Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
Рой быў удзячны, але не чакаў нiчога добрага.
– Будзем спадзявацца, што Бiл расшавелiць Сэма, - сказаў ён i скiнуў з плячэй свой мех.
– Магчыма.
Рой сумняваўся ў гэтым i раптоўна адчуў, што Сэм знарок губiць яго, iмкнецца зрабiць з яго ляснога валацугу без iншага прыстанiшча, акрамя гэтага лесу, без iншага жылля, акрамя вось гэтай хацiны.
– Не, ты падумай, Джэк. I як гэта чалавек можа так проста пакiнуць сваю хату?
– закрычаў Рой.
– Як можа Сэм нават думаць пра такое?
– Акрамя Сэма шмат хто ў Сент-Элене
Але Роя не суцяшала разбурэнне iншага.
– Для Сэма гэта не апраўданне, - горка зазначыў ён.
– Ён яшчэ мо выстаiць, - памеркаваў Джэк.
– Сумняваюся, - сказаў Рой.
– Сумняваюся!
Рой адчуваў, што Джэк сказаў яму не ўсё, але больш нiчога сказаць не паспеў, бо з'явiўся Зел Сен-Клэр; у руках у яго было ружжо, у чорных зубах кароткая пiпка.
– А ты калi сюды з'явiўся?
– здзiўлена спытаў Рой.
– Яшчэ ўчора вечарам, - адказаў Сен-Клэр.
– Я сустрэў Джэка на Мускуснай завадзi, па дарозе сюды. А зараз я хадзiў шукаць аленяня цi яшчэ каго-небудзь на абед.
– А дзе Сахаты?
– Вiдаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам i Скоцi. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павiнен быць недзе недалёка.
– Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнiк?
– Як ён пойдзе без мяне?
– сказаў малеча Зел, i яго спiты, зарослы сiвой шчэццю твар стаў злосным i пакрыўджаным.
– Мы дамовiлiся сустрэцца тут, i калi ты не пярэчыш, я пачакаю iх тут дзень-другi.
– Вядома, - сказаў Рой.
– Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнiк. Ён хацеў перакiнуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта познi; праз тыдзень усюды будзе лёд.
– Ну што ж, пойдзем пешкi, - адрэзаў Зел.
– А ты пойдзеш?
– Пры Джэку не магу табе адказаць, - сказаў Рой, выцiскаючы з сябе невясёлы жарт.
Джэк Бэртан старанна рабiў выгляд, што i ўвагi не звяртае на iхнюю размову i цалкам захоплены распальваннем лямпы. Затым ён заняўся кухарствам, але Рой рашуча перапынiў гэта, бо Джэк быў дрэнны кухар. Рой прагаладаўся, таму хутка зрабiў абед з бекону, бобу, яек, бульбы i бляшанкi персiкавага кампоту. Джэк не ўмеў нават зварыць каву, якую любiў Рой, таму той налiў вады з вядра ў эмалiраваны кацялок, закiпяцiў яе, сам насыпаў туды молатай кавы. У дарозе ён пiў гарбату, але ў сваёй хацiне ласаваўся моцнай салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалi распытваць Роя, як iдуць яго справы. Ён расказаў iм пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах i прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылi, што ўвогуле ўлоў у яго неблагi, але Рой сказаў, што i гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.
– На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лiсы i рысi не хопiць i па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставiць адну-дзве
– Мы з Зелам праверылi некалькi тваiх пастак па дарозе сюды, - сказаў Джэк.
– На балоце мы знялi пацука.
– Джэк сказаў, што яны садралi скурку i паставiлi яе на распялку. Яна i вiсела на дроце разам са скуркамi дзвюх андатраў, якiя Рой узяў на тым жа балоце.
Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавiў на Лiтл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымлiваў карычневага звярка памiж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзiраючы яе цалкам, i адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калi скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнiнай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкi клiн, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам "Люкс", якое ўсунула яму ў кiшэню Джынi Эндрус. Рой славiўся тым, што ўмеў расцягваць скуркi лепш за ўсiх трапераў Муск-о-гi. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога - да вялiкага, вялiкага як цэлую коўдру.
– Хутка ты так напрактыкуешся, - сказаў яму Джэк, - што з ласкi расцягнеш iльва.
Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, вiдаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.
Магчымасць пагаварыць з Роем адзiн на адзiн з'явiлася ў Джэка на другi дзень, калi яны ўдвух на чоўне зрабiлi невялiкi аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нiчога не сказаў, i Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлiлася толькi адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапацiла Джэка.
– Некалькi дзён таму iнспектар выправiўся ў абход, - сказаў Джэк.
– Куды?
– Не ведаю. Ведаю толькi, што ён пайшоў з Сент-Элена.
– Што, шукае сабе прыгоды?
– Так, i мо менавiта тут, - сказаў Джэк.
– Ты ведаеш, што будзе, калi ён застане Зела i Сахатага ў цябе ў хацiне?
– Я заўсёды магу сказаць, што не клiкаў iх.
– Гэта не дапаможа, - засцярог Джэк.
– Тады табе канцы.
– Мне i так канцы, - сказаў Рой.
– Нiводнай скуркi з цэлага возера.
З возера Т яны вярнулiся з пустымi рукамi, i Джэк пераканаў Роя папаляваць з iм на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткi, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зiмнi запас. Яны пайшлi на другую ж ранiцу i пешкi прайшлi маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Пiт-Пiт i Лiтл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакiнулi ў хацiне чакаць вяртання Мэрэя, i толькi ўдалечынi ад Зела i хацiны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калi яны залезлi на Снежную Скалу - найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялi там, пазiраючы на хрыбты, што раскiнулiся ва ўсе бакi, на пашу ласёў i недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзiчынай, i яны спынiлiся тут паснедаць.