Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.
– Чаму?
– Яго правасхадзiцельства, вiдаць, iншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краiне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.
I раптам, нягледзячы на нецярплiвасць i тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелi нiякага значэння, гаворка iшла пра нейкiя там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, i ён не збiраўся ўступаць.
– Семдзесят пяць пара. Нi на грош болей.
Скрыпач
– Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзiцельства. Я прынiзiў бы сваю прафесiю, калi б запрасiў меней.
Пах чэрствага хлеба i пракiслага вiна ўжо не раздражняў Майета: такi пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносiн выйгрыш цi пройгрыш тут не меў анiякага значэння, - iшла барацьба за пары, а кожная з iх каштавала меней чвэрцi пенса. Майет пераступiў парог купэ, але не сеў.
– Восемдзесят пара.
– Ваша правасхадзiцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзiн дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.
Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.
– Шклянку ракii, ваша правасхадзiцельства.
Майет кiўнуў i, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбiтым краем.
– Восемдзесят пяць пара. Хочаце - пагаджайцеся, хочаце - не.
Яны пiлi i палiлi разам, цудоўна разумеючы адзiн аднаго, i таргавалiся ўсё болей люта.
– Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзiцельства. Я ж усё-такi музыка.
– Восемдзесят шэсць пара - гэта маё апошняе слова.
Трое афiцэраў сядзелi за сталом, келiхi былi ўжо прынятыя. Два салдаты з вiнтоўкамi з прымкнутымi штыхамi стаялi каля дзвярэй. Доктар Цынер з цiкаўнасцю сачыў за палкоўнiкам Хартэпам: апошнi раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калi ён, насуперак правасуддзю, спрытна кiраваў сваiмi iлжэсведкамi. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянiлi ў яго знешнiм выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрылiся на яго скронях, толькi ў куточках вачэй з'явiлася некалькi дабрадушных зморшчыкаў.
– Маёр Петкавiч, - сказаў ён, - прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.
Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.
– Абвiнаваўчае заключэнне?
– спытаў ён.
– Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд?
Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:
– Змоўкнiце!
– Гэта разумнае пытанне, маёр, - сказаў палкоўнiк Хартэп.
– Доктар быў за мяжой. Бачыце, - працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, - мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.
– Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзiцца без папярэдняга следства.
– Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становiшча было абвешчана ўчора на свiтанку, - растлумачыў палкоўнiк
– Маёр Петкавiч, пачынайце.
Маёр Петкавiч пачаў чытаць доўгi, напiсаны ад рукi дакумент, многiя месцы яму цяжка было разабраць.
– "Арыштаваны Рычард Цынер... змова супраць урада... пазбег пакарання за iлжэсведчанне... фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх абвiнавачваецца ў нашэннi зброi. Арыштаваная Корал Маскер абвiнавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада".
– Ён паклаў паперу на стол i сказаў палкоўнiку Хартэпу: - Я не ўпэўнены ў законнасцi складу гэтага суду. Абвiнавачаныя павiнны мець абаронцу.
– Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..
– Не. Суд павiнен складацца, прынамсi, з трох афiцэраў, сама меней.
– Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, - перабiў яго доктар Цынер, гэтыя двое не разумеюць нiводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.
– Гэта не па правiлах, - сказаў маёр Петкавiч.
Начальнiк палiцыi паглядзеў на гадзiннiк.
– Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.
Тоўсты афiцэр кiўнуў, паднёс да рота руку i падмiргнуў Хартэпу.
– Дзевяноста пара.
– Адзiн дынар.
Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся.
– Ну, згодзен. Адзiн дынар. Сёння а дзевятай гадзiне вечара.
Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзiлi з цягнiка, размаўлялi, смяялiся, пацягвалiся. Машынiста акружыў невялiкi натоўп, i ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыi. Хоць наўкол не было вiдаць нiводнага будынка, некалькi сялян ужо з'явiлiся каля цягнiка, яны прадавалi бутэлькi з мiнеральнай вадой i ледзянцы на палачках. Шаша праходзiла паралельна чыгунцы, iх раздзяляла толькi града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавiка гудзеў клаксонам i гучна крычаў:
– Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставiм у Белград!
Гэта была нечуваная цана, i адзiн мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгi гандаль. "Мiнеральныя воды! Мiнеральныя воды!" Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад i ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спiнай нечы голас, якi сказаў па-ангельску:
– Iзноў пойдзе снег.
Ён азiрнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране.
– Не надта весела затрымацца тут, - сказаў ён.
– Спатрэбiцца некалькi гадзiн, пакуль прышлюць другi паравоз. А што, калi паехаць да Белграда на машыне?
– Гэта што, прапанова, запрашэнне?
– У складчыну.
– Але ў мяне няма нi гроша.
Яна абярнулася i памахала рукой:
– Мiстэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплацiце маю долю?
Мiстэр Сейвары локцямi працiснуўся праз натоўп пасажыраў, якiя скупiлiся вакол машынiста.