Пераслед мінулага
Шрифт:
Юрый Люты вярнуўся за пакетам, а Дзмітрый Янчанка прадоўжыў гаварыць:
– Сястра мая, Святлана, з гораду тэлефанавала, казала, што ў іх быў моцны дождж з ветрам. А ты, напэўна, прамок там, вецер не зносіў плашч?
– Не прамок, а калі б і прамок, то з роднага боку і варона мілая! – адказаў Юрый, потым выключыў святло ў калідоры і зайшоў на кухню, – А дождж добры быў, але нядоўгім, хутка прайшоў, а затым выглянула сонца. А сонца ў горадзе іншае. У нас мільгане і схаваецца на тыдзень, а там яно шчодрае, нават цяплей ці што, у гэтую восень… Не хаваецца хутра за хмары.
У маленькай кухні справа стаяў белы халадзільнік, а побач, пад акном, квадратны стол з засланым шэрым абрусам і тры драўляныя крэслы. Наперадзе газавая пліта, кухонныя тумбы і ўмывальнік, над якім
– Як там горад? Стаіць? – спытаў Янчанка, папраўляючы рэдкія светлыя валасы.
– Так, усё будуецца і пашыраецца. Толькі вось халадае, нягледзячы на тое, што там заўсёды цяплей, чым у нас, у сонечныя дні не становіцца больш людзей на вуліцах. Летам, як ты ведаеш, шуміць натоўп. А цяпер, у восень, усе машыны густа цякуць па вуліцах. Сёння дождж, і гарадскія засталіся ў сваіх кватэрах. Яны больш ездзяць, чым ходзяць… Дарэчы, ты не глядзеў надвор'е? Калі ад нас ужо вада сыдзе, калі прымярзаць стане? Хачу ў "Круглае" схадзіць, але там жа ўсё плыве… Як думаеш, прыйдзецца чакаць да лета? – пытаўся Юрый, паклаўшы на стол шырокі ліст раённай газеты.
Юрый спачатку выцягнуў з пакета мастацкія пэндзлікі з рознымі драўлянымі ручкамі, следам, на стол ён паклаў дзве квадратныя пачкі макароны хуткага прыгатавання і адну ўпакоўку зялёнай гарбаты, а потым невялікі пакет малака.
Дзмітрый Янчанка схаваў шапку ў шырокую кішэню сваёй цёмна-сіняй рабочай вопраткі і прысеў на крэсла. Ён уважліва сачыў за тым, як паступова з'яўляліся прадметы на стале і казаў:
– Я глядзеў прагноз надвор'я: заўтра і паслязаўтра дажджоў не чакаецца. Будзе пахмурна. Але потым зноў пойдуць дажджы. Усё, Юрась, пара ўжо забыцца пра цёплыя дзянькі. "Бабіна лета" прайшло, а за ім прыйшла пара рыхтавацца да зімы. Праз месяц можа пайсці снег… Я ўчора бачыў у навінах, што праз моцныя дажджы ўскраіны заходніх гарадоў затапіла. А яны ж вышэй за нас жывуць. Хоць бы ў нас вада не паднялася. Добра, у цябе вада з двара сыходзіць у лес, а ў мяне ўчастак размешчаны ніжэй. Будзе добра, калі мароз прыйдзе або снегам усё засыпле, а што, калі зіма будзе не зіма? Успомні, як было летась! Вада стаяла на ўвесь агарод і вакол двара разлілася! У лепшым выпадку, мы зноў будзе саджаць бульбу ў канцы траўня! Не, няхай ужо зіма будзе ранняй.
– Дык твой сын жа прыязджаў, рабіў табе нейкі дрэнаж. Ты ж мне паказваў, выхваляўся… Ці я нешта блытаю?
– Так, ён зрабіў. Але, на жаль, не так, як трэба. З-за невялікіх дажджоў вада не сыходзіць, збіраецца і стаіць на месцы. Ты ж ведаеш яго, ён не слухае мяне. Усё па-свойму хоча рабіць. Калі ён зноў прыедзе, я скажу яму перарабіць, каб гэтым разам было так, як я б хацеў. А то, як нейкі халтуршчык, на хуткую руку ўсё. Я казаў яму, трэба капаць вышэй. Баюся, што калі сын не прыедзе, калі пойдуць доўгія і буйныя дажджы, то я зноўку паплыву. Але ён абяцаў прыехаць.
– Што ж, нічога пакуль не зробіш… Вось, трымай! Твой заказ, – Юрый падаў Дзмітрыю кардонную скрыначку, – Усё правільна купіў, гэта тое, што ты прасіў?
Апошняе, што Юрый дастаў з пакета, была маленькая шэрая скрыначка, усярэдзіне якой ляжала запчастка для аўтамабіля. Юрый перадаў пакупку Дзмітрыю і дадаў чэк. Затым ён накарміў ката і вярнуўся да сябра.
– Так, выдатна! – сказаў Дзмітрый, – Тое, што трэба. Добра, што ты сёння з'ездзіў у горад. А то б прыйшлося Галіну прасіць, каб яна забегла ў краму аўтазапчастак пасля працы. Усё роўна ж нейкі час яна чакае аўтобус, сядзіць на аўтавакзале. Але ты ж ведаеш яе, калі купіць яна яшчэ не тое, што трэба, я буду яшчэ вінаваты. І думай потым, як машыну чыніць… А заўтра, дзякуючы табе, я ўжо сваім ходам паеду на работу. А грошы я заўтра ўвечар табе занясу, – казаў Дзмітрый, разглядаючы лічбы на тонкай паперцы зялёнымі вачамі.
Дзмітрый Янчанка паклаў скрыначку ў кішэню, устаў з крэсла. Яму вельмі захацелася ў гараж, да машыны, і таму ён дадаў:
– Ох, дзякуй табе, Юрась. Пайду я ўжо. І табе, мабыць, пара ісці карміць сваіх птушак. А я пабег, а то жонка будзе шукаць мяне, калі я затрымаюся ў цябе. Сказаў ёй, што ненадоўга да цябе. А то падумае, што я Арцёма сустрэў, ды з ім распіваю, – успомніў Дзмітрый адзін такі выпадак, – А яно мне трэба? Зараз галоўнае, мне за вечар машыну адрамантаваць, – выйшаў ён у калідор, – У суботу, можа, унукаў пабачу. Сын жа мой "Джыпа" купіў, так хоча прывезці ўсю сваю сям'ю. Цяпер яму будзе прасцей праехаць па гэтай нашай дарозе-кашы. Так што, заходзь у суботу ў госці, пагаворым. Што ты ўсё дома сядзіш? Добра, ну, я пайшоў, машына мяне чакае, жонка хвалюецца. Яшчэ раз дзякуй за дапамогу! Я сур'ёзна, ты заходзь у госці. Ты ж ведаеш, дзе я жыву, не заблудзішся, – усміхаючыся, Дзмітрый Янчанка пайшоў да дзвярэй.
– І ты заходзь, – праводзіў Юрый.
Янчанка абуўся, выйшаў на ганак, накінуў лёгкі плашч і спусціўся ў двор.
– Вецер падняўся… – спакойна, сабе пад нос, ціха вымавіў ён.
Юрый Люты спыніўся на верандзе. Ён не выходзіў на ганак, стаяў ля адчыненых дзвярэй. Мужчына трохі разгледзеў свой двор, затым кінуў кароткі погляд на цёмнае неба і адчуў восень. Парывы ветру аддзялялі дробныя кропелькі дажджу ад буйных, імжа разляталася ў бакі. Часцінкі вады даляталі да цела Юрыя і пяшчотна ўрэзаліся ў яго адкрытыя ўчасткі цела. Люты адчуў новы прыліў сіл. Пасля стомнай паездкі, яму ўжо не хацелася легчы на мяккі ложак, з'явілася жаданне выйсці пад дождж і хутчэй накарміць сваіх галодных кур. Ён хутка насунуў галёшы, цяжка вярнуў на цела плашч, схаваў галаву капюшонам і выйшаў пад неба, якое, як мора, хутка плыло з-за ўплыву гуллівага ветру.
Дзмітрый Янчанка тым часам выйшаў з двара і чамусьці спыніўся. Ён ужо быў на краі дарогі, але надыходзячы шум прымусіў яго адысці ў бок. Па нешырокай жвіровай вуліцы перад Дзмітрыем ціха праехала чырвона-белая машына хуткай дапамогі. Здавалася, што транспарт дзе-небудзь, ды і ўгразне, але дасведчаны кіроўца спраўляўся з няпростай дарогай. Ён ужо бываў тут і ведаў, дзе і як лепш праехаць.
Юрый падышоў да веснічак і спытаў:
– Да каго гэта?
Дзмітрый павярнуўся да сябра.
– Ну, у нашай вёсцы ўжо ўсе ў гадах! – адказаў ён.
– Ага. Можа, зноўку да Валянціны? – ціха спытаў Юрый, не адводзячы блакітных вачэй ад спалоханага погляду Дзмітрыя.
– Што? – гучна перапытаў Янчанка.
– Кажу, можа, зноўку да Валянціны! Ангеліна вымерала ціск, і Валянціна запанікавала. Вось не вымярала б, дык жыла б спакойна.
– А калі…нехта памёр?!.. – спытаў Янчанка.
– Не мялі, Дзмітрый! Не дай Бог! У вёсцы і так усіх па пальцах можна пералічыць.
– Валянціна ўжо старэнькая, ёй больш нашага… Пайду, разведаю. Калі нешта дрэннае… Патэлефаную табе. Можа, і праўда, у Валянціны ціск! – сказаў Дзмітрый і, як пінгвін, пакрочыў да свайго дому.
Юрый Люты, развітаўшыся з сябрам, пакарміў жывёл і вярнуўся ў дом. Ён хацеў зняць пратэз і прылегчы на ложак, каб адпачыць пасля насычанага дня, але спачатку ён вырашыў патэлефанаваць сваёй стрыечнай сястры Юліі, якая жыла крыху далей па вуліцы. У гэты вечар Юрый занерваваўся, яму хацелася даведацца, ці не прыязджалі ўрачы да яе ці, можа быць, хтосьці з яе суседзяў выклікаў хуткую дапамогу. Юлія Абрамоўская хутка адказала на званок брата. Яна супакоіла ўсхваляванага Юрыя, сказаўшы, што нічога не чула пра бел-чырвоную машыну. Стала зразумела, што машына паехала далей па вуліцы. Пасля размовы пра ўрачоў і ад стомы, у галаве Юрыя з'явіліся сумныя думкі. Ён выпіў адну таблетку і, разважаючы пра адзіноту, паставіў рондаль з вадой на агонь і сеў на крэсла. Яго турбавала, што Дзмітрый Янчанка зноў не спытаў пра яго творчае захапленне. Адзіны сябар проста не цікавіўся тым, што было так важна для Юрыя. Люты адчуў сябе пакінутым, самотным. Сёння, з'яжджаючы ў горад з карцінай, якую ён сам напісаў, Юрый вярнуўся дадому без яе. Ён прадаў карціну, двайную экспазіцыю, якую ён скончыў яшчэ ў чэрвені. Той змрочны жывапіс пра вайну і жыццё, які ўчора хваліў Янчанка, калі прыходзіў да Юрыя і прасіў купіць яму запчастку на аўтамабіль. Тады ж Дзмітрый выдаў пару слоў пра карціну, магчыма, з ветлівасці, магчыма, яму сапраўды яна спадабалася, Юрый не ведаў дакладна. А сёння ўвечары Дзмітрый нават не ўспомніў пра карціну, не спытаў, прадаў яе Юрый ці не.