Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
— Выдумваеш усялякую лухту, — пакрыўдзіўся Сёмка. Ён пачырванеў і яшчэ мацней закруціў галавой.
— Ладна. — Я ляпнуў яго па плячы. — Прыходзь увечары на паддашак. Справа ёсць, сакрэтная.
Аэрадром Генкі Правільнага
— Без Генкі Правільнага нам не абысціся, — сказаў Сёмка.
— А ну яго, зануду, — паморшчыўся я.
Мы сядзелі на паддашку і абмяркоўвалі важную справу.
— Генка штосьці прыдумае, —
Генку Ракіціна ў нашым двары празвалі Правільным за тое, што ўсё на свеце ён робіць правільна. Ён ніколі не зробіць такога, за што можа добра ўляцець.
Збіраемся мы з хлопцамі залезці ў яблыкі да суседа. Генка ные: “Не, хлопцы, гэта нядобра, я лепш дадому пайду”.
Або дамаўляемся аддубасіць скаржніка. Генка зноў за сваё:
— Не, хлопцы, чалавека трэба спярша словамі пераканаць, а потым ужо гэтымі, кулакамі.
А што скаржнік даўно не чалавек і, можа, ніколі не быў чалавекам — гэта яму няўцям.
І ўсё-такі Генка Правільны быў адзіным хлапчуком у нашым двары, каму я іншым разам зайздросціў. Раз у месяц. А можа, і радзей. Гэта здаралася, калі Генка з’яўляўся ў двары з мадэллю самалёта пад пахай. Генка займаўся ў Палацы піянераў і ўжо няблага канструяваў розныя мадэлі.
Побач з нашым дваром за плотам пачыналася пустка. Там Генка наладзіў выпрабавальны аэрадром для сваіх мадэляў.
У дзень выпрабаванняў двор імгненна пусцеў, і наставала аглушальная цішыня. Таварышы імкнуліся на Генкаў аэрадром. Генка ў такія хвіліны як быццам нікога не заўважаў. А можа, і напраўду яму ні да каго не было справы. Ён бачыў толькі свае мадэлі.
Генка станавіўся ў цэнтры кола. У руцэ ён трымаў вяровачку, да якой асцярожна прывязвалі новенькі беленькі самалёцік. Мадэль была ў руках у Мішкі — сябра і памочніка Генкі.
— Давай! — крычаў Генка.
Мішка заводзіў маторчык. Самалёт некалькі імгненняў чхаў і фыркаў, як прастуджаны першакласнік, а тады з лёгкім зумканнем пачынаў апісваць колы над пусткаю.
Генка ледзьве прыкметным рухам кіраваў мадэллю.
Вось самалёт падымаецца высока, і мы задзіраем галовы, каб яго ўбачыць. А вось ён рэзка зніжаецца, зараз, здаецца, разаб’ецца на дробныя кавалачкі. Але не — зноў нясецца, як жывы.
Мы падкідваем шапкі ўгору: “Ура!”
Я таксама рады: “Малайчына, Генка!”
Зрэдку самалёт падаў. Тады Генка быў суровы, ён камандаваў гучна і рашуча. І ўсе былі радыя выканаць любы яго загад. Нават я.
І вось самалёт зноўку над пусткай, над нашымі задзёртымі ў неба захопленымі тварамі.
Неўзабаве выпрабаванні скончыліся. Генка забірае мадэль і нясе яе ў Палац піянераў. Хлопцы праводзяць яго пашанотным натоўпам. І зноў пра Генку нічога не чуваць — да наступных выпрабаванняў.
— Давай паспрабуем, — не адстае Сёмка. — Гароху трэба адпомсціць як мае быць.
Я згаджаюся, таму што сам нічога не магу прыдумаць. Мы сядзім з Сёмкам цэлую гадзіну, а ў галаве ніводнай цікавай думкі. Хіба гэта цікавая думка — пайсці і пакалаціць Гароха за яго штукі? А калі ён дасць здачы. Кулакі ў яго будзь здароў! Дый сябрукі ў Гароха — дужыя хлопцы.
Мы спускаемся ўніз з паддашка.
— Слухай, Сёма, а навукоўцы, якія вынаходзяць нешта ці адкрываюць, таксама так здорава думаюць, як мы, ці не?
— Не ведаю, — шчыра кажа Сёмка. — Напэўна, гэтак жа, як і мы.
Мы выходзім у двор і тут жа натыркаемся на Генку Правільнага.
Генка ледзь стрымліваецца, каб не разрумзацца, як тая дзяўчынка. Да грудзей ён прыціскае вогненна-рыжае кацяня па клічцы Акбар. У Акбара адарваны кавалак вуха, панылая морда ў крыві.
— Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я б з ім пагаварыў, я б яму паказаў!..
У Генкі такі настрой, што з’явіся зараз крыўдзіцель яго Акбара, Генка парве яго на шматкі.
Ён ішоў з Палаца піянераў. І раптам пачуў выбух і адчайны кашэчы крык.
— Ну нібы дзіця малое крычыць, — расказвае Генка. — Я адразу падумаў, што гэта Акбар, напэўна, з ім нешта здарылася. Падбег да паветкі, а кацянё ляжыць на даху і мяўкае. Жаласна так мяўкае. Каб я ведаў, хто гэта — Генка ўвесь кіпеў.
Я адразу зразумеў, што гэта штукарствы Гароха і яго хаўруснікаў.
— Гэта Гарох, — сказаў я.
— Канешне, Гарох, — пацвердзіў Сёмка.
— Гарошка? — Перапытаў Генка. — Гэта зрабіў Гарошка? Так хадзем хутчэй і заявім у міліцыю.
Я ўзняў рукі ўгору і выразна паглядзеў на Сёмку. “Ну што я казаў, гэта ж Генка Правільны, хіба ён здатны помсціць, як сапраўдны мужчына!”
Але Сёмка не адчайваўся:
— Паслухай, Гена. Гарох і яго хлопцы здзекуюцца не толькі з твайго ката. Яны вось што прыдумалі. Працягваюць над тратуарам дрот, танюткі, каб не бачна было. Адзін канец прывязваюць да дрэва, другі адводзяць у вароты. А тады чакаюць. З’явіцца бабулька, яна нацягнуць дрот, раз — і бабулька на тратуары. А ўчора і мы з Валеркам трапіліся на іх вуду. Цяпер галалёд пачаўся, ты разумееш, чым гэта пагражае?
— Вось я і кажу: хадзем у міліцыю і раскажам пра ўсё, — паўтарыў Генка, і блакітныя яго вочы заззялі чыстай верай у праўду і справядлівасць.
— Абвяшчаю аперацыю “Акбар”, - урачыста сказаў я, — пачатай.
Аперацыя “Акбар”
— Чаму “Акбар”? — спытаў Генка.
— У гонар твайго гераічнага кацяняці, - патлумачыў я.
— А што гэта будзе за аперацыя? — не адставаў Генка. Як чалавек тэхнікі, ён хацеў адразу ўхапіць сутнасць справы.