Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Пачуўся глухi барытон Савiча. Недзе ўнiзе. Туды ж спусцiўся немец. Галасы сцiхлi. Напэўна, селi вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомнiў, што цэлыя суткi нiчога не еў. Але есцi не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такi Савiч? Зося горача падзякавала, калi я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата i зробiць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабiнет. Чаму? Цi скажа яна яму пра мяне?
Тысячы думак адразу. Яны палiлi мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калi страчу прытомнасць, пачну трызнiць - выдам сябе, выдам яе... I я напружваў усе сiлы...
Сцямнела.
Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далонi i шэпту над вухам:
"Родненькi мой! Што з табой? Гарачка? На, выпi вось гэта. I з'еш".
У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпiў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамi i вермутам. Яна падбадзёрвала:
"Пi, пi. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пiльнавала б цябе. З'еш вось гэта".
У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, вiдаць, трусяцiны.
"Яны селi гуляць у шахматы, бацька i Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я - ад iх. Каб мне застацца з табой, Вiктар. Я пiльнавала б цябе".
Пiтво i ежа падмацавалi. Я зразумеў, чаго яна баiцца. Прыйшлося заспакоiць яе, што я не буду больш стагнаць i крычаць:
"Гэта ў сне. Больш спаць не буду".
Яна бясшумна знiкла. Але пакiнула мне сiлу i заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. I мне не было страшна ў цемры, пад дахам, якi гудзеў i ляскатаў. Каб толькi не залiшнi быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа правалiць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе - пра нас.
Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякiм разе, прытомнасць больш не трацiў.
Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалi па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылi. I я правалiўся ў пустую яму, дзе не было нi сабак, нi гестапаўцаў.
Прачнуўся, калi развiднела. Адчуванне ранiшняе - здаровае. Нават нага не вельмi балела. Больш балеў палец на руцэ, i я доўга не мог успомнiць - ад чаго. У думках - цiшыня. I на двары цiха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явiлася Зося. Прынесла сняданак - кашу, малако, яблыкi. Смачна i многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлiвая, як учора. Паведамiла з болем i смуткам:
"Яны павесiлi адзiнаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылi начальнiка палiцыi", - i таксама з болем.
"Сабаку - сабачая смерць", - не вытрымаў я.
Яна глянула на мяне i... здагадалася:
"Ах! Гэта - вы?!"
Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклiчы: здзiўлення, захаплення, iнтэлiгенцкай грэблiвасцi цi страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзiця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзiн на адзiн з чалавекам, якi можа вось так проста задушыць другога.
"Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброi..."
Гэта было як апраўданне, i самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка i сказала:
"Я хачу ненавiдзець iх, як вы. Хачу i не магу. Грот добры чалавек.
Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкiм лекары.
"Для таго каб ненавiдзець iх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!" - i горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаваннi нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасцi жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцiгадовага хлопчыка, майго суседа, вiна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вулiцы, ён напiсаў на снезе слова "Гiтлер"... I пра барацьбу, якую вялi армiя, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнiя словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо iзалявана. Многiя факты даходзiлi да яе. Але паводзiны бацькi, якога яна любiла i з маленства верыла кожнаму слову яго i ўчынку... А потым гэты Грот. Ён хiтра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасцi ўлад. Але тут жа апраўдваў iх тым, што нiбыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсiх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкiх салдат i чыноўнiкаў вымушаюць улады да такой жорсткасцi. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабiлi б толькi адно: неслi б сваю высокую культуру. Ён многа i часта казаў ёй пра вялiкую культурную мiсiю нямецкай нацыi.
Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такi ўжо ён бяскрыўдны, хiрург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць i вешаюць. Рознiца хiба ў тым, што ён проста разумнейшы за iх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хiтра скоўвалi ланцугамi хлуслiвых слоў i перакананняў. Ператваралi ў чысценькую культурную кухарку. Хацелi, каб у будучым яна ведала толькi тры "К": кiрхен, кюхе, кiндэр. Яны даручылi ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работнiца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот i бацька памагалi ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякiх фашыстаў. Але Савiч... той Савiч, якi ўсё жыццё смела змагаўся з эпiдэмiямi... Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак iрвала ўсе iх путы.
"Якая была б падпольшчыца!" - падумаў я, калi яна мiж iншым расказала пра трусоў i фармалiн.
Мы з ёй гутарылi гадзiны дзве. Потым яна спахапiлася: "Ой, трэба ж абед гатаваць!" Савiч i Грот з'яўлялiся на абед роўна ў гадзiну дня. З нямецкай дакладнасцю.
Пасля абеду мы гутарылi зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахiлялася да мяне, i я адчуваў яе гарачае дыханне. I мне было хораша...
На трэцi дзень ранiцай мяне наведаў сам гаспадар.
– Савiч?
– зноў перапытаў здзiўлены Шыковiч.
– Савiч. Ён з'явiўся нечакана. I не праз люк. Вiдаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвiцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокi i схапiўся за пiсталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: "Не ўздумайце страляць. У мяне мiрны намер". Я схаваў пiсталет пад коўдру, але не выпускаў з рукi.
Савiч наблiзiўся. Сiвы, ссутулены, стары. Зусiм сiвы. З белай-белай галавой. У часе акупацыi я стараўся не трапiць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змянiўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любiлi ў тэхнiкуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. "Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць", - саркастычна падумаў я.