Чтение онлайн

на главную

Жанры

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:
Першая Сусьветная вайна і незалежнасьць Беларусі

Геапалітычнае становішча Беларусі не зьмянілася да пачатку XX ст. Новая сытуацыя для нашай краіны склалася падчас першай сусьветнай вайны. Ваенныя дзеяньні на фронце паміж германскімі й расейскімі войскамі ў 1914 г. адбываліся на тэрыторыі Польшчы. Улетку 1915 г. фронт пачаў набліжацца да Беларусі.

Германскае камандаваньне зьбіралася абкружыць групоўку расейскіх войскаў у Польшчы і такім чынам пераможна скончыць вайну. Аднак расейскае камандаваньне пастанавіла вывесьці свае войскі з аблогі і выраўнаць лінію фронту ад Нарава да Берасьця й Ковеля. Асноўнаю задачаю Заходняга фронту расейскай арміі было замацавацца ў раёнах Горадні, Беластока і да Берасьця, а таксама прыкрываць шляхі на Беларусь. Аднак на пачатку верасьня 1915 г. германскія войскі перайшлі ў наступ, прарвалі лінію на стыку Паўночнага і Заходняга франтоў і ўдарылі на

Сьвянцяны (Сьвянцянскі прарыў), куды кінулі стратэгічную коньніцу. У выніку далейшага германскага наступу і адступленьня расейскіх арміяў апошнія ў кастрычніку 1915 г. замацаваліся на лініі Дзьвінск - Вялейка - Баранавічы - Пінск і далей да Валыні. Гэтая лінія фронту заставалася амаль нязьменная да лютага 1918 г., падзяліўшы Беларусь на зону, акупаваную германскімі войскамі, і на ўсходнюю частку, якая сталася бліжэйшаю і далейшаю прыфрантавою паласою расейскіх арміяў. Тым самым тэрыторыя Беларусі зноў такі адыгрывала ролю стратэгічнага перадпольля для расейскіх губэрняў імпэрыі.

У адрозьненьне ад расейскай прыфрантавой зоны зь яе ваенна-паліцэйскім рэжымам, у нямецкай зоне акупацыі была дазволеная дзейнасьць нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку беларускіх, што паўплывала на далейшае разьвіцьцё беларускага адраджэнцкага руху. Нямеччына, зыходзячы ня толькі з задачаў сваёй усходняй палітыкі падтрымкі нацыянальных рухаў пад нямецкім кантролем, але і з мэтаю аслабіць праціўніка, абмежавана падтрымала і беларускі нацыянальны рух, не даючы яму ані тэрытарыяльнага самакіраваньня, ані якіх-небудзь палітычных абяцанак.

Становішча зьмянілася ў выніку падпісаньня Берасьцейскае мірнае дамовы 3 сакавнка 1918 г. Не зважаючы на спробы Беларускага нацыянальнага сакратарыяту ўзяць удзел у берасьцейскіх мірных перамовінах, абодва бакі - і расейскі, і германа-аўстрыйскі з саюзьнікамі - не прызналі за прадстаўнікамі беларускага народу права на самавызначэньне і не прынялі беларускую дэлегацыю.

Паводле ўмоваў Берасьцейскага мірнага пагадненьня, Расея адмаўлялася ад вярхоўнай улады над тэрыторыямі на захад ад абумоўленай лініі (артыкул 3-і). У дамове пісалася:

«Расея адмаўляецца ад усялякага ўмяшаньня ў нутраныя справы гэтых абшараў. Германія і Аўстра-Вугоршчына маюць намер вызначыць наступны лёс гэтых абшараў пасьля кансультацыі зь іхным насельніцтвам».

Новая расейская мяжа ішла па Дзьвіне да Друі, пакідаючы з расейскага боку Друю, Браслаў, Відзы, Паставы, Ашмяны, Дзевянішкі, потым па Нёмане на захад ад Наваградка, на захад ад Слоніма, Ружанаў, Пружанаў і на поўнач ад Берасьця, дзе мяжа абрывалася, бо далей ішла ўжо тэрыторыя Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. Усталёўвалася таксама ўсходняя мяжа Эстляндыі й Ліфляндыі. Такім чынам, самую заходнюю частку Беларусі зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Ваўкавыскам і Беластокам Расея аддала Германіі і Аўстра-Вугоршчыне для далейшага вызначэньня ейнай дзяржаўнай прыналежнасьці. Значная ж частка тэрыторыі Беларусі была захопленая нямецкімі войскамі падчас наступу з 18 лютага 1918 г. і да падпісаньня дамовы. Яна сталася зонаю часовай нямецкай акупацыі да заключэньня ўсеагульнага міру (г. зн. да сканчэньня сусьветнай вайны) і канчатковай расейскай дэмабілізацыі (артыкул 4-ы).

На акупаваных землях знаходзіліся Полацак, Ворша, Магілеў, Гомель. І толькі ў расейска-германскай дадатковай дамове ад 27 жніўня 1918 г. гаварылася:

«Германія ачысьціць яшчэ да заключэньня ўсеагульнага міру занятую на ўсход ад Бярэзіны тэрыторыю паралельна наяўным складкам, якія Расея мае плаціць паводле артыкула 2-га расейска-германскага фінансавага пагадненьня».

Г. зн. з пачатку выплаты Германіі 6 мільярдаў марак рэпарацыяў. Нямецкія войскі пачалі адступаць у кастрычніку 1918 г. ад Магілева і Воршы.

Аднак у Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г., і Ленін, скарыстаўшы гэта, правёў пастанову УЦВК (ВЦМК) аб ануляваньні Брэст-Літоўскае дамовы. Такім спосабам узнавілася расейская юрысдыкцыя над аддадзенымі Нямеччыне тэрыторыямі. Расейскі савецкі ўрад не прызнаў Беларускае Народнае Рэспублікі і па-ранейшаму ўважаў гэтыя землі за свае.

Утварэньне БССР на тэрыторыі Заходняй Камуны на зьезьдзе Кампартыі Беларусі было вымушаным крокам. 3 аднаго боку, з 25 сакавіка 1918 г. існавала Беларуская Народная Рэспубліка; з другога - беларусы-камуністы, што знаходзіліся на тэрыторыі Расеі, патрабавалі стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі накшталт іншых нацыянальных савецкіх рэспублік, у тым ліку і ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне. І зьезд КП(б)Б вызначыў тэрыторыю навастворанай БССР у межах Менскай, Магілеўскай і Горадзенскай губэрняў, большай часткі Віцебскай губэрні (бяз трох латгальскіх паветаў), Смаленскай губэрні (без чатырох усходніх паветаў), частку Нова-Аляксандраўскага павету Ковенскай губэрні,

а таксама Вялейскі, частку Сьвянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губэрні і чатыры паветы Чарнігаўскай: Сураскі, Мглінскі, Старадубскі й Навазыбкаўскі.

Гэтая савецкая рэспубліка праіснавала ў сваіх вялікіх межах, улучна са Смаленскаю й часткаю Чарнігаўскай губэрняў, толькі два тыдні.

16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) на чале зь Леніным прыняў рашэньне вылучыць са складу БССР тэрыторыю Смаленскай, Віцебскай і Магілеўскай губэрняў, пакінуўшы толькі дзьве - Менскую і Горадзенскую. Цэнтральнае Бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі 22 студзеня дало згоду на зьмену мяжы з РСФСР. 3 лютага 1919 г. усходнія тэрыторыі - Віцебская, Магілеўская і Смаленская губэрні - адным росчыркам пяра былі забраныя ў склад РСФСР, а 28 лютага 1919 г. астатняя тэрыторыя БССР сумесным рашэньнем ЦВК Літвы й Беларусі аб'ядноўвалася з маленькаю тэрыторыяй Літоўскай ССР; утварылася новая марыянэткавая дзяржава - Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел), у складзе якой быў толькі самы ўсходні акрайчык літоўскай тэрыторыі, г. зн. той, дзе стаялі аддзелы Чырвонай Арміі. Амаль уся Літва была пад юрысдыкцыяй дэмакратычнага ўраду незалежнай Літвы.

Абвешчаньне савецкіх нацыянальных рэспублік праходзіла без усялякіх кансультацыяў з насельніцтвам і было чыста фармальным актам. Абвешчаньне БССР адбылося наагул на партыйным зьезьдзе адной толькі партыі - бальшавіцкай, а не на зьезьдзе Саветаў. Такім чынам, нават фармальнасьць не захоўвалася. Гэтая рэспубліка стваралася як буфэрная, каб пазьбегнуць непасрэдных канфліктаў паміж РСФСР і ўзноўленаю Польшчай.

Такім жа чынам, імгненна, як узьнікалі, гэтак і ліквідоўваліся нацыянальныя савецкія рэспублікі - рашэньнем Леніна, ЦК РКП(б) і ўраду РСФСР, якія ён узначальваў. Незаўважна перастала існаваць і ЛітБел, калі падчас савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Беларусь захапілі польскія войскі, якія ў жніўні 1919 г. занялі прастору да Бярэзіны. Літоўскія войскі акупавалі паўночны захад гэтай тэрыторыі. Апарат ураду ЛітБел быў ліквідаваны бальшавіцкімі ўладамі, а сама рэспубліка скасаваная безь якога-небудзь заканадаўчага акту. ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі сваёй назвы не зьмяніў і пераехаў у Смаленск. Яму было даручана празь Бюро нелегальнай работы пры ЦК кіраваць на тэрыторыі Беларусі барацьбою чырвоных (камуністычных) партызанаў супраць польскіх уладаў і войскаў. І ЛітБел таксама стваралася як буфэрная рэспубліка паміж РСФСР і Польшчай; калі ж яна адыграла сваю ролю, была ліквідаваная кіраўніцтвам кампартыі і ўраду РСФСР.

У 1919-1920 гг. нашая краіна заставалася аб'ектам геапалітыкі суседніх (і ня толькі суседніх) дзяржаваў. Урад РСФСР пасьля ліквідацыі ЛітБел лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю. Пра гэта сьведчаць шматлікія штампы й пячаткі рэўкамаў на дакумантах, падрыхтаваныя ў штабе Заходняга фронту ў Смаленску. Рэўкамы былі часоваю савецкаю ўладаю пасьля заняцьця Беларусі. Яны прызначаліся камандаваньнем Чырвонай арміі. Усе штампы й пячаткі мелі надпісы, напрыклад, «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР» і г. д. Урад Леніна лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю (пра БССР ужо забыліся) падчас мірных перамовінаў з урадам Літоўскай рэспублікі ў Коўне. Каб перацягнуць Літву і яе дзьве дывізіі на свой бок ды скіраваць супраць Польшчы, урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову зь Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй і Літвой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, у 30 км ад Горадні (якая перадавалася Літве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку (прычым мяжа йшла па ўскраінных вуліцах Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркаўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку. Менавіта гэтую расейска-літоўскую мяжу паказваюць апошнімі гадамі на шматлікіх мапах у Літве.

Гэтаксама без удзелу ўраду зноў створанай 31 ліпеня 1920 г. БССР на мірных перамовінах у Рызе ў 1920-1921 гг. была ўсталяваная дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР. Хоць А. Чарвякоў і прысутнічаў у Рызе як экспэрт расейскай дэлегацыі (і, такім чынам, не прадстаўляў БССР), але да 19 лістапада кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофэ не дапускаў яго да ўдзелу ў перамовінах. Пад папярэдняю расейска-ўкраінска-польскаю дамоваю 12 кастрычніка 1920 г. стаяць подпісы чатырох членаў савецкай дэлегацыі: А. Іофэ, С. Кірава, Дз. Мануільскага і Л. Абаленскага. Пад мірнаю дамоваю 18 сакавіка 1921 г. паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай - з другога, што вызначыла канчатковую дзяржаўную мяжу Польшчы з БССР і ЎССР, - подпісы пяці сябраў савецкай расейска-ўкраінскай дэлегацыі - А. Іофэ, Я. Ганецкага, Э. Квірынга, Ю. Кацюбінскага і Л. Абаленскага. Праўда, у ёй гаворыцца, што ўрад РСФСР упаўнаважыў дэлегацыю падпісаць дамову за сябе і за ўрад БССР.

Поделиться:
Популярные книги

Восход. Солнцев. Книга XI

Скабер Артемий
11. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга XI

Газлайтер. Том 5

Володин Григорий
5. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 5

Темный Охотник

Розальев Андрей
1. КО: Темный охотник
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Охотник

Гром над Тверью

Машуков Тимур
1. Гром над миром
Фантастика:
боевая фантастика
5.89
рейтинг книги
Гром над Тверью

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Безродный

Коган Мстислав Константинович
1. Игра не для слабых
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Безродный

Черный Маг Императора 6

Герда Александр
6. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 6

Счастливый торт Шарлотты

Гринерс Эва
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Счастливый торт Шарлотты

На три фронта

Бредвик Алекс
3. Иной
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
На три фронта

На границе империй. Том 7. Часть 3

INDIGO
9. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.40
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 3

Возвышение Меркурия. Книга 2

Кронос Александр
2. Меркурий
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 2

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Мастер Разума V

Кронос Александр
5. Мастер Разума
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума V

"Фантастика 2023-123". Компиляция. Книги 1-25

Харников Александр Петрович
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2023-123. Компиляция. Книги 1-25