Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
— Што ж ты, Наважылава, не вядзеш? Вядзі.
І Галка павяла:
— Ну, гаварыце ж, гаварыце! Хто хоча сказаць?
Аднакласнікі ўнікалі палкіх Галчыных вачэй, нізка схілялі галовы, робячы выгляд, быццам нешта разглядаюць на выцертых уласнымі рукамі партах.
— Вы што — салідарныя з ім? — важатая Кіра паказала на мяне.
Я выпнуў грудзі, каб мяне можна было лепей разгледзець. Аднакласнікі ўпарта і горда маўчалі.
— Дык вы лічыце, што гэта вельмі добра — на піянерскім зборы храпці? — Важатая
Я паматаў галавой. Кіра стаяла да мяне спінай і нічога не заўважала. Аднакласнікі ўсміхнуліся і хорам адказалі: “Не!”
— Потым Карабухін зусім распяражацца, пачне і на ўроках храпці, а там — кукарэцаць, мяўкаць. — Голас у важатай Кіры звінеў і мацнеў.
— Я не ўмею кукарэкаць, — не вытрымаў я. — І мяўкаць таксама не ўмею.
Я не люблю, калі мне прыпісваюць таленты, якіх у мяне няма. У мяне сваіх досыць, магу пазычыць, каму трэба.
Таварышы мае так і палеглі з рогату. А важатая Кіра сказала, што яна больш не можа, што такога нахабніка яна бачыць упершыню і што яна пойдзе скардзіцца дырэктару.
Мне было шкада важатую Кіру. Яна ўвогуле добрая, але чаму яна не можа зразумець, што я хроп не знарок? Крыўдна, калі цябе не разумеюць.
Нядаўна мне сказалі: “У цябе, Карабухін, толькі адны дрэнныя ўчынкі. А ты праяві сябе ў нечым добрым, карысным… Вось заўтра ўвесь клас ідзе збіраць металалом. У цябе ёсць шанец зарабіць добры ўчынак”.
“Ладна, — падумаў я. — Калі ў мяне толькі дрэнныя ўчынкі, хай будзе адзін добры”. І я пайшоў збіраць металалом.
На Пясчанай вуліцы знеслі некалькі старых развалюх. Там сяміпавярхоўку сабраліся будаваць. Мы пашнарылі трохі ў пошуках жалезных ці любых іншых скарбаў. І раптам я спатыкнуўся аб нешта і ледзь не ўпаў. Зірнуў — жалезная рэйка. Хацеў падняць — ого-го-го — вось гэта вага.
— Рушце сюды! — паклікаў я хлопцаў.
Раз-два — узяліся ўчатырох і паднялі. Глядзім, а да рэйкі дротам прывязана вечка. Мы яго адразу не разгледзелі, бо яно было засыпана смеццем.
Пад вечкам аказалася прамакутная адтуліна.
— Хлопцы, гэта падземны ход! — узрушана закрыкаў Уладзя.
— Лухта, — прамовіў разважлівы Сёмка. — Гэта проста склеп. У майго дзядзькі ведаеце які склеп!
— Ведаем, — адмахнуўся я. — У каго ёсць ліхтарык?
— У мяне, — сказаў Сёмка.
— У дзядзькі ўзяў?
— Свой, — пакрыўдзіўся Сёмка.
Я хацеў ужо спусціцца ў склеп, але ўбачыў, што няма ніякай лесвіцы.
А раптам склеп глыбокі? Грымнешся долу, а пасля пра каго ў сценгазеце пісаць будуць, як пра галоўнага разгільдзяя школы?
Я падумаў хвіліну.
— Здыміце рамяні.
І сам першы зняў раменьчык. За мной тое ж самае зрабілі хлопцы. Хутка з раменьчыкаў звязалі вяроўку. Атрымалася выдатная лесвіца. Я ўхапіўся за канец вяроўкі з раменьчыкаў, і хлопцы спусцілі мяне ўніз.
— Ну што там? — крычалі хлопцы. — Давай вылазь!
Я тузануў вяроўку.
— Цягніце!
Напружыўшыся, таварышы выцягнулі мяне. Калі я апынуўся на зямлі, то штомоцы чхнуў. Раз, другі, трэці… Вось ужо ніколі не думаў, што так хвацка ўмею чхаць.
— Ну што? — спыталіся хлопцы. — Нічога там няма?
— А вы чаго хацелі — салёных гурочкаў?
— Не, — адказаў Уладзя, — хоць бы якое карыта…
— А насмарку не хочаш? — сказаў я і чхнуў у чацвёрты раз.
Мы ўхапіліся за рэйку і пацягнулі яе. Рушылі па вуліцы і ў такт нашым крокам дружна спявалі:
— Наши жены — ружья заряжены.
І раптам:
— Стойце! Чакайце! Укралі!
За намі грукаў ботамі па вуліцы дзядзька ў кажусе і заечай шапцы.
— Аддайце, гэта мая рэйка, — сказаў ён, аддыхаўшыся.
Сёмка спрабаваў быў заспрачацца:
— Мы знайшлі гэтую рэйку. Яна валялася.
Я спыніў Сёмку і дабрадушна ўсміхнуўся:
— Калі ласка, бярыце!
Дзядзька пасоп, папыхкаў, нарэшце прыўзняў рэйку, прайшоў, хістаючыся, некалькі крокаў і кінуў сваю ношу на зямлю. Твар яго зрабіўся ўмольным.
— Хлопчыкі, памажыце. Вы ж піянеры, цімураўцы, так сказаць, памочнікі старэйшых.
Мы захоўвалі маўчанне.
Дзядзька зрабіў другую спробу, але ён быў старэнькі, і ўстанавіць сусветны рэкорд па пад’ёму цяжару яму не ўдалося.
Тады я пачаў штурм.
— Як ваша імя і імя па бацьку?
— Сідар Сідаравіч, — буркнуў дзядзька.
— Сідар Сідаравіч, дзяржава пра вас клапацілася. Вы атрымалі цудоўную трохпакаёвую кватэру ў цудоўным пяціпавярховым доме на цудоўным другім паверсе. У двары ў вас растуць цудоўныя саджанцы і звініць цудоўны дзіцячы смех.
Увесь час, пакуль я натхнёна нёс гэтую лухту, дзядзька пазіраў на мяне, вытрашчыўшы вочы, і згодна ківаў галавой.
— Мусіць, вы ўжо і пенсію атрымоўваеце?
— Атрымоўваю.
— Вось бачыце, вы цалкам забяспечаны і шчаслівы чалавек. — Я падміргнуў таварышам. — Чаго ж вам яшчэ трэба?
Мы ўзялі рэйку з прымацаваным да яе вечкам і выправіліся ў дарогу.
— Да пабачэння.
— Да пабачэння, — разгублена сказаў нам дзядзька.
Некалькі хвілін мы ішлі ды хіхікалі.
— Гэй, стойце, чакайце!
Мы са злосцю кінулі рэйку на зямлю, яна глуха бразнулася.
— Ну нашто яна вам? — Я больш не ўсміхаўся.
— А на склеп, — няўпэўнена сказаў дзядзька.
— На які? У вас жа цудоўная трохпакаёўка ў цудоўным пяціпавярховым доме.
Дзядзька апусціў вочы і пяшчотна паглядзеў на рэйку.
Зноў рэйка ў нашых руках, зноў мы тупаем па вуліцы.
Дзядзька не адстае ад нас і ные:
— Ён спатрэбіцца мне. Распілую на кавалкі і канькі ўнуку зраблю. Або грузілы на вуды…