Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
Я праглынуў сліну: успомніў, што не абедаў.
— Колькі часу?
— Гадзін восем. Ды ты еш, — Сёмка пасунуў да самага мойго носа катлеты.
Я ганарліва паматаў галавой:
— Я аб’яўляю галадоўку.
Сёмкаў твар выцягнуўся.
— У знак пратэсту супраць байкоту, — дадаў я.
Сёмка пазіраў на мяне са здзіўленнем і захапленнем.
— Ну, вось што, — сказаў я. — Ты зараз пойдзеш адсюль і, калі ты мне сябар.
— Але твая маці непакоіцца, мусіць, — перабіў мяне Сёмка.
— …і калі ты мне сябар,
Засмучаны, Сёмка пайшоў, і я застаўся адзін. Толькі тут я адчуў, як мне крыўдна, што са мной так паступаюць таварышы. Нават размаўляць не хочуць, быццам я ім вораг.
Ну, ладна, я вас правучу. Адвярнуліся ад чалавека, а чалавек пайшоў і ўтапіўся.
Я ўявіў, якая нататка з явіцца ў газеце:
Смерць праз абыякавасць
Учора трагічна загінуў вучань 6 класа “А” 13-й школы Валерый Карабухін. Смерць сталася вынікам злачыннай абыякавасці да лёсу хлопчыка. Пад знешняй весялосцю і бесклапотнасцю калектыў не разгледзеўяго пяшчотнай, чуллівай, лёгка ранімай душы…
Расчулены, што ў мяне, аказваецца, такая пяшчотная душа, я не заўважыў, як і заснуў. Прачнуўся ад таго, што азяб. Я ўскочыў і — раз, два, тры, чатыры — стаў рабіць зарадку. Зірнуў у паддашкавае акенца, — на вуліцы выла непраглядная цемра. Напэўна, гадзіны дзве ночы.
Я спусціўся з паддашка. Доўга таптаўся каля сваіх дзвярэй, баючыся пазваніць.
Мама адчыніла адразу, быццам яна прастаяла там, за дзвярыма, увесь час, пакуль я марнаваўся на паддашку. Яна схапіла мяне за руку і ўцягнула ў пакой. Я ніколі не думаў, што мама такая дужая. Потым яна пачала мяне цалаваць, а слёзы яе капалі мне на твар і нават за шыварат.
— Дзе ты прападаў, лайдак! — закрычала мама. — Тут усе з глузду з’язджаюць, а ён швэндаецца немаведама дзе. Аднакласнікі твае і Лідзія Іванаўна разоў дзесяць прыходзілі ўжо. Галодны, мусіць, як бяздомны сабака?
Мама зноў стала такой, якой была заўсёды, — мітуслівай і заклапочанай. Яна загрымела каструлькамі — прынялася разаграваць абед. Ад баршчу ішоў такі апетытны пах, што я вырашыў: “Галадоўку трэба канчаць”. Дарэчы, катлеты ў мамы былі не горшыя за Сёмкавы, так што я нічога не згубіў. Толькі воўчы апетыт прыдбаў.
Паеўшы, я расклаў крэсла-ложак і выпрастаўся ва ўсю даўжыню. Укрыўся коўдрай і адразу сагрэўся.
Усё-такі гэта хораша — спаць ў сваёй пасцелі, а не на паддашку.
Магло здарыцца “тако-о-е”!
Калі я з’явіўся ў класе, мяне сустрэлі здзіўленыя і радасныя твары. Нехта нават крыкнуў: “Ура! Карабухін вярнуўся!”
Каб яшчэ кветкі ды аркестр, гэта б выдавала на сустрэчу чалавека, што першым пабываў на Месяцы.
— Прабачце мяне, сябры, — сказаў я, і голас у мяне дрыжаў, а на вачы накочваліся слёзы.
Аднакласнікі былы расчулены:
— Ды кінь ты!
— Ды што ты!
— Лухта ўсё гэта!
Яны і напраўду абрадаваліся майму вяртанню. Добрыя таварышы!
Галка Наважылава паспрабавала была прамовіць чарговую натацыю, яна ўжо адкашлялася, але яе спыніла Сетка Нікіціна:
— Не трэба, з чалавекам магло тако-о-е здарыцца.
На твары ў дабрадушнай Светкі быў выраз жаху, яна прамовіла слова “тако-о-е” такім свістлівым шэптам, што я нават падумаў: аж і праўда магло здарыцца “тако-о-е”.
Ледзь стрымліваючы слёзы, я сеў за парту. На ўроку я цалкам авалодаў сваімі пачуццямі. І калі на пераменцы таварышы прысталі з роспытамі, мяне панесла. Пад час расповеду я касіўся на Сёмку — ці не выдасць? Але Сёмка пазіраў на мяне захопленымі вачыма, як быццам гэта не ён тырчаў са мной учора на паддашку, а нехта іншы.
— Пайшоў я тады з класа і рушыў куды вочы вядуць, — пачаў я быліннай мовай гісторыю пра тое, як я тапіўся. — Сам не заўважыў, як дабраўся да рэчкі. Распрануўся, а холад сабачы. Але я, канешне, нічога не адчуваю, самі разумееце, што ў мяне на душы!
Улез у ваду, а яна пячэцца. Вось, думаю, хіба можна ўтапіцца ў такой халоднай вадзе? Не шанцуе мне нешта.
Даплыў да сярэдзіны, склаў рукі па швах — і “салдацікам” на дно. Толькі крануўся нагамі пяску, як мяне выштурхнула на паверхню. Глянуў я на бераг, а там нейкая жанчына бегае ў квяцістай хустцы — калі я прыйшоў тапіцца, яна бялізну паласкала.
Бегае і гарлае:
— Ой, тоне хлопец, ой, ніяк выплысці не можа!
Вось цуды, падумаў я, адразу двое топяцца! Цікава, з-за чаго той хлопец, пра якога яна гарлае, у раку палез? Можа, яму таксама байкот абвясцілі? І зноўку пайшоў на дно.
Але тут празвінеў званок, увайшла Адэлаіда Васільеўна, “англічанка”, і дзеці разбегліся па сваіх партах.
Наступная пераменка была доўгая, і тут я ўжо мог даць сабе волю, тым больш што сорак пяць хвілін урока я не згубіў марна — аповед прыдумаў на славу.
— Дык вось, — працягваў я, калі таварышы зноў абкружылі мяне, — вынырнуў я яшчэ раз. Гляджу, а на беразе побач з жанчынай салдат з’явіўся. Боты ўжо скідае. А жанчына прыгаворвае яму:
— Вынырне, крыкне нешта і зноў на дно. Сілаў у яго, мабыць, нестае. Ты хутчэй, салдацік, а то патоне хлопец.
Тут да мяне, нарэшце, дайшло, што гэта аба мне цётка галосіць. Гэта я, выходзіць, не ўмею плаваць. Я, чэмпіён 6 “А”?!
Я абурыўся і закрычаў:
— Ды я лепш за вас абоіх плаваць магу! Глядзіце!
І як пайшоў кролем! А салдат мне крычыць:
— Ты, хлопча, лепей на спіну ляж, сілы эканом!
— Я і на спіне магу, калі ласка! — крыкнуў я.
Тут салдат распрануўся і кінуўся ў ваду. Плаваў ён файна, потым я даведаўся, што ў яго першы разрад. Я — ад яго, ён — за мной. Урэшце абодва дабраліся да берага.