Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
Калi Рой убачыў распалены агонь i варыва, ён зусiм растаў.
– А што ў цябе на патэльнi?
– спытаў ён у Мэрэя.
– Ды вось падстрэлiў аленяня ля Нябеснага возера, - адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкi ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кiнуў мяса на вялiкую патэльню i заняўся кухарствам, а Рой i Скоцi прыселi на адзiн з ложкаў, каб разабраць мяхi.
– Як маецца твой сябар iнспектар?
– спытаў Мэрэй.
– Збiраецца зiмой адведаць нас, - сказаў Рой.
– Ты, вядома, запрасiў яго?
– прабубнiў Самсон.
– Вядома!
– адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзiны чалавек, якi можа кiнуць выклiк iнспектару,
– А ў нас i пастка для iнспектара падрыхтавана, - сказаў Самсон.
Пайшла гаворка пра iнспектара, якая станавiлася тым больш ажыўленай, чым большымi былi пагрозы. Больш за ўсiх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоцi, якi заявiў, што iнспектар, уласна, выконвае свае абавязкi.
– Эх, iнспектар, iнспектар!
– толькi i прамовiў Мэрэй.
Рой, здымаючы боты i шкарпэткi i раскладваючы iх на падлозе ля печы, слухаў i падахвочваў iншых. Седзячы на ложку i хiстаючы тоўстымi босымi нагамi, якiя не даставалi да падлогi, ён паволi прывыкаў да сяброўскiх абдымкаў сваёй хацiны.
– Падкiнь дроў, Сахаты, - сказаў ён у такт сваiм развагам.
– Нарэшце паляўнiчы вярнуўся дадому!
Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закiд, але Мэрэй толькi цiха ўсмiхнуўся, i гэта засмуцiла Роя. Ён заўсёды iмкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусiць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклi, але Мэрэй хiба што зрэдку кiдаў лянiвую заключную рэплiку. Адзiны раз ён засмяяўся, калi Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.
Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцiзорык з доўгiм лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкi слiнай на брусок, падвастрыў нож i пачаў абдзiраць скуркi з андатры.
– Ты калi-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў?
– спытаў Рой.
– Ды тут нiколi не было янотаў, - адказаў Мэрэй.
– Яны ўсе сышлi на поўнач, - укалоў Роя Скоцi.
Рой засмяяўся:
– Праўда твая, Скоцi. А вось у мiнулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткi. Аднойчы ноччу, седзячы на купiне, я бачыў, як ён распраўляўся з маiм пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як i я зараз. Калi ён скончыў, я яго застрэлiў. Атрымаў гатовую скурку пацука i ў дадатак янота.
– Ты, вiдаць, яго выдрэсiраваў, - сказаў Самсон.
– Калi назiраеш, як ты распраўляешся з гэтымi пацукамi, можна падумаць, што ў цябе ёсць iндзейская кроў.
Рой сцягваў скуркi на iндзейскi манер - ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якiя, наадварот, пачыналi з хваста. Яны паспрачалiся, як ужо дзесяткi разоў спрачалiся пра гэта. Рой даказваў, што, здзiраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркi i не рвеш яе, у той час як Скоцi i Самсон даказвалi, што тады скурка перасыхае, псуецца i ломiцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымлiваць сама высокую цану за пушнiну, хоць гэта на самай справе было вынiкам больш якаснай апрацоўкi скуркi, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гi. Але i гэта не спыняла спрэчкi, i яны доўга яшчэ пярэчылi адзiн аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў нiякай цiкавасцi да розных спосабаў разбiрання пацукоў. Здзiраеш з пацука скурку... Ну, i здзiрай... Вось i ўсё!
– Янот, - сказаў Скоцi, - ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, - працягваў Скоцi.
– I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?
– I як толькi ён яго не падсмажвае?
– насмешлiва зазначыў Рой.
– Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, - сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя.
– Давайце талеркi.
Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая - дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.
– Тут задыхнешся з табой, - закрычаў ён.
– Снегавiк Самсон!
– паскардзiўся Рой.
– Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.
У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.
– Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце?
– сказаў Рой Самсону.
– Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.
– Калi станавiлася горача, - сказаў Скоцi, - ён выскокваў i бег побач.
Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.
– Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.
– Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.
– А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.
– Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.
– А як вы?
– спытаўся Мэрэй у астатнiх.
– А там норка водзiцца?
– спытаў Самсон.
– Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй.
– Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.
– Дык як, Самсон?
– спытаў Рой.
– Пойдзеш туды?
– А ты?
– спытаў Самсон.
– Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой.
– Асаблiва калi пойдзеш ты.
Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.