Паміж "А" і "Б"
Шрифт:
Таварышы сцішыліся. Калі вымаўлялі маё прозвішча, яны ведалі — будзе нешта вельмі забаўнае. Я сціпла сядзеў за сваёй партай, быццам увесь шум не пра мяне і я ўвогуле тут ні пры чым. Сазнаюся, я крыху нерваваўся. Усе-ткі гэта было першае публічнае чытанне таго, што я сачыніў. Але выгляду я не падаваў.
— Слухайце, паўтарыла Галка і адкашлялася. — “15 снежня. Усю алгебру Міша Цяплоў глыбакадумна чухаў патыліцы, а трэба было варушыць мазгамі, - урачыста прадэкламавала Галка.
Аднакласнікі пакаціліся са смеху. А Мішка
— Цішэй, — і Галка адгарнула другую старонку майго летапісу.
“16 снежня. На ўроку англійскай у клас заляцела вялізная муха. І адкуль толькі яна ўзялася ўзімку, чорт яе ведае. Спярша муха кружляла вакол Адэлаіды Васільеўны, а потым стала кружляць вакол кожнага вучня. Таму ў гэты дзень ніхто правільна не мог вымавіць слова. Адэлаідзе Васільеўна здавалася, што ўсе зумкаюць, калі трэба шыпець. А ва ўсім вінаватая муха і дзяжурныя, што яе прапусцілі і не вялі з ёй барацьбы”.
Таварышы проста вішчалі ад смеху.
— Але гэта яшчэ не ўсё. — Галка ўзняла руку, заклікаючы да цішыні. — Гэта яшчэ кветачкі, а вось і ягадкі.
“17 снежня. У нашых дзяўчатак не сэрцы, а камяні, а б нават сказаў — камянюкі. На іх вачах гарыць чалавек, а яны хоць бы хны. Не жадаюць падаць руку дапамогі таварышу.
Сёння на ўроку рускай мовы гарэў Міколка Камароўскі. Калі ў яго спыталі, якая розніца паміж дзеясловамі дасканалага і недасканалага віду, ад Міколкі адразу паваліў дым. Ён кідаў красамоўныя позіркі на дзяўчатак, якія, як на ліха, захапілі першыя парты. Але тыя рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць.
Адчуваючы, што Міколка гіне, я злітаваўся з яго і прашаптаў з апошняй парты, — ацаніце маю мужнасць! — дзеясловы дасканалага віду — гэта такія, якія дасягнулі дасканаласці, а недасканалага — якія гэтай самай дасканаласці не дасягнулі.
А што было далей, усім вядома: Міколка атрымаў двойку.
Прапаноўваю ўсіх дзяўчатак, якія не выручылі таварыша з бяды, асудзіць — тыдзень не прадаваць ім у буфеце пончыкаў з павідлам”.
Таварышы стагналі з рогату і ледзь не падалі з партаў. Нават Галка смяялася.
Але потым яна сказала:
— Ну, хопіць на гэтым. — І загарнула сшытак.
— Яшчэ, яшчэ! — закрычалі аднакласнікі. Яны стукалі вечкамі партаў і раўлі: “Біс, біс!” Ведаеце, як у тэатры выклікаюць любімага акцёра.
Я зразумеў, што павінен выйсці на сцэну. Я ўстаў і велічна падышоў да дошкі. Пры маім з’яўленні таварышы змоўклі. На іх тварах блукалі ўсменшкі. Яны чакалі, што зараз я адкалю яшчэ якісьці нумар.
— Галя мае рацыю, — сказаў я. — Добрага па трохі. Другая серыя яшчэ не гатовая. Дзякуй за ўвагу.
Я пакланіўся.
Мне заапладзіравалі.
У клас увайшла тэхнічка цётка Шура.
— Што гэта — канцэрт або ў вас мерапрыемства якое?
— Рэпетыцыя, цётка Шура, — усміхнулася Галка.
— Вы рэпеціруйце, канешне, але шэптам, — сказала цётка Шура. — за сценкай дырэктарка ўрок пачала, пачуе — яна вам наладзіць канцэрт.
Так скончылася маё першае выступленне. Калі па шчырасці, я быў задаволены. Такога гарачага прыёму я не чакаў. Праўда, выканаўцы маіх твораў неставала пачуцця гумару, але — някепска і так.
А самае галоўнае — цяпер ніхто не скажа, што я не выканаў піянерскага даручэння.
Не выканаў?
А воплескі?
Вось так.
Сёмка ахвяруе шавялюрай
Што ні кажыце, што вы мне ні даказвайце, а самае цікавае ў школе — гэта канікулы. З якім нецярпеннем чакаеш нядзелі, а канікулы ж — гэта дванаццаць нядзель адразу і запар.
Спярша, канешне, у канікулы трэба выспацца. Дрыхні сабе хоць да дзесяці гадзін, ніхто цябе не раскатурхае з лямантам: “Зноў, лайдак, спазніўся ў школу!”
Потым у канікулы можна ўдосталь пакатацца на лыжах і каньках.
А потым заняцца і сур’ёзнымі справамі.
Я яшчэ вам не расказваў, што ў мяне з Сёмкам была страсць — маркі. Адзін час мы ледзь не ссунуліся на іх, гаварылі толькі пра Конга, пра Мадагаскар, пра Бераг Слановай Косці. З што прыйдзецца мы выменьвалі маркі. Спярша кожны збіраў свой альбом, і ў нас трапляліся адны і тыя ж маркі. Але неўзабаве мы аб’ядналіся, а аднолькавыя макі вырашылі як найвыгадней абмяняць.
Я ўжо ахаладзеў да калекцыі, а Сёмка ўсё яшчэ ўздрыгваў, калі бачыў новую марку, і пытаўся ў гаспадара скарбу: “Што ты хочаш узамен?” Я не сумняваюся, што папрасі той у Сёмкі новую кашулю, якую яму ўчора купіла мама, ён аддаў бы не вагаючыся.
Нашы альбомы захоўваліся дома ў Сёмкі, і мой сябар часта бегаў у цэнтр горада, дзе была вялікая кнігарня. У гэтай кнігарні пастаянна збіраўся натоўп, там абменьваліся маркамі.
Аднойчы Сёмка прыбег да мяне вельмі засмучаны:
— У мяне нейкія гады адабралі альбом, а там Конга, Манака. Я гнаўся за імі, яны перамахнулі праз плот і ўцяклі.
А здарылася вось што. Як заўсёды, Сёмка цёрся ў натоўпе хлапчукоў, разглядаючы чужыя альбомы і паказваючы свой.
Да яго падышоў даўгалыгі бледны хлопец і ветліва ўсміхнуўся:
— Мне вельмі даспадобы твае маркі, хлопчык. Хадзем да мяне дамоў. Я пакажу табе свае, у мяне неблагая калекцыя. Я жыву побач, у двары.
Прастадушны Сёмка паплёўся за хлопцам. А хто б не пайшоў? Уласна кажучы, чаго баяцца?
Калі яны мінулі браму, нейкія хлапчукі далі Сёмку падножку, ён расцягнуўся, а альбом упаў у снег. Рабаўнікі схапілі альбом і паімчаліся да плота. Бледны хлопец уцякаў разам з імі.
Пакуль Сёмка ўскочыў, пакуль пералез праз плот, рабаўнікоў і след прастыў.