Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Торуньскі мір 1411 г., які закончыў «вялікую вайну» 1409-1411 гг. Польшчы і Вялікага Княства, з аднаго боку, і Ордэну, з другога, быў толькі перадышкаю. І хаця агрэсія Тэўтонскага ордэну была спыненая, а Жамойць пажыцьцёва перададзеная Вітаўту, але вайна з рыцарамі працягвалася. Толькі ў 1422 г. урэшце Жамойць была канчаткова вызваленая ад нямецкага прыгнёту. Аднак Клайпедзкая зямля (Мэмэль) і Малая Літва (усходняячастка ордэнскай Прусіі) засталіся ў нямецкіх рыцараў. Практычна ў другой чвэрці XV ст. Вялікае Княства Літоўскае, спыніўшы разам з Польшчай нямецкую агрэсію, ужо не вяло антыордэнскай палітыкі.
Больш таго, ордэнскія войскі ўдзельнічалі ў фэадальнай грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. у Літоўскай-Беларускай дзяржаве. Паколькі Сьвідрыгайла вёў барацьбу супраць вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай
Так працягвалася да заключэньня «вечнага міру» Тэўтонскага ордэну з Польшчай 31 сьнежня 1435 г.
Дачыненьні Княства да Польшчы таксама зьмяніліся ў другой чвэрці XV ст. Вітаўт і фэадалы Літоўскае-Беларускае дзяржавы зрабілі спробу абвясьціць яе каралеўствам, г. зн. цалкам роўнай Польшчы. Аднак процідзеянне польскіх фэадалаў і сьмерць Вітаўта ў 1430 г. перашкодзілі гэтаму намеру.
Яшчэ адным кірункам палітыкі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага быў паўднёвы, галоўным чынам, адносіны з татарамі. Пасьля вызваленьня ўкраінскіх земляў войскам ВКЛ з-пад панаваньня татараў (1362 г.) асноўнаю мэтаю на гэтым кірунку быў адпор нападам ардынскіх ханаў. Прадугледжавалася таксама пасоўваньне на поўдзень, у Дзікае Поле. Вялікія князі літоўскія намагаліся выкарыстаць татараў дзеля далучэньня рускіх земляў да сваёй дзяржавы. Яны выстаўлялі сваіх прэтэндэнтаў на сталец у Залатой Ардзе і ў Крыме.
Калі хан Тахтамыш (які ў 1382 г. узяў, разрабаваў і спаліў Маскву разам з Крамлём) быў выгнаны ў 1398 г. з Сарая, сваёй сталіцы, то знайшоў сховішча ў Вітаўта ў Кіеве. У бітве з татарамі на Ворскле 12 жніўня 1399 г., якая скончылася разгромам войска Вітаўта, удзельнічалі і татары Тахтамыша. Выратавалася толькі невялікая частка войска, Вітаўт, ягоны брат Жыгімонт, Сьвідрыгайла, Тахтамыш і ордэнскі комтур Маркварт фон Зальцбах.
Параза на Ворскле прыпыніла на доўгі час актыўную палітыку Вітаўта на паўднёвым захадзе. Літоўскія-беларускія войскі за Дон ужо не заходзілі. Але ў Дзікім Полі, на бязьлюдных прасторах Паўночнага Прычарнамор'я калянізацыйная палітыка працягвалася. На пачатку XV ст. да Літоўскай-Беларускай дзяржавы далучылася тэрыторыя на поўдзень ад Падоліі і Кіеўскай зямлі - паміж Днястром і Дняпром.
У 1410-1411 гг, на беразе Чорнага мора былі пабудаваныя фартэцыя і рынак. Літоўская-Беларуская дзяржава на пэўны час сталася дзяржавай «ад мора і да мора». Выхад да Чорнага мора даў магчымасьць вялікаму князю літоўскаму ўстанавіць трывалыя сувязі з Малдовай.
Зноў актывізавалася палітыка ў дачыненні да Залатой Арды. Вітаўт выкарыстаў татарскае войска Джалал-ад-дзіна, старэйшага сына Тахтамыша, у бітве пры Грунвальдзе, а потым даў яму сваё дапаможнае войска, і Джалал-ад-дзін заняў золатаардынскі сталец пад пратэктаратам Вітаўта.
У 1423 г. хан Улуг-Мухамэд быў разьбіты сваім ворагам Барак-ханам і ўцёк да Вітаўта. Зьявіўся ён у Вільні ў канцы 1424 г., атрымаў ад Вітаўта дапамогу і згуртаваў свае сілы. У 1426 г. Улуг-Мухамэду ўдалося адваяваць у Барак-хана Сарай і ўзнавіць сваё панаваньне ў Ардзе. Пры падтрымцы Вітаўта Ўлуг-Мухамэд у 1428 г. пашырыў сваю ўладу на Крым. Такая палітыка Вітаўта аслабляла Залатую Арду, якая ўжо занепадала. Вялікі князь літоўскі і рускі такім чынам прадухіляў напады татараў на ўкраінскія і свае самыя ўсходнія землі.
Пасьля сьмерці Вітаўта і на паўднёвым кірунку дыпляматычныя справы Вялікага Княства Літоўскага пагоршыліся. У грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. татарскія аддзелы выкарыстоўвалі і Сьвідрыгайла, і Жыгімонт Кейстутавіч. Але ў асноўным хан Саід-Ахмэд дапамагаў Сьвідрыгайлу. У канцы 30-х і ў 40-я гг. XV ст. гэты хан ужо выступаў на баку Жыгімонта Кейстутавіча, а пасьля ягонага забойства стаяў за Жыгімонтавага сына Міхайлушку супраць вялікага
У процівагу Саіду-Ахмэду Казімір і паны-рада вылучалі аднаго з нашчадкаў Чынгіс-хана. У 1449 г. у Кіеве на парадзе прадстаўнікоў Казіміра з крымскімі татарскімі мурзамі было зацьверджана пагадненьне аб прыняцьці ў Крыме за хана Хаджы-Гірэя, родапачынальніка крымска-татарскае дынастыі. Так Казімір стварыў на паўднёвай мяжы Літоўскага-Беларускага гаспадарства татарскі ўлус з сваім ханам, Казіміравым стаўленікам, ён аслабіў Залатую Арду і накіраваў крымскіх татараў супраць Маскоўскага вялікага княства. Аднак празь некаторы час Крымскае ханства ператварылася з саюзьніка ў ворага. 3 гледзішча пэрспэктывы дапамога крымскім татарам у стварэньні сваёй дзяржавы была стратэгічнаю памылкаю вялікіх князёў літоўскіх.
Наступны пэрыяд у гісторыі геапалітыкі незалежнай Літоўскай-Беларускай дзяржавы - гэта другая палова XV - першая палова XVI ст. Ягоныя асноўныя рысы - абарона палітычных пазыцыяў і страта часткі тэрыторыяў на Ўсходзе на карысьць Маскоўскае дзяржавы, з аднаго боку, і больш шырокі выхад на Захад, на эўрапейскую арэну, з другога.
Асноўныя кірункі зьнешнепалітычнай дзейнасьці Вялікага Княства Літоўскага засталіся ранейшыя. Але адбыліся і зьмены. Была зьнятая пагроза заваёвы земляў ВКЛ нямецкімі рыцарамі. На руінах Залатой Арды паўстае Маскоўская дзяржава, якая будавала ўжо цэнтралізаваны апарат улады, і таксама агрэсіўнае Крымскае ханства.У гэты пэрыяд Літоўская-Беларуская дзяржава змушаная была значна больш займацца ўсходняю палітыкай, чым заходняю.
Адносіны з Польшчай заставаліся саюзнымі. Амаль увесь час вялікі князь літоўскі выбіраўся і каралём польскім (за выключэньнем пэрыяду 1492-1501 гг., калі манархі былі розныя). Але інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў не супадалі і часам дыпляматыя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага мела канфлікты з польскай дыпляматыяй (з-за Валыні, у дачыненьні да крымскіх татараў, да Тэўтонскага ордэну).
Адносіны Вільні з Масквою ў другой палове XV ст. сталіся напружанымі з-за Ноўгарада і Пскова, куды вялікі князь Казімір на просьбы наўгародцаў і пскавічоў ставіў князёў. Масква глядзела на гэта вельмі непрыхільна. Пагроза для Ноўгарада Вялікага страціць самастойнасьць і цалкам падпарадкавацца маскоўскаму вялікаму князю ўзмацняла ў наўгародзкіх баяраў імкненьне да саюзу зь Літоўскаю-Беларускаю дзяржаваю. Дзяржаўны лад яе, з палітычнымі і імунітэтнымі правамі фэадалаў, больш адпавядаў дзяржаўнаму ладу Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі, чым маскоўская ўлада, заснаваная на цэнтралізацыі і самаўладзьдзі вялікага князя. Да таго ж Казімір падтрымліваў баярскае кіраваньне ў Ноўгарадзе і абмяжоўваўся меншымі патрабаваньнямі, чым маскоўскі вялікі князь, які лічыў, што Ноўгарад - гэта ягоная «вотчына». У Ноўгарадзе між баярства існавала моцная групоўка незалежнікаў, (так званая «літоўская партыя») на чале з удавою пасадніка Марфай Барэцкай і ейнымі сынамі. «Літоўская партыя» выступала супраць «маскоўскай партыі», што імкнулася падпарадкавацца Маскве, бо была зьвязаная зь ёю эканамічнымі інтарэсамі, або стаяла ў апазыцыі незалежнікам. Кіроўная баярская групоўка абапіралася на пэўныя колы пасадзкага насельніцтва, якія таксама намагаліся захаваць незалежнасьць Ноўгарада. Баярская групоўка на чале з Марфай Барэцкай заявіла на вечы:
«Не хотим за великого князя Московского, ни зватися отчиною его; вольные есьмы люди Великий Новгород, а Московский князь великий многие обиды и неправду над нами чинит; но хотим за короля Польского и великого князя Литовского Казимира».
У лістападзе 1470 г. Ноўгарад запрасіў у якасьці князя-кармленшчыка (а практычна намесьніка Казіміра) слуцкага князя Міхаіла Алелькавіча, павадыра апазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але гэты князь ня здолеў аб'яднаць розныя групоўкі, ня меў падтрымкі з боку Казіміра і мусіў зьехаць з Ноўгарада ў сакавіку 1471 г. Тым ня менш у красавіку 1471 г. пасольства Ноўгарада ў Вільні падпісала дамову («даканчальную» грамату), паводле якой вызначаліся правы намесьніка Казіміра ў Ноўгарадзе і самога вялікага князя, які быў абавязаны абараняць Ноўгарад ад Масквы. Аднак правы вялікага князя літоўскага былі моцна абмежаваныя, а абавязкі наўгародцаў перад вялікім князем - сьціплыя. Наўгародзкія баяры хацелі танна купіць ягоную вайсковую дапамогу.