Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
Спрэчка працягвалася доўга i закончылася, як канчаецца заўсёды; закончылася ў той самы момант, калi яны зачапiлi сутнасць пытання. Калi Рой спытаў, як можна вырашыць, як звер мае рацыю, а якi не, Скоцi запярэчыў, што тут i рашаць няма чаго. Адны спрадвечна маюць рацыю, iншыя вiнаватыя таксама спрадвечна, i ўсе жывёлiны падпарадкоўваюцца пэўнаму закону. Тут Рой спытаў калi ёсць набор чыстых i нячыстых, то як чалавек можа прывучыць ваўка мiрна суiснаваць з зайцам, ласку з мышшу, льва з авечкай, сабаку з катом.
I вось тут абодва пачыналi блытацца, i iхняя спрэчка пераходзiла ў маўклiвую нязгоду, нязгоду па галоўных поглядах на жыццё - невырашальных, бо яны не ўмелi яе вырашыць.
– Ладна, - сказаў Самсон, злазячы з ложка.
– Пайду пакупаюся ў возеры. Пайшлi,
Мэрэй устаў таксама. Ён мог назiраць за ўсiм, што б чалавек нi рабiў.
Рой стаў iх стрымлiваць.
– Толькi цябе ў гэтым возеры i не хапала, - казаў ён Самсону.
– Яно толькi i чакала, што ты п'яны ў яго боўтнешся.
– Я яго злаўлю, калi ён увалiцца, - сказаў Мэрэй.
– Ведаю я цябе, будзеш стаяць i любавацца, як ён тоне, - сказаў яму Рой.
Аб'яднанымi намаганнямi Скоцi i Рою ўдалося ўтрымаць Самсона i Мэрэя ў хацiне. Скоцi спакусiў iх рэшткамi гарэлкi, а Рой дашкандыбаў да дзвярэй i замкнуў iх. Калi яны як-кольвек размясцiлiся на ложках на начлег, Рой зрабiў апошняе наступленне на сiлы прыроды. Ён цалкам загрузiў печ бярозавымi цуркамi, i тады, калi ён стомлена ўпаў на ложак побач са Скоцi, чырвонае полымя зацьмiла слабое святло лямпы, i Рой, яшчэ да таго, як заснуць, адчуў чароўную нязручнасць нясцерпнай гарачынi iм жа напаленай печы. Хоць у гэтай бiтве ён заўсёды мог застацца пераможцам! I з пачуццём атрыманай перамогi ён хутка заснуў.
Раздзел шосты
Ранкам Рой сабраўся i пайшоў, не чакаючы, пакуль прачнуцца iншыя.
Яму хацелася схавацца ад вынiкаў учарашняй п'янкi, незалежна ад таго, якiя яны мусiлi быць. Ён цьмяна помнiў, што абяцаў Мэрэю перабавiць для яго човен праз хрыбет Белых Гор у заказнiк. Яму не хацелася выконваць сваё абяцанне, не хацелася адчуваць тую няёмкасць, якая авалодвае кожным пры сустрэчы з учарашнiмi сабутэльнiкамi.
Калi ён плыў па возеры, вада, здавалася, храбусцела пад дном лодкi. Неба было халоднае, цёмнае, але гэта была напружанаа цемра, гатовая iмгненна саступiць ранiшняму ззянню. Лес зацiх i, неверагодна сцiшаны, здаваўся закiнутым, мёртвым. Але недзе ў цiшынi быў чуцен кволы капеж i больш востры гук вады, якая бегла па схiле. А пасля, калi ён вывеў човен на сярэдзiну возера, калi на навакольных хрыбтах успыхнулi першыя водблiскi свiтання, разам з ранiцай нарадзiлiся i першыя гукi ляснога жыцця. Снегавая сава - апошнi голас ночы - загукала, пралятаючы над яго галавой. Пасля аднекуль здалёку данеслася цяўканне лiса. Затым птушкi: чорнагаловая сiнiчка зачырыкала чык-а-дзi-дзi-дзi-дзi; засвiсталi, заверашчалi, зацмокалi вавёркi; засакаталi сойкi; пачулася "бзт", "бзт" курапатак. Гэта былi слабыя гукi, якiя ледзь даносiлiся да сярэдзiны возера, але ён чуў iх i ўсе адрознiваў. А да таго часу, як святло разлiлося на ўсё неба, сам лес пачаў падмiргваць, патрэскваць i пакрэктваць незразумелымi гукамi свайго маруднага абуджэння.
Рой ведаў: нiшто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бiтвы з вераломнымi хiтрыкамi прыроды, зараз, калi ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыi свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бiтва i за самога сябе: быць яму траперам цi валацугай, п'янiцай цi фермерам, чалавекам цi зверам. Але ў яго быў план; нейкiя абрысы плана, з дапамогай якога ён павiнен усё i назаўсёды ўладзiць, i ён збiраўся гэты план апрабаваць.
Ланцуг пастак Роя знаходзiўся па вялiзным крузе працягласцю пяцьдзесят мiль. Паўднёвай асновай яго i пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т i правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакiдаў човен на тым беразе i iшоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнiчая гаспадарка, багатая на бабра i андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялiкая хацiна, з якой ён, перш чым iсцi на захад да Лiтл-Рывер, як правiла, за тры-чатыры днi абыходзiў усе пасткi на рэках, якiя ўпадалi ў возера.
– Хэло, Рой, - сказаў iндзеец.
– Хэло, Боб, - сказаў Рой.
Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць - Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, - але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.
Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка - яго жонка - зараз называла яго Боб. Адзенне Боба таксама было адзеннем белага: шапка з зайца, скураная куртка, сiнiя палатняныя штаны, але iндзейскiя макасiны з аленя. Усё гэта сядзела на высокiм худым, спакутаваным целе сухотнага чарнавокага, бледнага чалавека, якi нагадваў Рою засохлы клён, з якога выцадзiлi занадта шмат соку.
– Добра, што ты тут, - сказаў Рой.
– Я толькi што збiраўся ў Сент-Элен па муку i правiянт, - сказаў Боб.
– Хiба не позна?
– спытаў Рой.
– Сёлета ўсё спазнiлася, Рой.
– Спазнiлася?
– паўтарыў Рой, думаючы пра звера.
– Цi проста сышло?
– Мала-мала спазнiлася i мала-мала сышло, - сказаў Боб.
Гэта была пародыя на нiбыта iндзейскую гаворку, якой Боб карыстаўся як своеасаблiвым пакеплiваннем над белымi. Па-ангельску ён гаварыў як i ўсе ў Сент-Элене, як усе паляўнiчыя, але час ад часу перадражнiваў той жаргон, якi белыя прыпiсвалi iндзейцам. Зараз ён не пакеплiваў над Роем, якога любiў. Проста гэта быў мiжвольны пратэст.
– Боб, - сказаў Рой, - я хачу пайсцi на Зялёныя Азёры, туды, дзе мая гаспадарка ўклiньваецца ў тваю. Ты не супраць, калi я прайду па тваiх землях, каб трапiць на азёры?
– А чаго ты туды пойдзеш, Рой?
– Я хачу вылавiць там усё, што мне ўдасца. Я засяду ў сваёй хацiне на Чатырох Азёрах i расстаўлю пасткi па ўсёй акрузе, столькi пастак, каб здолеў толькi запомнiць iхнiя месцы. Звера там мо i небагата, але калi ён ёсць, то я вазьму яго да рэшты. Масавы аблоў! Я хачу аблавiць нават Зялёныя Азёры. Я там нiколi не ставiў пастак, сабраць там можна небагата, але яны, зрэшты, усе ў адной жменi, i чым яны горшыя за тутэйшыя вялiкiя азёры?
Зялёныя Азёры, маленькiя, акружаныя амаль непраходнымi зараснiкамi, праўду кажучы, былi Рою непатрэбныя. Ён назваў iх зараз афiцыйнай назвай, але часцей называў Нiкчэмнымi Азёрамi, Непрыдатнай зямлёй, Спустошанай акругай.
– Магчыма, там ёсць пушны звер iменна таму, што я яго там не лавiў, сказаў ён.
– Ва ўсякiм выпадку, паспрабую, але для гэтага мне трэба прайсцi па тваёй зямлi, каб не блукаць па гэтых лясах.
– Вядома, - адказаў Боб.
– Прашу цябе.
– А цi ёсць сцежкi проста да Зялёных Азёр?