На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Ну, дык жа і няхай сядзяць, няхай калеюць… Няхай, няхай!..
Зайшоў на двор, узяў пад павеццю рэзгіны і пайшоў на гумно.
Адтуль, з-пад варот, кінуліся ўгору галубцы. Але, падбегшы, убачыў, што на таку іх некалькі засталося. Вулькаюць, тапыраць ад холаду пер'ікі, перавальваюцца на чырвоненькіх, шызенькіх лапках, дзяўбуць зярняткі, убітыя цапамі ў ток.
Ціханька прасунуўся на ток, узяў ля стараны адну мятлу і другую — і заткнуў дзіркі пад варотамі. Тады падняў лапату, схаваўся за саху і свіснуў на іх раптам з усяе сілы, аж задрыжэў.
Пур! пур! пур! — як людзі перад страхам,
Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударжна сціснуў у руцэ. Адчуў, як б'ецца сэрца і ў галуба і ў самога.
Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму тут не адарваліся. I брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку.
А тады зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку і пайшоў накладаць ношку.
Узяўся за вілкі — рабіць струшанку. Рухава і высока падкідаў салому і сена, чуў нейкую лёгкасць на сэрцы, і запяяў паціху, а што далей, то дужэй:
А ты, скрыпка, іграй шыбка, А ты, дудка, іграй жудка…Эх, перавозы ціхае маладосці мае!
Гэтую песню пяюць у нас карагодам, пяюць прыгожа, і я заўсёды любіў яе. Цяпер пяяў не ўсю, а толькі гэтую зваротку, і не столькі зваротку, колькі прыпеў, што можна цягнуць яго як хочаш доўга і як хочаш у сэрцы.
Эх, перавозы ціхае маладосці мае!
Зрабіў струшанку, узваліў рэзгіны на плечы, замкнуў гумно і здаволены паплёўся з ношкаю дамоў.
Ноч, зімовая, цёмная, даўгая ноч спаўзае на зямлю. Цішэе надвор'е. Замятуха перастала, і паваліў вялікім і густым хлопам снег. Усё пабялела і пачысцела.
I ў пуні, калі клаў сена пад драбінкі, а конь замінаў сваёю вялікаю конскаю галавою, з прагавітасцю і смакам хапаючы сена з рук, — не ўзлаваўся на яго. Абшчапіў тую галаву за гладкія санкі і прытуліўся да шыі.
— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!
А конь хрумстаў сена і трос вушмі.
Калі прыйшоў у хату, святла яшчэ не запалілі. Сам узяўся за лямпу і стаў шукаць серчыкі.
— Ніколі ў вас нічога не знойдзеш на сваім месцы.
— Яны, здаецца, над чалеснікам ляжалі, — бароніцца сваім сварліва-пакутным голасам нявестка.
— А ты, калі ведаеш дзе, дык узяла б ды сама запаліла… Шкло во хоць бы трошку пачысціла.
— Ці яго начысцішся…
— Каб ты хоць раз яго чысціла.
I мне шкода і прыкра… Яна тужыць па Стахвану, а я з ёю няласкавы і грубы.
Лямпа асвятліла скнарым святлом хату.
Стол наш высокі і дрэнны, абы-як пакрыты нячыстым абрусом. Зэдлік ківаецца на няроўных ножках. На акне, дзе пабіта шыба, змякла скомканая старая кохта. На лаўках валяюцца крошкі ад хлеба, дробнае рыззё і ўсякае шумецце. На падлозе насмечана і наліта, валяюцца кійкі, стружкі, дзяціныя цацкі і брудныя ашмёткі, — як дзеці гулялі, так і засталося, На палу — склычаныя і незасланыя пасцелі, А ўздоўж сцяны там усякая адзежа грудам, — навалена, як трапілася. Над дзвярмі, на калках, пара хамутоў, каб раменныя гужы на дварэ не замярзалі і не
Як гэта ўсё далёка ад таго, ад той культурнасці, якую бачыў я ў сялянскіх хатах ува Усходняй Прусіі.
I як кожны вечар, і цяпер мама дастае гаршкі з печы, а тата ўнёс сабе вады ў карцы з сянец і, набраўшы ў рот, лье з роту на рукі, мые перад вячэраю. Нявестка корміць на запечку малога, схіліўшыся абвіслымі голымі грудзьмі, а большыя дзеці скрыпаюць на печы, усадзіўшы лучынінку ў шчэлку ў бэльцы. Забава! I я некалі так забаўляўся…
— Выганьце ж Буяна вон… — кажа мама, калі тата садзіцца за стол.
Буян круціўся ля столу, а цяпер хаваецца пад стол.
— Пашэў вэн! — вякнула з запечку нявестка.
— Хлебам яго паманіце, — параіў я на злосць.
— Во, яшчэ хлеба яму даваць, — лагодна пярэчыць мама, хапае чапялу, падсунула яе пад стол і забарабаніла Буяну пад мордаю. А той там сядзіць і вухам не вядзе.
— Пусці-тка ты, во я яму! — борздзенька выхапіў тата чапялу з яе рук. I грозна закрычаў: — Пашэў вэн! Каб ты здох! Во я табе!
Буян яўкнуў ад чапялы, як даў яму тата па баку, з сабачым упудам праскочыў па-над лаўкаю да зачыненых дзвярэй і аж запішчэў, паглядаючы на клямку і назад.
Тады тата трошачку прыадчыняе дзверы і так грукае па яго задку чапялою, што бедны Буян раве і кумільгам коціцца на двор.
— Ты заб'еш яго так, — кажа мама на татаву злосць.
— А глядзець на яго? Спатворылі сабаку, а цяпер шкадуеце, — дрыжача адказвае тата і стараецца супакоіцца, бо аж трасуцца ў яго рукі.
Селі вячэраць.
Усе ядзім з аднае міскі драўлянымі лыжкамі. Тата, укусіўшы хлеба, збірае кусанікам і крошачкі на стале (прыціскае кусанік да стальніцы) і падстаўляе пад лыжку, каб не капала на стол. Дзяцём далёка даставаць, дык яны дужа разліваюць, льюць сабе на грудзі, абліваюцца… Брыдка глядзець, як у дзяўчынкі паўзуць саплі, а яна скрозь увесь час чмыхае носам і наводмах сморгае пад ім рукавом кашулёнкі. Яна пялёскаецца ў місцы, выбірае з капусты лепшы грыб. Выцягнула адзін, пакаштавала яго на зубах, пашчупала пальцамі і плёхнула назад у міску.
Трах! — стукнула ёй матка лыжкаю ў лоб…
— Ты ж еш, калі выцягнула, паскуда!
Дзяўчынка захлібнулася, завыла і паціснулася пад стол.
— Ніяк без гвалту не абойдзецца, — кажу скрозь зубы, і зараз пашкадаваў, што сказаў, бо яна пасля гэтага загала сіла яшчэ дужэй.
Тады нявестка ўзлавалася, што дачка не сціхае, выйшла з застолля, кінула дзіцёнка ў люльку так, што і той заплакаў, схапіла атопак з аборынаю, выцягнула яе з-пад лаўкі за ручку і больна секанула канцом аборыны, і ўзняўся звычайны для кожнага абедання і вячэрання плач і крык.