Салярыс
Шрифт:
— Хэры? — паволi паўтарыла яна яшчэ раз. — Але… я… не Хэры. А хто я?.. Хэры? А ты, ты?!
Нечакана вочы яе расшырылiся, засвяцiлiся, ледзь прыкметная здзiўленая ўсмешка мiльганула па твары.
— Мо i ты таксама? Крыс! Мо ты таксама?!
Са страху я прыцiснуўся спiнай да шафы i стаяў моўчкi. Рукi Хэры апусцiлiся.
— Не, — сказала яна. — Не, бо ты баiшся. Але паслухай, я больш не магу. Нельга так. Я нiчога не ведала. Я i зараз нiчога не разумею. Гэта ж неверагодна? Я, — яна прыхiнула да грудзей сцiснутыя белыя рукi, — нiчога не ведаю, нiчога, я ведаю толькi адно: я — Хэры! Ты думаеш, што я прытвараюся?
Апошнiя словы прагучалi як стогн. Хэры з плачам упала на падлогу. Гэты крык нешта зламаў у мяне, я падскочыў да яе, схапiў за плечы, Хэры супрацiўлялася, адштурхоўвала мяне, плакала без слёз, крычала:
— Пусцi! Пусцi! Я гiдкая табе! Я ведаю! Я не хачу так! Не хачу! Ты ж бачыш, сам бачыш, што гэта не я, не я, не я…
— Маўчы! — крычаў я, трасучы яе.
Мы абое крычалi як звар’яцелыя, стоячы адно перад адным на каленях. Галава Хэры стукалася аб маё плячо. Я з усяе моцы прыцiскаў Хэры да сябе. Раптам мы сцiхлi, цяжка дыхалi. Вада па-ранейшаму капала з крана.
— Крыс… — мармытала Хэры, уцiснуўшыся тварам у мае плячо, — скажы, што я павiнна зрабiць, каб я знiкла, Крыс…
— Перастань! — выгукнуў я.
Хэры падняла галаву, уважлiва паглядзела на мяне.
— Як?.. Ты таксама не ведаеш? Нiчога нельга зрабiць? Нiчога?
— Хэры… злiтуйся нада мной…
— Я хацела… Ты ж бачыў… Не. Не. Пусцi: я не хачу… Не дакранайся да мяне! Табе гiдка.
— Няпраўда!
— Хлусня. Павiнен гiдзiцца. Я… я сама… таксама. Калi б я магла. Калi б я толькi магла…
— Ты забiлася б?
— Ага.
— А я не хачу, разумееш? Не хачу! Я хачу, каб ты была тут, са мной, i больш мне нiчога не трэба!
Вялiзныя шэрыя вочы спынiлiся на мне.
— Як ты хлусiш… — зусiм цiха прамовiла Хэры.
Я адпусцiў яе i ўстаў. Хэры села на падлогу.
— Скажы, што мне зрабiць, каб ты паверыла? Я кажу тое, што думаю. Гэта праўда. Другой праўды няма.
— Ты не мог сказаць мне праўду. Я не Хэры.
— А хто ты?
Яна задумалася. Падбародак у яе задрыжаў. Апусцiўшы галаву, Хэры прашаптала:
— Хэры… але… але я ведаю, што гэта няпраўда. Ты не мяне… кахаў там, даўно…
— Так, — сказаў я. — Тое, што было, мiнулася. Памерла. Але тут я кахаю цябе. Разумееш?
Хэры пакруцiла галавой:
— Ты вельмi добры. Не думай, што я не магу ацанiць усё, што ты зрабiў. Ты стараўся рабiць як мага лепш, але ўсё дарэмна. Тры днi таму ранкам я сядзела каля цябе i чакала, пакуль ты прачнешся. Тады я нiчога не ведала. Мне здаецца, што гэта адбывалася даўно, вельмi даўно. Я была як звар’яцелая. У галаве стаяў нейкi туман. Я не разумела, што было раней, а што — пазней, нiчому не здзiўлялася, як пасля наркозу або пасля цяжкай хваробы. Я нават думала: мо я хварэла, а ты не хочаш мне пра тое сказаць. Але розныя факты ўсё больш i больш наводзiлi мяне на думку. Ты ведаеш, якiя факты. У мяне штосьцi мiльганула ў галаве пасля тваёй размовы там, у бiблiятэцы, з гэтым, як яго, са Снаўтам. Ты мне нiчога не захацеў сказаць, таму я ўстала ноччу i ўключыла магнiтафон. Я падманула цябе адзiн-адзiны раз, а магнiтафон я пасля схавала, Крыс. Той, што гаворыць, як яго завуць?
— Гiбарыян.
— Ага, Гiбарыян. Тады я зразумела ўсё, хоць, калi казаць праўду, па-ранейшаму нiчога не разумею. Я не ведала аднаго: што
— Што ты кажаш, Хэры!
— Так, iнструмент. Для вывучэння тваiх рэакцый. Ну, штосьцi накшталт гэтага. У кожнага з вас ёсць такi… такая, як я. Усё грунтуецца на ўспамiнах або на ўяўленнi… Зрэшты, ты ведаеш лепш, чым я. Ён расказаў такiя страшныя, неверагодныя рэчы, i, калi б усё не супадала, я не паверыла б!
— Што супадала?
— Ну, што мне не трэба спаць i я павiнна быць заўсёды каля цябе. Учора ранiцай я яшчэ думала, што ты мяне ненавiдзiш, i таму была нешчаслiвая. Божухна, якая я была дурная! Але скажы, скажы сам, цi магла я сабе ўявiць?.. Гiбарыян зусiм не ненавiдзеў гэтую сваю, а што ён пра яе гаварыў! Толькi тады я зразумела: што я нi зраблю, не мае нiякага значэння, бо хачу я альбо не хачу, а для цябе гэта ўсе роўна пакуты. Не, нават горай, бо крынiца пакут гэта штосьцi нежывое. Яна нi ў чым не вiнаватая, як i камень, якi можа ўпасцi i забiць. А што крынiца пакут можа хацець дабра i кахаць, гэтага я i ўявiць не магла. Мне хацелася б табе расказаць, што я адчувала пасля, калi зразумела, калi слухала плёнку. Мо табе спатрэбiцца. Я нават паспрабавала запiсаць…
— Таму ты запалiла святло? — спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.
— Так. Але нiчога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш… iх — нешта зусiм iншае, я проста вар’яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьцi такое… што я… што я толькi абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?
— Разумею.
— Калi ноччу ляжыш без сну, да чаго толькi не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж i сам ведаеш…
— Ведаю…
— Але я адчувала сваё сэрца i памятала, што ты зрабiў аналiз маёй крывi. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.
— Такая, як i ў мяне.
— Праўда?
— Клянуся.
— Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно… магчыма, вельмi маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хiтрасць з майго боку, бо я вельмi баялася таго, што хацела зрабiць, i шукала iншага выйсця. Але, Крыс, калi ў мяне такая ж кроў… калi ўсё так, як ты гаворыш, тады… Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такi ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусiм нармальна… i нiчога не ведаю… калi б я гэтым думала, то павiнна была б адразу ўсё ведаць i не кахаць цябе, толькi рабiць выгляд i разумець, што раблю выгляд… Крыс, скажы мне, калi ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабiць?
— Што iменна?
Хэры маўчала.
— Ты хочаш памерцi?
— Бадай што так.
Наступiла цiшыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маiх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя блiскучыя iнструменты, нiбыта шукаў штосьцi вельмi патрэбнае i не мог адшукаць.
— Хэры, можна i мне сказаць?
Яна чакала.
— Так, праўда, ты не зусiм такая, як я. Але гэта не азначае, што ты горшая за мяне. Наадварот. Можаш думаць, што хочаш, але дзякуючы гэтаму… ты не памерла.