Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Браты вельмi абрадавалiся таму, што знайшлi сястру, якая так вырасла i зрабiлася такой прыгажуняй. Элiза i яе браты смяялiся i плакалi, а потым яны расказалi адзiн аднаму пра ўсё, што з iмi здарылася.
Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элiзе:
– Мы лётаем дзiкiмi лебядзямi ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага захаду. Калi ж сонца заходзiць, мы зноў ператвараемся ў людзей. I вось да захаду сонца мы спяшаем апусцiцца на зямлю. Калi б мы ператваралiся ў людзей у той час, калi ляцiм высока пад воблакамi, мы ў той жа час упалi б на зямлю i разбiлiся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ёсць такая ж цудоўная краiна, як гэта. Вось там мы i жывём. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а на шляху няма нiводнай выспы, дзе б мы маглi
– О, каб змагла я вызвалiць вас ад чараў!
– сказала братам Элiза.
Так яны прагаравалi ўсю ноч i задрамалi толькi на золку. Элiза прачнулася ад шуму лебядзiных крылаў. Браты ператварылiся ў птушак i паляцелi ў родны лес. Толькi адзiн лебедзь застаўся на беразе з Элiзай. Гэта быў самы малады з яе братоў. Лебедзь паклаў сваю галаву ёй на каленi, а яна гладзiла i перабiрала яго пёркi. Цэлы дзень правялi яны ўдваiх, а вечарам прыляцелi дзесяць лебедзяў, i калi сонца села, яны зноў ператварылiся ў прынцаў.
– Заўтра мы павiнны адлятаць i не можам вярнуцца раней наступнага года, сказаў Элiзе старэйшы брат, - але мы не пакiнем цябе тут. Паляцiм з намi! Я адзiн магу на руках пранесцi цябе праз увесь лес, дык няўжо ж мы, усе адзiнаццаць, на нашых крылах не зможам перанесцi цябе цераз мора?
– Так, вазьмiце мяне з сабой!
– сказала Элiза.
Усю ноч плялi яны сетку з гнуткай лазовай кары i чароту. Сетка атрымалася вялiкая i трывалая, i браты паклалi ў яе Элiзу. А на свiтаннi дзесяць лебедзяў падхапiлi сетку дзюбамi i ўзнялiся пад воблакi. Элiза спала ў сетцы салодкiм сном. А каб промнi сонца не разбудзiлi яе, адзiнаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяў твар Элiзы ад сонца сваiмi шырокiмi крыламi.
Лебедзi былi ўжо далёка ад зямлi, калi Элiза прачнулася, i ёй здалося, што яна бачыць сон наяве, - так цiкава было ляцець ў паветры. Каля яе ляжала гронка спелых ягад i пучок смачнага карэння - iх сабраў i паклаў каля Элiзы самы малодшы брат, i Элiза ўсмiхнулася яму - яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёй i засланяў яе ад сонца сваiмi крыламi.
Высока, пад самымi воблакамi, ляцелi браты i сястра, i першы карабель, якi яны ўбачылi ў моры, здаваўся iм чайкай на вадзе.
Лебедзi ляцелi так iмклiва, як ляцяць стрэлы, выпушчаныя з лука, але ўсё ж не так хутка, як заўжды: на гэты раз яны неслi сястру. Дзень пачаў хiлiцца да вечара, i зашумела непагадзь. Элiза са страхам глядзела, як сонца апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, а адзiнокай марской скалы ўсё яшчэ не было бачна. I тут Элiзе здалося, што лебедзi зусiм стамiлiся i цяжка махаюць крыламi. Зойдзе сонца, яе браты на ляту ператворацца ў людзей, упадуць у мора i ўтопяцца.
I яна будзе вiнаватая!
Наблiжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадказвалi буру, грозна насiлiся маланкi.
Сэрца Элiзы затрымцела: сонца ўжо амаль краналася вады.
I раптам лебедзi рынулiся ўнiз з вялiзнай хуткасцю. Элiзе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелi. I вось, калi сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Элiза ўбачыла ўнiзе скалу. Яна была вельмi маленькая, не большая за цюленя, якi вытыркнуў з вады галаву. Лебедзi ступiлi на яе ў тую самую хвiлiну, калi патух у паветры апошнi сонечны промень. Элiза ўбачыла вакол сябе братоў, якiя стаялi поплеч; яны ледзьве памяшчалiся на маленькай скале. Мора шалёна бiлася аб камянi i абдавала братоў i Элiзу суцэльным дажджом пырскаў. Неба палала ад блiскавiцаў, i штохвiлiнна грымеў гром, але сястра i браты трымалiся за рукi i падбадзёрвалi адзiн аднаго ласкавымi словамi.
На свiтаннi бура ўтаймавалася, i зноў стала светла i цiха. Як толькi ўзышло сонца, браты з Элiзай паляцелi далей. Мора яшчэ бурлiла, i яны бачылi з вышынi, як белая пена плыла, нiбы мiльёны лебедзяў, па цёмна-зялёнай вадзе.
Калi сонца паднялася вышэй, Элiза раптам убачыла ўдалечынi вялiзны замак, якi быў акружаны лёгкiмi, быццам паветранымi галерэямi; унiзе, пад сценамi замка, калыхалiся пальмы i раслi цудоўныя кветкi.
Элiза спытала, цi тая гэта краiна, куды яны ляцяць, але лебедзi пахiталi галовамi: гэта было толькi мроiва, воблачны замак Фата-Марганы, якi вечна мяняецца. Элiза зноў паглядзела ўдалеч, але замка ўжо не было. Там, дзе раней быў замак, узнiмалiся высокiя горы, якiя зараслi лесам. На самых вяршынях блiшчэў снег, глыбы празрыстага лёду спускалiся памiж непрыступных скалаў.
Раптам горы ператварылiся ў цэлую флатылiю караблёў; Элiза прыгледзелася ўважлiва i ўбачыла, што гэта проста марскi туман, якi ўзнiмаецца над вадой.
Але вось нарэшце паказалася i сапраўдная зямля. Там, на беразе, разлягалiся зялёныя палi, цямнелi кедравыя лясы, а яшчэ далей былi бачны вялiкiя гарады i высокiя замкi. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Элiза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па пячоры вiлiся пяшчотна-зялёныя раслiны, нiбы вышываныя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.
– Паглядзiм, што табе прыснiцца ў гэтую ноч, - сказаў малодшы брат i адвёў Элiзу ў яе пакой.
– Ах, няхай бы я ўбачыла ў сне, як вызвалiць вас ад чараў!
– сказала Элiза i заплюшчыла вочы.
I вось ёй прымроiлася, што яна ляцiць высока-высока да таго замка, якi бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзiць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая i чароўная, але ў той жа час вельмi падобная на тую бабулю, якая дала Элiзе ў лесе ягад i расказала пра лебедзяў у залатых каронах.
– Тваiх братоў можна выратаваць, - сказала Фата-Маргана, - але цi хопiць у цябе мужнасцi i стойкасцi? Вада мякчэйшая за твае пяшчотныя рукi, а ўсё ж яна робiць камянi гладкiмi i круглымi, але вада не адчувае болю, якi будуць адчуваць твае пальцы: у вады няма сэрца, якое млее ад страху i пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапiва. Такая ж крапiва расце тут, каля пячоры, i толькi яна ды яшчэ тая крапiва, якая расце на могiлках, можа табе спатрэбiцца. Памятай жа гэта! Нарвi крапiвы, хаця рукi твае пакрыюцца пухiрамi ад апёкаў; потым разамнi яе нагамi i спрадзi з яе доўгiя нiткi. З гэтых нiтак звяжы адзiнаццаць сарочак з доўгiмi рукавамi i, калi яны будуць гатовыя, надзень iх на лебедзяў. Як толькi сарочкi дакрануцца да iх пер'я, чары знiкнуць. Але памятай, што з той хвiлiны, як ты пачнеш сваю працу, i да той пары, пакуль не скончыш яе, ты не павiнна гаварыць нi слова, колькi б твая праца часу нi заняла. Першае ж слова, якое сарвецца ў цябе з языка, пранiжа сэрца тваiх братоў, бы кiнжалам. Iх жыццё i смерць у тваiх руках!
Тады Элiза выйшла з пячоры i ўзялася за працу.
Сваiмi пяшчотнымi рукамi рвала яна злую, пякучую крапiву, i пальцы яе пакрывалiся вялiкiмi пухiрамi, але яна з радасцю пераносiла боль: толькi б выратаваць дарагiх братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапiвы, потым размяла яе голымi нагамi i пачала прасцi доўгiя зялёныя нiткi.
Калi зайшло сонца, у пячору прыляцелi браты. Яны пачалi распытваць сястру пра тое, што яна рабiла, пакуль iх не было. Але Элiза не адказала iм нi слова. Браты вельмi спалохалiся, думалi, што сястра iх зрабiлася нямой.