На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
А гэтыя страшныя мукі на перавязках, калі мне ў жывым мясе працягваюць дрэнажныя трубачкі… Ых!
Палата невялікая, і ўсе ў ёй цяжкараненыя. Якраз супроць мяне — Саксан, цяжкаранены салдат — немец з Саратаўскае губерні. Саксан усіх ненавідзіць і пасцелю сабе слаць дазваляе толькі няні ці той сястрыцы, што пісала лісты да яго родных пад яго дыктоўку. I што яму перасцілаць, і што яму падкладаць паветраныя пузыры, калі ў яго пролежань на пролежні і гніе ў яго мяса, дух цяжкі, аж дыханне сцінае, і толькі
А ён часта не маўчыць, і як прыйдуць да яго, ён крычыць:
— Уцякайце ад мяне, а то як схаплю стул, дык усіх вас біць пачну…
Паміраў ён начою ў канцы лістападу. Гукнуў няню. I яна прыйшла.
— Што вам? — пытаецца, а сама баіцца, бачыць, што мітусяцца ў яго вочы.
— Прашчай! — хрыпла і няласкава шэпча Саксан. — Я папрашчацца гукнуў… — і падае няні руку з адных касцей.
— Не трэба рукі, — хрыпла шэпча і няня, а сама баіцца ўзяць. — Што вы выдумалі, вы яшчэ будзеце жыць.
— Не, не мані… — і дастае з-пад падушкі два срэбраныя рублі.
— Не трэба мне… Нашто вы мне даіцё?!
— Не дуры, няня… бяры. Дай піць…
— Ну, схаваю, але аддам, як устанеце на ногі, — і падае вады. Налівае з графіна, і графін барабаніць аб шклянку, трасуцца яе рукі.
Я гляджу і думаю: «I нашто яно гэта? I што ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. I няма нічога вышэйшага… I вечная загадка… А я вось папраўляюся, буду яшчэ жыць». I сорамна мне. I чую: хляхоча вада ў Саксанавым горле, — памірае. Ы!
I так дзень па дні…
Прыходзіць няня, пачынае гаманіць. А на ложку, дзе быў Саксан, цяпер ляжыць хворы на грудзі, надоечы прывезлі з аўстрыйскага фронту.
Няня спамінае Саксана, спамінае два рублі, што даў ёй перад смерцю.
— Як даў, скора і памёр. А перад тым сабака на вуліцы выў. Саксан ведаў, што памрэ. Бывала, прынясуць яму падушачкі дыхаць, дык ён як кінець: «Што вы мне даіцё іх? Усё роўна я памру…» Усе яго дужа жалавалі. I ўсе сёстры дужа плакалі… У старога доктара рука цяжкая, — паніжаным голасам прызнаецца няня. — Пасля яго апярацыі то найболей паміраюць. А ў чорнага рука лягчэйшая.
— Мяне рэзаў чорны, а чаму ж няма папраўкі?
Няня смяецца.
— Цераз месяц скакаць на ігрышчы будзеце. Уся ваша хвароба ад думак. Меней думайце.
Потым уздыхае:
— Усяк бывае… Я тут ужо многа чаго нагледзелася. Адзін надоечы на вуліцы памёр, як разгружалі з вагонаў. Другога прыняслі да нас, пажыў мінуты тры, папрасіўся на басон і на басоне сканаў. Я басон дзяржала, — аж страх… Адзін во тут, побач з вашым ложкам, ляжаў. Рука ў яго. Як прысталі, як прысталі: у вас будзе антонаў агонь, ніяк няможна, мы вам адрэжам. I ўмовілі. Памёр пад нажом.
Прыходзіць сястра і далікатна высылае гаманлівую няню з нашай палаты ў «лёгкую».
I так ідзе дзень за днём, ноч за ночай. Нага сагнута
Пісаць забараняюць, дый рукі не слухаюць.
Прыязджаў з батарэі і быў у мяне падпрапаршчык С. Камандуе цяпер капітан Смірноў. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою.
Па загаду капітана Смірнова ўсе мае запісы мне з батарэі высланы. Дзякуй яму. Прывёз падпрапаршчык С.
С. мне з радасцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы.
— Слаўная жанчына! На рэдкасць! — казаў С.
I мне гэта не было прыкра і нават падабалася.
Кожную ноч сняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец… Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па спіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. «Раніла! Ці не ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?..» I прачынаюся ў страсе.
Смяротная нуда… Сястра спыталася ў мяне, ці хачу я вярнуцца на пазіцыю. Ад гэтых разумных сёстраў жыцця няма. Здаецца, у газетах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена… Ну, ідзі сама, ваюй.
А ў другой палаце гаманлівая няня распусціла язык аб некім: «Памрэць… Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў».
Суседу майму сёння рабілі аперацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень як мёртвы. А цяпер: «Братцы!.. За родзіну!.. Асцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка… братцы!..»
I калі ён крычыць, мне сніцца: страшны грукат ад разрыву снарадаў. Кулі сыплюцца ў нагу, як іголкамі хто коле…
Потым сніў хворую маму. Прачнуўшыся, не мог стрымаць слёз.
Дзесяткі раз сняцца белыя гнілыя яйцы, зялёныя дулькі, чырвона-чорныя сліўкі. Рана яшчэ гнаіцца.
Ездзіў з сястрыцаю ў рэнтгенаўскі кабінет. Свежае марознае паветра ахмяліла мяне.
Людзі бягуць і едуць па вуліцы, там дзесь пяюць, іграюць, спраўляюць каляды. Цяжка тут уявіць батарэйнае жыццё.
Мой аўчынны кажушок такі брудны і, галоўнае, страшна смярдзючы.
Мяне адпускаюць дамоў! Далоў нуду! Хай красуе жыццё!
Не… нудна. Рана не гоіцца, асколак сядзіць у назе, а я мушу сядзець у шпіталі… Будзь проклята, вайна!
Пяты месяц вайны. Людскі статак не паспеў яшчэ ацверазець ад патрыятычнага чаду, і шыкарныя N-скія фабрыканціхі і самавітыя купчыхі навыперадкі бавяцца ў дабрадзейнасць. Частуюць «бедных салдацікаў» гасцінцамі з сваіх уласных фабрык і пытаюцца ў іх аб вайне. З асабліваю прыемнасцю слухаюць пераказы аб штыкавых баях. Малапісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека спісваюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі…