Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
— Правальвайце! — камандую я.
Панурыўшыся, Гарох і яго хлопцы брыдуць дадому. Яны зрэдку азіраюцца — ці не стрэлім мы ім у спіну. А мы паспешліва драпаем на паддашак: ад нашых выбухаў вакол узняўся пярэпалах.
На паддашку я пытаюся ў Генкі:
— Ну, як? Па-мойму, гэта не горш за міліцыю?
Генка ўсміхаецца.
— Напэўна.
Я камандую:
— Атрад, стройся!
Калі Сёмка і Генка выцягваюць рукі па швах, я кажу:
— Аб’яўляю ўдзячнасць за бліскучае правядзенне аперацыі “Акбар”.
— Ура! — радасна залямантавалі Сёмка і Генка.
А потым мы ўселіся на старой рыжай канапе і Сёмка спытаўся:
— Ген! А як фарбы называюцца, якімі мы вось гэтыя штукі пафарбавалі? Люмі.
— Люмінісцэнтныя, — адказаў Генка.
У руках мы трымалі звычайныя паленцы, якім спрактыкаваныя Генкавы рукі і не вельмі зграбныя нашы прыдалі форму ракет. Нашы “ракеты” зараз былі зусім не страшныя. Яны нават не свяціліся, таму што.
— Таму што, — сказаў Генка, — люмінесцэнтныя фарбы свецяцца толькі ў цемры. А тут лямпачка гарыць.
І тут мы з Сёмкам падняліся і зноў завялі баявы індзейскі танец. А Генка зноў паморшчыўся і сказаў:
— Хлопцы, мне дадому пара. Бацькі, мусіць, непакояцца.
Вось і ўсё. Не, не ўсё. Тая ракета, што ўзляцела ў паветра і паразіла Гароха з хаўруснікамі, была самая што ні ёсць сапраўдная. Яе Генка змайстраваў у гуртку Палаца піянераў.
Канешне, шкада, што ракета загінула. Арыгінальная канструкцыя ў яе была. Але загінула ракета, выконваючы высакароднае заданне. А дзеля добрай справы і памерці не шкада.
Як мяне “ўцягвалі”
— Трэба цябе ўцягнуць, — сказала мне Галка Наважылава.
— Што, што? — здзіўлена перапытаў я.
— Трэба ўцягнуць цябе ў грамадскую працу.
— А-а-а!
— Вось табе піянерскае даручэнне — будзеш весці дзённік. Запісвай, хто што робіць на ўроках і пераменках. Зразумеў? — Галка рашуча трасянула двума вялікімі белымі каснічкамі, падобных на вялікіх белых матылёў.
— Не вельмі, - адказаў я. — А запісваць тых, хто ў буфет ходзіць? І колькі пончыкаў з’ядае, таксама запісваць?
— Не ламай камедыю. — Галка ўдавала з сябе дарослую і любіла гаварыць іх словамі. — У цябе прыгожы почырк, — дадала яна.
Гэта была чыстая праўда. Я вельмі люблю пісаць і старанна выводжу кожную літарку. Мне падабаецца глядзець, як з літар узнікае слова, і гэтае слова нешта значыць, і калі яго хто-небудзь прачытае, то зразумее, што я хачу сказаць. А потым са слоў з’яўляецца цэлы сказ. Не, па шчырасці, мне падабаецца пісаць сачыненні і пераказы. Дыктоўкі я пісаць не люблю — няма калі падумаць, пішы, што скажуць.
Я ўспомніў пра сваё абяцанне дырэктару. Да канца месяца заставалася яшчэ пяць дзён. І я згадзіўся выканаць піянерскае даручэнне.
Некалькі дзён запар на кожным уроку я добрасумленна разгортваў тоўсты сшытак з партрэтам Юрыя Гагарына на вокладцы і пачынаў запісы.
Я запісваў усё, што заўважаў. На пераменках я хадзіў па калідоры, зазіраў ва ўсе куты і пісаў, пісаў, пісаў.
Неяк раніцай Сёмка спытаў у мяне:
— Ты што, чокнуўся?
— Адстань, я выконваю піянерскае даручэнне.
— 6 “Б” прыціснуў нашых да сценкі! — закрычаў наступнай пераменцы Сёмка. — Бяжым на дапамогу!
Я ўздыхнуў як найглыбей, у мяне зачасаліся рукі — вось зараз я вам пакажу. Але. у руках у мяне быў аловак і пракляты тоўсты сшытак.
— Не магу, Сёмка, — сказаў я. — Выконваю піянерскае даручэнне. І нават зарабіў за яго двойку. А гэта ўжо лішняе, таму што, як вядома, у мяне двоек хапае.
Я выбег у двор. Сонца кінула мне ў твар сляпучы зарад сваіх промняў. Снег радасна захрумстаў пад нагамі.
Нашы хлопцы, як і на мінулай пераменцы, зноў паддаваліся 6 “Б” — гэтым даўгалыгім, у якіх рукі працавалі, як машыны.
Я ўрэзаўся да іх у тыл, закідаў іх снежкамі, засыпаў снежным пылам. Сяго-таго я проста штурхнуў у сумёт. 6 “Б” ад неспадзеўкі павярнуўся да мяне. І тады ўдарылі ззаду нашы. Напад быў такім імклівым, што 6 “Б” ганебна бег у розныя бакі, пакідаючы на полі бітвы галёшы.
Мяне, мокрага ад снегу, гушкалі. Я ўзляцеў угору, і сіняе небы было так блізка, варта было толькі руку працягнуць — і дастанеш.
Пакуль я выконваў піянерскае даручэнне, я здорава адпачыў і ўва мне кіпелі магутныя сілы.
Тут зазвінеў званок, і мы памчаліся ў клас.
А двойку я атрымаў вось як. Сцяпан Аляксандравіч заўважыў, што я не сачу за вопытам, а нешта запісваю ў сшытак.
— Што ты пішаш, Карабухін? — спытаўся Сцяпан Аляксандравіч.
— Выконваю піянерскае даручэнне, — ганарліва адказаў я.
Сцяпан Аляксандравіч сказаў, што піянерскае даручэнне трэба выконваць пасля ўрокаў, і зачыніў мой сшытак з Юрыем Гагарыным на вокладцы.
Потым ён выклікаў мяне да дошцы і папрасіў паўтарыць тое, што тлумачыў. Я, канешне, нічога не мог адказаць, і Сцяпан Аляксандравіч паставіў мне двойку.
Я лічу, што гэта несправядліва, бо я не займаўся старонняй справай, а выконваў даручэнне.
— Вы толькі паслухайце, што ён напісаў, - ахнула Галка Наважылава пасля ўрокаў. У руках у яе быў вялш тоўсты сшытак.
— Хто напісаў?
— Што напісаў? — Таварышы складвалі кніжкі ў сумкі і збіраліся бегчы са школы.
— Карабухін! — Галка патрэсла ў паветры сшыткам з партрэтам Юрыя Гагарына на вокладцы. — Рада класа даручала яму запісваць сюды, хто і як паводзіць сябе не ўроках і пераменках. І вось што Карабухін напісаў.