Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Пасьля гэтага кароль Жыгімонт і група магнатаў ды шляхты прапанавалі далучыць Маскоўскае царства да Рэчы Паспалітай як трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі, побач з Польшчаю і Літоўскаю-Беларускаю дзяржаваю. У крайнім выпадку яны згаджаліся на зьвяз з Масквою, але з царом, які быў бы абавязаны ім тронам, або з каралевічам польскім у якасьці цара.
Магнаты й шляхта пераважна падтрымалі кандыдатаў на маскоўскі трон Ілжэдзімітрыя І ды Ілжэдзімітрыя II, выхадца ці то з Магілева, ці то са Шклова. Урэшце, у 1609 г., Жыгімонт распачаў вайну з Маскоўскаю дзяржаваю, бо цар Васіль Шуйскі запрасіў у Масковію для барацьбы з тушынцамі, прыхільнікамі Ілжэдзімітрыя ІІ, швэдзкі корпус Я. Дэлягардзі. Гэта быў акт супраць Жыгімонта Вазы, які ўперад меў тытул і караля Швэцыі.
Дэтранізаваны сваім дзядзькам Карлам IX і лютаранскім дваранствам, ён працягваў барацьбу за швэдзкі пасад. Вайна прывяла да заваёвы Смаленска й Северскай зямлі ды часовага абвешчаньня (1610-1612 гг.) Жыгімонтавага сына каралевіча Ўладзіслава маскоўскім
Прычыны няўдалых паходаў на Масковію - ня толькі ў нягнуткай палітыцы да Масквы, але і заўсёдная занятасьць на поўдні краю - дачыненьні з Аўстрыяй, Малдовай, Крымам. Жыгімонт Ваза дзеля свайго ўльтракаталіцызму падтрымліваў германскага імпэратара ў яго барацьбе супраць Чэхіі й Трансыльваніі.
Якраз у першым пэрыядзе Трыццацігадовай вайны ў Эўропе (1618-1648 гг.) адбывалася чэскае паўстаньне супраць Габзбургаў, імпэратараў Германіі і ўладароў Аўстрыі. Жыгімонт Ваза падтрымаў імпэратара, хаця гэта не адпавядала стратэгічным інтарэсам дзяржавы. Варожае стаўленьне да князя Трансыльваніі Габрыеля Баторага (Габара Батары) прывяло да пагаршэнньня дачыненьняў з Турцыяй. Паколькі Габрыель Баторы меў падтрымку турэцкага султана, то на Ўкраіну і паўднёвыя ваяводзтвы Польшчы пачалі нападаць крымскія татары. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. у бітве ля Цацоры (цяпер Тутора ў Румыніі, недалёка ад Ясаў) польскае войска разьбілі туркі. Наступным годам пад Хоцімам (цяпер Чарнавіцкая вобласьць Украіны) адбыўся рэванш. Тут дзейнічалі польскія, літоўскія-беларускія войскі і ўкраінскія казакі пад агульнаю камандаю гетмана Яна Караля Хадкевіча. Але і гэтую перамогу кароль Жыгімонт таксама ня выкарыстаў - дзеля сваёй нерашучасьці.
У 1621-1629 гг. адбылася чарговая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. Ваенныя дзеяньні ішлі ў Прыбалтыцы - на тэрыторыі Ліфляндыі, Курляндыі й Прусіі. У іх брала ўдзел і літоўскае-беларускае войска з гетманам польным літоўскім Крыштафам Радзівілам. У 1622 г. яно адбіла ў швэдаў Мітаву (цяпер Ёлгава). Швэдзкі кароль Густаў ІI Адольф у 1625 г. нават захапіў цьвердзь Біржы. Войска ВКЛ ўзначаліў гетман вялікі літоўскі Леў Сапега.
17 студзеня 1626 г. ля Вальмойзы (паміж Мітавай і Кокенгаўзэнам) Станіслаў Сапега, гетманаў сын, прайграў бітву каралю Густаву Адольфу. У 1627 г. было заключана замірэньне, а 26 верасьня 1629 г. і мір у Альтмарку. Тэрыторыя Ліфляндыі з Рыгай адышла да Швэцыі. У Рэчы Паспалітай засталася Латгалія (Інфлянты) і васальная Курляндыя.
Кароль Жыгімонт памёр у 1632 г. Пры канцы жыцьця ён быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх плянаў. Палітыка Жыгімонта шмат у чым вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, ейныя паразы ў войнах сярэдзіны XVII ст. і зьмяншэньне вагі ў эўрапейскім палітычным жыцьці. Лёс фэдэрацыі падзяляла і наша зямля. Новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны старэйшы Жыгімонтаў сын Уладзіслаў, якога нават у Польшчы называлі паводле нашага старажытнага звычаю Ўладзіславам Зыгмунтавічам. Пачатак ягонага кіраваньня быў незайздросны. Карыстаючыся міжкаралеўем, цар Міхаіл Раманаў распачаў у 1632 г. вайну, каб вярнуць Смаленск, абложаны маскоўскім войскам. У жніўні 1633 г. да горада падышоў са сваім войскам кароль. Літоўскае-беларускае й польскае войска ды ўкраінскія казакі абкружылі маскоўцаў. Тыя капітулявалі. Але Рэч Паспалітая не магла выкарыстаць перамогі з-за напружанасьці і пагрозы вайны з Турцыяй. У чэрвені 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі мір. Ён зацьвердзіў умовы Дзявулінскага замірэньня, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе ВКЛ. Аднак Уладзіслаў мусіў адмовіцца ад тытулу маскоўскага цара і вярнуць арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб ягоным абраньні царом. А Масковія адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Лівонію (Інфлянты). Гэты мір быў названы «вечным мірам», бо паслы абодвух бакоў урачыста абяцалі, што больш ніколі іхныя дзяржавы ня будуць ваяваць адна супраць аднае.
Але «вечны» мір цягнуўся толькі 20 гадоў.
Пераломным момантам у гісторыі Рэчы Паспалітай сталіся казацкія войны. Нутраны чыньнік палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай ператварыўся ў вонкавы. На ўсходніх землях Украіны ў выніку вызваленчай вайны запароскага казацкага войска на чале з гетманам Багданам-Зіновіем Хмяльніцкім, а таксама сялянаў і гараджанаў утварылася ўкраінская дзяржава
У сваю чаргу літоўскае-беларускае шляхоцкае войска на чале з гетманам польным Янушам Радзівілам толькі пасьля падаўленьня казацка-сялянскіх паўстаньняў на поўдні сучаснай Беларусі змагло ўрэшце ў 1651 г. нанесьці ўдар украінскаму казацтву і заняць Кіеў, чаго, дарэчы, так і ня здолелі зрабіць каронныя (г. зн. польскія) войскі.
У вайне 1654-1667 гг., што распачала супраць Рэчы Паспалітай Масковія, гетманская Ўкраіна выступіла хаўрусьніцай апошняй. За дзьве ваенныя кампаніі 1654 і 1655 гг. маскоўскіяскія войскі і ўкраінскія казакі захапілі большую частку сучаснай Беларусі, за выняткам Берасьцейскага павету, часткі Наваградзкага, Віленскага й Троцкага ваяводзтваў і гарадоў-цьвердзяў Слуцка й Быхава. Занятыя былі Вільня, Трокі й Коўна. Гэтая тэрыторыя была далучана да Масковіі, адкуль кіравалася новаўтвораным там Прыказам Вялікага Княства Літоўскага.
Цар маскоўскі і «ўсяе Русі» Аляксей Міхайлавіч абвесьціў сябе вялікім князем Літоўскім. Толькі ў самых заходніх раёнах ВКЛ шляхоцкае войска пад камандаю гетмана П. Сапегі працягвала барацьбу з маскоўскім войскам. У лістападзе 1656 г. паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай было заключана замірэньне.
У 1655 г. Швэцыя напала на Рэч Паспалітую. За тры месяцы яна заняла амаль усю тэрыторыю Польшчы, апроч яе ўсходніх раёнаў. Швэдзкая армія зь Ліфляндыі на чале з Габрыелем-Магнусам Дэлягардзі заняла Дынабург (Даўгаўпілс) і Жамойць. Гетман вялікі літоўскі Януш Радзівіл, слуцкі князь Багуслаў Радзівіл і прадстаўнікі часткі шляхты, пераважна кальвінісцкага веравызнаньня, 20 кастрычніка 1655 г. падпісалі ў радзівілаўскім горадзе Кейданах акт дзяржаўнай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Швэцыяй. Швэдзкі кароль (лютаранін) Карл Х Густаў абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Акт вуніі падпісалі 1135 чалавек. Аднак дзеяньне Кейданскае дамовы 1655 г. пашыралася толькі на акупаваную швэдамі тэрыторыю, дый кароль Швэцыі на гэтую дамову не зважаў. Я. Радзівіл і ягоныя прыхільнікі адступілі ў Падляшша, дзе Радзівіл неўзабаве памёр. Практычна дзяржаўная вунія з Швэцыяй не атрымалася. Вясной 1656 г. шляхта паўстала й выцесьніла зь Літвы швэдзкія гарнізоны. Тое ж самае адбылося ў Польшчы, толькі барацьба там зацягнулася да 1660 г.
Масковія, у сваю чаргу, у 1656 г. пачала вайну з Швэцыяй за Прыбалтыку, але, нічога не дабіўшыся, заключыла ў 1658 г. замірэньне, а праз 3 гады мір. Зьмянілася становішча на Ўкраіне й ВКЛ. Украінскія казакі ў ВКЛ мелі канфлікт з маскоўскімі ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць землі сучаснай Беларусі да Ўкраіны. Але маскоўскі ўрад не пагадзіўся на іхныя прэтэнзіі. Тады ў верасьні 1658 г. гетман Украіны Іван Выгоўскі і ўкраінская старшына адмовіліся ад зьвязу з Масковіяй і заключылі дамову з Рэччу Паспалітаю аб уваходжаньні Ўсходняй Украіны (Княства Рускага) у склад Рэчы Паспалітай як трэцяга складніка фэдэрацыі. Цяпер украінскія казакі ваявалі і ў ВКЛ разам з польска-беларускімі аддзеламі супраць маскоўскіх войскаў. Праўда, у кастрычніку 1659 г. новы гетман Украіны Юры Хмяльніцкі зноў падпісаў дамову аб уваходжаньні аўтаномнай Усходняй Украіны ў склад Масковіі. Пасьля гэтага ўкраінскія казакі былі выведзеныя з тэрыторыі ВКЛ. Такім чынам, аб'яднаньня прыдняпроўскай часткі сучаснай Беларусі й Палесься, з Украінаю не адбылося.
Літоўскія-беларускія і польскія войскі (таксама дзякуючы паўстаньням жыхароў Магілева ды іншых гарадоў) выгналі маскоўцаў з земляў ВКЛ. У студзені 1667 г. вайна, у выніку якой загінуў кожны другі жыхар, скончылася Андрусаўскім замірэньнем. Хоць Літва-Беларусь вызвалілася з-пад акупацыі, але Смаленскае ваяводзтва засталося пад Масковіяй, таксама як і Левабярэжная Ўкраіна.
Да канца XVII ст. войнаў з Вялікім княствам Маскоўскім не было. Нягледзячы на часовую перамогу, яна не змагла ўтрымаць землі ВКЛ. Рэч Паспалітая здолела адрадзіцца й даць адпор ажно тром заваёўнікам - Масковіі, Швэцыі й Трансыльваніі. Масковія ж мусіла перайсьці да мірных дачыненьняў з Рэччу Паспалітаю і нават да вайсковага зьвязу зь ёю супраць Крымскага ханства й Турцыі, пагроза якой для краінаў Усходняй Эўропы зноў павялічылася. Рэч Паспалітая ня мела сілы, каб ваяваць супраць Масковіі. Яна зьмірылася з стратаю Смаленскага ваяводзтва, Кіева й Левабярэжнай Украіны. У траўні 1686 г. была падпісаная дамова аб «вечным міры» паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай. Гэтая дамова давала цару магчымасьць умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Таму сойм не зацьвердзіў яе. Гэта зрабіла толькі канфэдэрацыя прыхільнікаў Пятра І у 1710 г., падчас Паўночнай вайны. У 9-м артыкуле дамовы 1686 г. гаварылася, што кароль цэрквам, манастыром і брацтвам «Грэцкай веры і ўсім тым людзям, якія ў Каруне Польскай і ў Вялікім Княстве Літоўскім у той жа веры застаюцца, ніякага ўціску і да веры рымскай і да вуніі прымусу рабіць ня будзе…» Хоць у дакуманце не абмаўлялася права цара ўмешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай, аднак царызм надалей выкарыстоўваў сэнс памянёнага артыкула для сваіх мэтаў.