Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ого, нiбыта плугам пераварочвае ўсяго, - сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, i вочы ў яго заблiшчалi.
– Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?
– Не, - адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасцi трапераў гэта было звыклай з'явай.
– Зрэшты, адну бутэльку пакладзi ў дарогу, папрасiў ён.
– Я i сам думаю выйсцi на паляванне, блiжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкi Ўiп-о-Ўiл, - сказаў Дзюкэн.
– Паеду на сабаках.
– Як i кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькi з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваiмi лайкамi, адкормленымi сабакамi,
– Налiць яшчэ?
– Дзюкэн узяўся за бутэльку.
Рой пакруцiў галавой i адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.
– Пайду паталкую з iнспектарам, - сказаў ён, i не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго i след прастыў.
Iнспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылi, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архiтэктурныя ўпрыгожаннi. Адзiнай уступкай эстэтыцы быў маленькi ганак, якi разам з дошкай для аб'яў i вызначаў воблiк дома. Рой зiрнуў на плакаты, якiя матлялiся на дошцы. "Аберагайце багаццi прыроды i прыгажосць вашага лесу!" - прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афiцыйнай мовы. "Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знiшчыць можна за хвiлiну. ПАКIДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!". I гэта яму спадабалася.
– Хэло, Мак-Нэйр, - прывiтаў яго iнспектар, ледзь толькi той адчынiў дзверы.
– Я збiраўся ўжо выходзiць.
– У абход, iнспектар?
– спытаў Рой.
– Абход я рабiў учора, - адказаў iнспектар.
– Як жа вы не сустрэлi мяне?
– сказаў Рой.
– Прыйдзе час, сустрэну, - суцешыў яго iнспектар.
Рой засмяяўся.
– Калi вы адыходзiце, я зазiрну iншым разам.
– Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, iнспектар зачапiў за сама балючую струну, i Рой падумаў, што iнспектар iграе несумленна.
Яны зайшлi ў маленькi квадратны пакой, сцены якога былi завешаны аб'явамi, плакатамi, календарамi, пукамi наколатых папер i картамi. На сасновым стале ляжалi карты, некалькi скурак норкi i адна бабровая, пасткi, патроны, компас, бiнокль, а пад сталом стаялi два чучалы лiсы. Iнспектар усеўся афiцыйна, за канторку, паставiўшы сваё плеценае крэсла так, каб можна было назiраць за Роем. Рой жа ўжо сцiшыўся. Гэта былi ўладаннi iнспектара, яго прыгнятала маса папер, канторка з адкiдной дошкай, чатыры цi пяць тоўстых квiтанцыйных кнiг, горы бланкаў паляўнiчых пасведчанняў, прыскрыначкi стала, запоўненыя пiсьмамi, цыркулярамi, паведамленнямi, пастановамi, бюлетэнямi, загадамi, вымовамi, справаздачамi. Толькi тут, у канторы, Рой па-сапраўднаму адчуваў вялiзную адмiнiстрацыйную машынў, якую ўвасабляў iнспектар сваёй масiўнай персонай. Рой аддаў iнспектару пяць даляраў за паляўнiчы дазвол на год.
– Як палявалася гэтым сезонам?
– спытаў iнспектар, падпiсаў квiтанцыю i падаў яе Рою разам з жэтонам i маленькай зялёнай кнiжачкай, экземплярам "Дадаткаў да Закона пра Паляванне i Лоўлю Рыбы 1946 года".
– Норму вылавiў.
– А каму прадалi?
– Пiту Дзюкэну.
– Пушнiна першагатунковая?
Рой кiўнуў.
– Ёсць што-небудзь выключнае?
– Няма.
Iнспектар задаў яшчэ некалькi пытанняў пра звера: многа яго цi мала, неспакойны ён цi даверлiвы, цi няма слядоў ваўка, рысi, мядзведзя i iншых драпежнiкаў, мышэй, лемiнга, а таксама зайца i iншай дзiчыны. У Роя на ўсё быў гатовы адказ. Iнспектар слухаў яго ўважлiва i ўслухоўваўся не толькi ў звесткi, але i ў ацэнкi самога Роя. Рой бачыў у лесе тое, чаго не прыкмячалi iншыя звераловы, i ўмеў расказаць пра ўбачанае захоплена, як сапраўдны апавядальнiк. Сам гэтага не ўсведамляючы, Рой стаў лепшай крынiцай iнфармацыi пра ўсе сезонныя змены ў жыццi фаўны Муск-о-гi. А паколькi iнспектар сур'ёзна цiкавiўся натуральнай гiсторыяй свайго раёна, дык усю iнфармацыю Роя ён перадаваў у Таронта старанна i дакладна.
– Здаецца, што звяроў у лесе меншае, Рой, - сказаў ён.
– Я ўсё чакаю, што дэпартамент прыме ў адносiнах да вашага брата паляўнiчага нейкiя рашучыя меры - накладзе забарону на бабра альбо андатру, цi на любога пушнога звера. Нешта ж трэба рабiць.
– Вы хочаце выгнаць нас на поўнач, iнспектар, - сказаў Рой, здзекуючыся з уласнага гора.
– А што робiцца там, на той тэрыторыi?
– Гэта не мой раён, - адказаў iнспектар, - але з месяц таму быў цыркуляр з дэпартамента пра тое, што ўсе, хто хоча, могуць атрымаць новыя ўчасткi на поўнач ад Сярэбранай ракi, яны могуць падаць заяўкi не пазней як у маi. Хочаце, я ўключу i вас?
Iнспектар адкiнуўся ў крэсле, i яго вялiзны жывот прымушаў сумнявацца, што ён пакiне гэтае крэсла. Твар у яго быў чырвоны, патылiца тоўстая, рукi пульхныя, але калi ён уставаў i рухаўся, было бачна, што гэта чалавек вялiкай энергii, чалавек, якi выконвае свае абавязкi з бязлiтаснай настойлiвасцю. Роя не ўводзiў у зман яго знешнi выгляд таўстуна; ён ведаў захапленне iнспектара тлустай свiнiнай i добрым пiвам. Не, Рой разумеў, што недаацанiць гэтага чалавека - значыць, зрабiць вялiкую памылку. Iнспектар быў такi рухавы, што Рой, калi залазiў у самы гушчар лесу, часта азiраўся назад, цi няма побач iнспектара.
– Я мог бы падабраць вам добры ўчастак, - прапанаваў яму iнспектар.
– А можна адкласцi гэта да майго вяртання вясной?
– У любы час да мая месяца, - паўтарыў iнспектар, - але чым раней вы вырашыце, тым большы выбар.
– Я адкажу вам, калi вярнуся ў сакавiку, - сказаў Рой.
Iнспектар пацiснуў плячыма. Ён быў задаволены, што Рой застанецца тут яшчэ на адзiн сезон. Ён так i сказаў яму: - Рой, я не хачу, каб вы iшлi на поўнач, перш чым я злаўлю вас з незаконнай здабычай. Тады вам усё роўна давядзецца пайсцi, бо я адбяру ў вас туташнi ўчастак.
– Злавiць мяне?
– сказаў Рой.
– А навошта вам мяне лавiць?
– Ды ўжо не ведаю, - сказаў iнспектар, - але з усiх паляўнiчых майго раёна iменна вас вырашыў я злавiць з доказамi злачынства. Вы водзiце мяне за нос ужо дваццаць гадоў, але я да вас падбiраюся. I чакаць засталося не вельмi доўга.
Рой адхiснуўся ад канторкi.
– Але калi вы хочаце злавiць мяне, чаму вы не пойдзеце са мной у лес? Там вы ўжо напэўна злавiлi б мяне.
Iнспектар бываў у лесе не адзiн раз - i ў паляўнiчых буданах Роя i па ўсяму ланцугу яго пастак, схадзiў яго ўчастак удоўж i ўпоперак i цiчога не знайшоў. Калiсьцi даўно ён пераканаўча даказаў Рою па колькасцi яго пастак i пялаў для пушнiны, скарыстаных патронаў i па дзесятку iншых прыкмет, што Рой страляе i ловiць звера больш за норму. Гэтае абвiнавачанне ён кiнуў Рою ў твар у яго хацiне, калi абодва яны былi значна маладзейшыя. Рой аж загарэўся ад гневу, але стрымаўся i прамаўчаў; маўчаў ён i пазней на ўсе абвiнавачаннi iнспектара. Узважыўшы гэтую тактыку Роя, iнспектар прыйшоў да высновы, што словамi ад яго нiчога не даб'ешся. Рой спакойна адмоўчваўся i даваў магчымасць iнспектару знайсцi пушнiну цi злавiць яго на месцы злачынства.
– Сёлета мо i выберуся, - сказаў iнспектар.
– Давайце, будзеце госцем.
– Вы i не даведаецеся, калi я з'яўлюся i адкуль.
– А хiба бяспечна блукаць па лесе цiшком? Можа надарыцца няшчасце.
– Небяспечна тым, хто будзе з незаконнай пушнiнай.
– А дзе яе дзець, незаконную пушнiну?
– Я цудоўна ведаю, што вам не пражыць на вашу норму, Рой, - сказаў iнспектар.
– Няма жадання лавiць вас, Рой, а ўсё адно давядзецца. Так што сёлета будзьце асаблiва пiльныя.