiла Слонiка за плячо, i ён, сам не заўважаючы, што робiць, падняў хобат, стукнуў хобатам муху - i забiў яе насмерць.
– Вось табе i першая выгада!
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Ну, памяркуй сам: мог бы ты зрабiць што-небудзь такое сваiм ранейшым маленечкiм носам? Дарэчы, цi не хочаш есцi?
I Слонiк, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, пацягнуўся хобатам да зямлi, сарваў добры пучок травы, шлёпнуў iм аб пярэднiя ногi, каб сцерушыць з яго пыл, i зараз жа сунуў сабе ў рот.
– Вось табе i другая выгада!
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! Дарэчы, цi заўважыў ты, што сонца пачало надта прыпякаць?
– Бадай што i так!
– сказаў Слонiк.
I, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, зачэрпнуў сваiм хобатам з соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо iлу i шлёпнуў яго сабе на галаву; iл расплыўся мокрай аладкай, i за вушы Слонiку пацяклi цэлыя ручаi вады.
– Вось табе трэцяя выгада!
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! I, дарэчы, што ты цяпер думаеш наконт грымакоў?
– Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - але я, сапраўды, не люблю грымакоў.
– А ўсыпаць каму-небудзь iншаму?
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
– Гэта я з радасцю!
– сказаў Слонiк.
– Ты яшчэ не ведаеш свайго носа!
– сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
– Гэта проста скарб, а не нос. Усыпле каму хочаш.
– Дзякуй вам, - сказаў Слонiк, - я прыму гэта да ведама. А цяпер мне пара дамоў. Я пайду да мiлых сваякоў i праверу мой нос.
I пайшоў Слонiк па Афрыцы, забаўляючыся i памахваючы хобатам.
Захочацца яму фруктаў - ён зрывае фрукты проста з дрэва, а не стаiць i не чакае, як раней, каб яны звалiлiся на зямлю.
Захочацца яму траўкi - ён iрве яе проста з зямлi, а не бухаецца на каленi, як бывала.
Мухi назаляюць яму - ён сарве з дрэва галiнку i махае ёю, як веерам. Прыпякае сонца - ён апусцiць свой хобат у раку, i вось на галаве ў яго халодная, мокрая нашлёпка. Сумна яму аднаму бадзяцца без справы па Афрыцы - ён iграе хобатам песнi, i хобат у яго званчэйшы за сотню медных труб.
Ён знарок звярнуў з дарогi, каб адшукаць таўстуху Бегемоцiху, добра ўсыпаць ёй i праверыць, цi праўду сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, пра яго новы нос. Набiўшы Бегемоцiху, ён пайшоў па ранейшай дарозе i падбiраў з зямлi тыя шкарлупiны дыняў, якiя раскiдваў па дарозе да Лiмпапо, - бо ён быў Ахайным Таўстаскурым.
Сцямнела ўжо, калi ў адзiн прыгожы вечар ён прыйшоў дамоў да сваiх мiлых сваякоў. Ён згарнуў хобат у кальцо i сказаў:
– Добры вечар! Як маецеся?
Яны страшэнна ўзрадавалiся яму i зараз жа ў адзiн голас сказалi:
– Хадзi, хадзi сюды, мы дамо табе грымакоў за нясцерпную тваю дапытлiвасць.
– Эх вы!
– сказаў Слонiк.
– Многа вы разумееце ў грымаках! Вось я дык сапраўды разумею ў гэтай справе. Хочаце, пакажу?
I ён разгарнуў свой хобат, i зараз жа два яго мiлыя брацiкi паляцелi ад яго дагары нагамi.
– Клянёмся бананамi!
– закрычалi яны.
– Дзе гэта ты так навастрыўся i што ў цябе такое з носам?
– Гэты нос у мяне новы, i даў мне яго Кракадзiл на соннай, смуроднай, мутна-зялёнай рацэ Лiмпапо, - сказаў Слонiк.
– Я завёў з iм гутарку пра тое, што ён есць у абед, i ён падарыў мне на памяць новы нос.
– Брыдкi нос!
– сказаў валасаты, калматы дзядзька Павiян.
– Можа, i так, - сказаў Слонiк, - але карысны!
I ён схапiў валасатага дзядзьку Павiяна за валасатую нагу, разгайдаў i закiнуў яго ў асiнае гняздо.
I так расхадзiўся гэты сярдзiты Слонiк, што набiў усiх сваiх мiлых сваякоў. Бiў ён iх, бiў, так што iм горача зрабiлася. Тыя вытрашчылi на яго вочы ад здзiўлення. Ён выскуб у даўгавязай цёткi Страўсiхi ледзь не ўсё пер'е з хваста; ён ухапiў даўганогага дзядзьку Жырафа за заднюю нагу i павалок яго па цярновых кустах; з гiканнем пачаў ён пускаць пузыры прама ў вуха сваёй тоўстай цётцы Бегемоцiсе, калi тая драмала ў вадзе пасля абеду, але нiкому не дазваляў крыўдзiць птушку Калакола.